Надзею Саўчанку перавялі са шпіталя ў СІЗА
4- 30.04.2015, 15:47
- 3,907
Украінскую лётчыцу, народнага дэпутата ад «Бацькаўшчыны» Надзею Саўчанку сёння перавялі са спецблока 20-й гарадской лякарні Масквы назад у СІЗА.
Пра гэта ТАСС паведамілі ў прэс-бюро Федэральнай службы выканання пакаранняў Расеі.
«Лекарамі-спецыялістамі 20-й гарадской лякарні было праведзена поўнае медыцынскае абследаванне абвінавачванай Надзеі Саўчанкі. Паводле вынікаў правядзення агляду і клініка-лабараторных і інструментальных даследаванняў медычны кансіліум ацаніў стан здароўя Надзеі Саўчанкі як здавальняючы. Адхіленняў у паказчыках не выяўлена. Кансіліум пацвердзіў правільнасць тактыкі вядзення пацыента, якая праводзілася лекарамі шпіталю медыка-санітарнай часткі ФСВП Расеі, - адзначылі ва ФСВП. - Так як неабходнасць знаходжання Саўчанкі ў гарадской лякарні адсутнічае, яна пераведзеная ў медыка-санітарную частку СІЗА-1 Масквы (лякарня пры СІЗА «Матроская цішыня»).
У сваю чаргу, галоўны лекар 20-й гарлякарні Андрэй Крапівін заявіў, што ўкраінка «была ўсебакова абследаваная з ужываннем высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі». «У працэсе правядзення кансіліума пацверджана, што стан Саўчанкі здавальняючы, у сувязі з чым пацыентка можа знаходзіцца пад наглядам медыкаў СІЗА», - сказаў ён.
Надзея Саўчанка, якая служыла ў Добраахвотніцкім батальёне «Айдар», была захопленая ў палон прарасейскімі сепаратыстамі ў Луганскай вобласці мінулым летам і перапраўлена ў Расею. Яна знаходзіцца ў расейскім СІЗА з лета 2014 года. У снежні ўкраінка абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць затрымання. 5 сакавіка адвакаты Саўчанкі паведамілі, што яна наважыла часткова прыпыніць галадоўку, пасля 82 дзён. 11 сакавіка, адвакат украінкі паведаміў, што самаадчуванне ягонай падабароннай пасля частковай адмовы ад галадання не палепшылася. У сваю чаргу Саўчанка прыстрашыла зноў пачаць галадоўку, калі да яе не пусцяць украінскіх лекараў.
Надзея Саўчанка абраная народным дэпутатам Украіны паводле спісу партыі «Бацькаўшчына». Таксама яна з'яўляецца дэпутатам ПАРЕ.