Андрэй Кабякоў: Галоўны вынік - мы жывем па сродках
41- 19.05.2015, 19:17
- 28,773
ФОТА: BYMEDIA.NET
Прэм'ер-міністр падвёў вынікі эканамічнага развіцця краіны
Пра гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым квартале 2015 года, піша БелТА.
«Мы бачым, што пераважная большасць прадпрыемстваў не разгубіліся ў новых эканамічных варунках, абнавілі асартымент выпускаемай прадукцыі, утрымліваюць традыцыйныя і намацваюць новыя рынкі збыту, пераадольваюць крызісныя з'явы ўласнымі сіламі, працуюць над выдаткамі», - адзначыў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён канстатаваў, што на шэрагу прадпрыемстваў сітуацыя больш складаная - для іх традыцыйныя рынкі закрыліся, а на новыя з існай наменклатурай прадукцыі пакуль прабіцца не атрымліваецца.
Са слоў Кабякова, асноўная задача - захаваць ядро і інтэлектуальны патэнцыял прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі. «На прадпрыемствах з няпоўнай занятасцю трэба даць людзям магчымасць падпрацаваць, заканадаўства гэта дазваляе. Аблвыканкамам і міністэрствам у гэтым пытанні трэба рабіць самыя актыўныя захады», - адзначыў прэм'ер-міністр.
«За мінулы перыяд урад і Нацыянальны банк паслядоўна рэалізавалі вымушаныя жорсткія захады для макраэканамічнай стабілізацыі. Фактычна, у сціслыя тэрміны давялося адаптаваць бюджэт, банкаўскую сістэму, рэальны сектар краіны да працы ў новых эканамічных варунках, выкліканых падзеннем коштаў нафты, значнай дэвальвацыяй расейскага рубля, еўра, грыўні ды іншых валют, рэцэсіі сусветнай эканомікі і зніжэннем попыту ў нашых ключавых гандлёвых партнёраў», - сказаў Андрэй Кабякоў.
Паводле ягоных слоў, адаптацыя эканомікі краіны да прынцыпова іншай замежнай абстаноўкі суправаджаецца запаволеннем росту ВУП паводле вынікаў I квартала на 2%. Кабякоў паведаміў: выявіліся праблемы нізкай эфектыўнасці шэрагу буйных прадпрыемстваў, залішняй занятасці на іх, нізкай канкурэнтаздольнасці, хібы ў вытворчай і маркетынгавай палітыцы. Устойлівы рост у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі не змог кампенсаваць падзенне ў апрацоўчай прамысловасці, транспарце і сувязі. Пры захаванні практычна на ўзроўні студзеня - сакавіка 2014 года фізічных аб'ёмаў экспарту сярэднія экспартныя кошты знізіліся на 29%.
«Аднак пры ўсёй складанасці сітуацыі сёння ў краіне забяспечаная фінансавая і валютная стабільнасць, запаволілася інфляцыя. Захоўваецца гнуткі валютны курс - роўна такі, каб не марнаваць золатавалютныя рэзервы на яго падтрыманне. Прынятыя раней захады дазваляюць утрымліваць беспрацоўе ў сацыяльна прымальных межах, а таксама забяспечваць патрэбныя гарантыі і кампенсацыі насельніцтву. Галоўны вынік - мы жывем па сродках», - канстатаваў прэм'ер-міністр.