СБУ затрымала ўкраінку-калабарантку, якая прарвалася з Беларусі
- 23.10.2026, 16:55
- 1,808
Яе затрымалі ў адным з гатэляў Ковеля.
Кантравыведка Службы бяспекі Украіны затрымала жыхарку Данецкай вобласці, якая ў 2022 годзе стала на бок расійскай арміі, а цяпер паспрабавала вярнуцца ва Украіну праз Беларусь. Пра гэта паведамляе СБУ.
Да пачатку поўнамаштабнай вайны затрыманая працавала медсястрой у Данецкай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. У канцы лютага 2022 года яна добраахвотна ўступіла ў 91-ы асобны стралковы полк 1-га армейскага корпуса Паўднёвай ваеннай акругі РФ, атрымала званне сяржанта і служыла да жніўня 2024 года.
Пасля звальнення з арміі жанчына захацела выехаць з акупаванай тэрыторыі ў краіны ЕС. Для гэтага ёй патрэбны быў украінскі замежны пашпарт, які трэба было аднавіць. Каб трапіць ва Украіну, яна абрала маршрут праз Беларусь і перасекла мяжу ў пункце пропуску «Даманава».
Яе затрымалі ў адным з гатэляў Ковеля. Падчас вобшуку ў яе знайшлі расійскі пашпарт, вайсковыя білеты арміі РФ, пасведчанне ветэрана РФ і расійскія рублі.
Жанчыне прад'явілі падазрэнне паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча.

