Прафесар Джорджтаўнскага ўніверсітэта: Расея можа прымяніць у Еўропе ядзерную зброю
6- 8.05.2015, 14:48
- 7,971
ЗША павінны быць гатовымі да новай халоднай вайны і даць еўрапейскім хаўруснікам парытэтную колькасць ядзерных узбраенняў.
Аб заяве амерыканскага вайсковага экспэрта, прафесара Джорджтаўнскага ўніверсітэта Мэцью Кроніга паведамляе TVP24 (пераклад - charter97.org).
«Многія думаюць, што, у прынцыпе, няма магчымасці прымянення ядзернай зброі, бо гэта прывядзе адразу да трэцяй сусветнай вайны. Але яны не ўлічваюць магчымасці абмежаванага ўжывання Расеяй тактычнай ядзернай зброі, або ў абмежаванай форме», - мяркуе экспэрт.
На думку экспэрта, канфлікт ва Украіне паказвае, што Расея гатовая аднаўляць сілай сваю сферу ўплыву. Наадварот, на ягоную думку, NATO не гатовае да сцэнару, у якім Расея будзе выкарыстоўваць супраць аднаго з чальцоў Альянсу тактычную ядзерную зброю.
«Для Расеі важна не дапусціць канвенцыйнай ваеннай канфрантацыі з NATO, паколькі тут Альянс мае вялікую перавагу над ёй. Але Расея можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю з мэтай шантажу, калі яе «зялёныя чалавечкі» з'явяцца ў адной з краін Балтыі - для таго, каб прымусіць Альянс не рэагаваць», - мяркуе Мэцью Кроніг.
«Калі гаворка ідзе аб стратэгічных ядзерных узбраеннях, то паміж NATO і Расеяй існуе парытэт. Але ў тактычнай зброі розніца вялізная. Расея захавала амаль пяць тысяч адзінак такой зброі, а NATO пасля халоднай вайны сышло з большасці краін Еўропы, пакінуўшы тактычную ядзерную зброю толькі ў Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Нямеччыне, Турцыі і Нідэрландах», - перасцерагае экспэрт.
Паводле дамовы з Расеяй 1997 NATO абавязалася, што не будзе перадаваць ядзерную зброю на ўсход, новым чальцам Альянсу. Аднак Масква нядаўна абвясціла, што размесціць частку свайго арсенала ў Калінінградзе і ў Крыме. Акрамя таго, практычна кожныя вайсковыя вучэнні Расеі апошнім часам адбываюцца з нанясеннем ядзернага ўдару па ўяўнаму ворагу.
«Вядома, у нас ёсць стратэгічныя ядзерныя ўзбраенні, але калі Расея выкарыстоўвае тактычную зброю, захочам мы стрэліць міжкантынентальнай ракетай з ЗША? Гэта будзе азначаць поўнамаштабную вайну. Таму неабходна развіваць наш ядзерны патэнцыял у Еўропе, каб прымусіць Расею да саступак. Так, як гэта было ў 1980 годзе, калі NATO разгарнула ракеты Першынг II у Еўропе. Гэта так устрывожыла расейцаў, што яны адразу ж пагадзіліся на перамовы, якія прывялі да падпісання дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй далёкасці», - рэзюмаваў Мэцью Кроніг.