«Ім было начхаць, як мы будзем выжываць і вырашаць праблемы»
4- 23.10.2026, 19:47
- 1,732
Беларусы распавялі, як перажылі «пякельны калапс» у расійскім аэрапорце.
Апошнія гады ў Расіі рэгулярна адбываюцца маштабныя авіяцыйныя калапсы з-за масавых атак БПЛА. Апошнім стала поўнае закрыццё паветранай прасторы над Масквой 23 кастрычніка. Раней чатыры маскоўскія аэрапорты зачынялі з 16 па 18 кастрычніка. Пра свой досвед знаходжання ў гэты момант у аэрапорце Внукава распавяла Myfin.by пара маладых мінчукоў.
Маштабнае закрыццё паветранай прасторы
Маштабы адменаў і затрымак рэйсаў тады былі каласальнымі і вымяраліся сотнямі за суткі. Паводле даных Расавіяцыі, да сярэдзіны дня 17 кастрычніка ў Маскве адначасова было затрымана або скасавана больш за 350 рэйсаў.
Найгорш справы былі ў Шарамеццева, дзе колькасць адмененых/затрыманых рэйсаў пераваліла за сотню. Але і ў Внукаве збой закрануў дзясяткі рэйсаў, з-за чаго тысячы людзей былі вымушаныя праводзіць дзясяткі гадзін на падлозе тэрміналаў і залаў чакання, спаць на чамаданах.
Ад калапсу цярпелі пераважна расіяне, але ён закрануў і беларусаў, у тым ліку пару маладых мінчукоў, што вырашылі дабрацца да турэцкіх берагоў праз Внукава.
Данііл і Лізавета вырашылі не карыстацца паслугамі турагенцтваў (бо для палёту ў Турцыю не патрэбныя візы) і арганізавалі адпачынак самастойна.
Турэцкія «дыкары» і хаос у Внукаве
— Вырaшылі не заказваць тур, зэканоміць і патраціць розніцу на месцы — на экскурсіі, іншыя актыўнасці. Усё планавалі самі — браніравалі гатэль, квіткі на аўтобусы-самалёты і гэтак далей. Дабіраліся да Масквы аўтобусам, да аўтавакзала «Салар'ева», адтуль грамадскім транспартам да аэрапорта Внукава. Нашы дата і час адлёту першапачаткова былі 16 кастрычніка, 13:10, — распавяла Лізавета.
Паводле слоў Данііла, калі беларусы ранкам пятніцы дабраліся да Внукава, у аэрапорце быў хаос.
— Вельмі шмат людзей, шум-гам, анлайн-табло не адпавядае фізічнаму табло ў самым аэрапорце, нічога не зразумела — што з нашым рэйсам? Яшчэ і паліцыя з сабакамі на кожным рагу, што толькі дадае нервовасці, але дарэмна: людзі бягаюць, нічога не разумеючы, мітусяцца, скандаляць, а інфармацыі няма… Мы былі збянтэжаныя: першы сумесны адпачынак — і такі кашмар, — падзяліўся першымі ўражаннямі ад Внукава Данііл.
Рэйс Turkish Airlines, на якім мінчукі мусілі ляцець у Анталію, спачатку затрымалі, а потым адмянілі і перанеслі на заўтра, таму давялося заставацца ў аэрапорце да вечара. Паводле Данііла, абстаноўка ў Внукаве ўразіла.
— Людзі паводзілі сябе так, як і можна было чакаць у перапоўненым месцы: было шумна, а некаторыя грамадзяне ляжалі на падлозе і пакідалі вакол смецце. Пры гэтым уразіла тое, што тысячам людзей, якія завіслі ў Внукаве, не было дзе прысесці: прасторы велізарныя, але пустыя — ніякіх лаў, крэслаў, нічога. Таму процьма людзей была вымушана праводзіць мноства гадзін на нагах, — распавёў пра сітуацыю 16 кастрычніка Данііл.
Дзіўнае стаўленне Turkish Airlines
Як патлумачыла Лізавета, амаль усе пасажыры іх рэйса былі расіянамі, беларусаў — толькі некалькі чалавек. Пазнаёміліся — хаця б візуальна — яны каля стойкі авіякампаніі і яе офіса, куды праз некаторы час пара пайшла шукаць інфармацыю, бо было незразумела, што адбываецца з іх рэйсам.
— Выявіўшы на сайце аэрапорта, што наш рэйс скасаваны цалкам, а не перанесены, як іншыя, пачалі шукаць прадстаўніка Turkish Airlines. На другім ці трэцім паверсе Внукава ёсць офіс авіякампаніі, але яе прадстаўнік уразіў — ён не дапамагаў пасажырам адмененых рэйсаў Turkish Airlines, не акружваў іх клопатам і ўвагай, а вельмі неахвотна ішоў на кантакт. Урэшце Даніілу ўдалося дамагчыся адказу: сказалі, што наш новы рэйс будзе а 14:00 наступнага дня. І накіравалі вырашаць усе пытанні да стойкі № 217, — распавяла Лізавета.
— У офісе Turkish Airlines сядзеў нахабны прадстаўнік, які адказваў на ўсе пытанні аднаскладова. Сапраўды — адным словам! І яму было начхаць, як мы будзем выжываць і вырашаць праблемы, — узгадвае Данііл.
Калі беларусы вярнуліся на першы паверх, на прымацаваных да акенцаў офіса лістоўках з’явілася інфармацыя пра рэйсы. У прыватнасці, значылася, што іх рэйс № 3071 скасаваны, перанесены, і адлёт новага прызначаны на наступны дзень. Акрамя таго, на адной з паперак было напісана, што пасля 14:00 можна падыходзіць да стойкі касы 217 і атрымаць ваучары на гатэль і харчаванне.
— Дачакаўшыся другой гадзіны дня, падышлі да стойкі, нас запісалі як тых, каму патрэбны гатэль. Папрачакаўшы яшчэ паўтары гадзіны, пакуль прадстаўнікі аэрапорта збіралі групу з двух адмененых рэйсаў Turkish Airlines, адправіліся ў гатэль. Гасцініца была хоць і бясплатная, з нармальным нумарам і ежай, але жудасная паводле размяшчэння: сярод нейкіх велізарных складоў, з жахлівым смуродам з вуліцы. Але мы былі вельмі стомленыя і заснулі, нягледзячы ні на што, — распавяла Лізавета.
Паколькі да гатэля аўтобус давёз пасажыраў рэйсаў Turkish Airlines каля пятай вечара, беларусы засталіся без абеду. Ім удалося павячэраць, затым паснедаць, і (на здзіўленне) усю групу з адмененага рэйса зноў павезлі ў Внукава.
— Пры тым што на анлайн-табло на сайце аэрапорта значылася, што новы рэйс зноў скасаваны. Нявядома, навошта мы зноў паехалі ў аэрапорт, калі можна было падоўжыць наша знаходжанне ў гатэлі. Але гэта ў выніку аказалася добрым рашэннем, бо іншы гатэль, у якім мы правялі другую ноч, быў лепшы: хоць і вельмі маленькі, але размешчаны сярод сквераў. Дык што мы пагулялі перад сном, — распавёў Данііл.
Але было адно агульнае ў двух гасцініц, у якіх пераначавалі беларусы.
— Сняданкі-вячэры былі нармальныя, адзіны момант — у іх агідная вада! І ў адным, і ў другім гатэлі. Яна настолькі хларыраваная, што піць гэтую вадкасць немагчыма. Мала таго — яны на сняданак у графіны налівалі тую ж самую ваду, з-пад крана, вельмі непрыемную на смак, — падзялілася Лізавета.
Загадкавы ваучар і дружба народаў
Акрамя ваучараў на пражыванне, каля стойкі 217 беларусам на другія суткі далі даведкі Turkish Airlines пра тое, што іх рэйсы былі скасаваныя.
— Проста пусты бланк, дзе ты ўпісваеш сваё прозвішча, нумары рэйсаў, і на гэтай паперцы стаіць пячатка, што Turkish Airlines адмяніла рэйсы і адпачынак сапсаваны не па нашай віне. Нам сказалі, што гэтыя даведкі можна падаць у гатэль, каб ён вярнуў грошы за страчаныя дні адпачынку.
Але мы браніравалі гатэль на booking.com, і ў іх падтрымцы адказалі, што не вернуць грошы за прапушчаныя два дні, маўляў, мы аплацілі паслугу, гатэль яе прадаставіў, а тое, што мы не прыехалі, — гэта нашы праблемы. Але шанец на тое, што ўдасца атрымаць кампенсацыю, ёсць — прадстаўнік Turkish Airlines заявіў, што гэтыя паперы можна падаць у падтрымку авіякампаніі, і мы атрымаем грошы за прапушчаныя дні адпачынку, — распавёў Данііл.
На другія суткі ў аэрапорце мінчукі пазнаёміліся з нігерыйцам Кефасам, які не ведаў рускай мовы, і праз тое, што расіяне ў абсалютнай большасці не валодаюць англійскай, ён меў у хаосе Внукава мноства праблем.
— Ён, бядняга, не ведаў, куды падацца, што рабіць, — давялося нам яго выратоўваць. Высветлілася, што ён таксама завіс па дарозе ў Турцыю, у Стамбул. Сам ён з Нігерыі і ў Маскву прыляцеў на нейкую бізнес-канферэнцыю. Дапамагалі яму з перакладам, у выніку ён таксама на наступны дзень паляцеў прыкладна ў той самы час, што і мы, — падзяліўся Данііл.
Па словах мінчука, усе гэтыя тры дні ў аэрапорце іх вельмі напружвалі людзі, якія не вылучаліся культурай паводзінаў і зносін.
Дзве гадзіны ля трапа без вады
Ён таксама распавёў, што адмен рэйсаў было не так шмат, большасць пераносіліся, але Turkish Airlines перастрахоўваліся і адмянялі свае. У выніку гэта прывяло да таго, што на другі дзень на анлайн-табло аэрапорта ў дзённы прамежак часу значылася восем рэйсаў авіякампаніі ў Анталію.
— Мы вельмі незадаволеныя тым, як Turkish Airlines перастрахоўвалася, хоць яшчэ 17-га многія рэйсы іншых кампаній уляцелі. Акрамя таго, вельмі непрыемны асадак застаўся ад самога адлёту, увечары трэцяга дня знаходжання ў Внукаве: мала таго, што яго некалькі разоў пераносілі, з 14:30, дык нас яшчэ пратрымалі на пасадцы дзве гадзіны. Чаму проста не пасадзіць нас у самалёт, які каля 18:00 узляцеў? Невядома, — падзяліўся Данііл.
Засмучаная была і Лізавета, якая негатыўна адгукнулася пра авіякампанію.
— Прайшоўшы ўсе міграцыйныя службы, праверку багажу, сумак і г.д., мы прастоялі на пасадку ў самалёт яшчэ дзве гадзіны. Сесці няма куды, вады няма — забралі, як гэта заўсёды робяць. Але, нягледзячы на тое, што мы чакалі больш за дзве гадзіны, ні вады, ні бутэрбродаў, як гэта павінны рабіць паводле рэгламенту, калі адлёт затрымліваецца больш чым на 2 гадзіны, нам не надалі.
Ды і сама арганізацыя праверкі міграцыйнай службы непрыемна здзівіла: расіяне цясніліся, лезлі без чаргі, відаць, вельмі ў дз'юці-фры спяшаліся, з адной хамкай нават давялося пасварыцца. Бутэлькі вады і смецце літаральна заслалі падлогу. Акрамя таго, вельмі дзіўна выглядала праверка ручной паклажы і саміх пасажыраў: калі сумкі прапускалі праз металашукальнік, то пасажыраў ніхто не правяраў, усё адбывалася літаральна за некалькі секунд. Стварылася ўражанне, што можна прайсці ў самалёт, пранёсшы з сабою што заўгодна, — распавяла Лізавета.
Туманныя перспектывы
На трэці дзень знаходжання ў Внукаве беларусы вырашылі, што калі не паляцяць у Анталію, то вернуцца ў Мінск — бо ля мора першапачаткова планавалі пабыць усяго 7 дзён. У выніку на борт яны ўсё ж трапілі.
Сам палёт прайшоў на добрым узроўні: сэрвісам на борце мінчукі засталіся задаволеныя, бо іх смачна накармілі, ды яшчэ і выдалі па келіху віна.
— Узляцелі нармальна, прызямліліся нармальна, ляцелі таксама добра. Пасля прылёту нічога асабліва цікавага не было: забралі багаж — і ў таксі, прыехалі ў гатэль і хутка заснулі.
Мы страцілі больш за двое сутак адпачынку, якія гатэль кампенсаваць адмовіўся. Адзіны варыянт — звяртацца ў авіякампанію, бо яна абавязаная нам кампенсаваць гэтыя прапушчаныя два дні адпачынку.
Але пакуль незразумела, чым усё гэта завершыцца, — у падтрымцы сказалі, што анлайн ніякіх дакументаў і заяў не прымаюць, толькі ў аэрапорце. Хацелася б, каб першыя ўражанні ад Turkish Airlines аказаліся толькі выпадковым збегам абставінаў, — рэзюмаваў Данііл.