26 красавiка 2024, Пятніца, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Варонежцаў: Ядзерныя магільнікі небяспечнейшыя, чым самая АЭС

7
Юрый Варонежцаў: Ядзерныя магільнікі небяспечнейшыя, чым самая АЭС

Стварэнне могільніка ядзерных адкідаў ад Беларускай АЭС - небяспечная, дурная і вельмі дарагая авантура.

Так характарызуе планы афіцыйнага Менска аб стварэнні могільніка ядзерных адкідаў ад Беларускай АЭС фізік Юрый Варонежцаў, піша «Беларуская праўда».

2 чэрвеня Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі Беларускай атамнай электрастанцыі.

На працягу тэрміну эксплуатацыі атамнай электрастанцыі (60 гадоў) прагназуецца ўтварэнне 9360 м3 цвёрдых радыеактыўных адкідаў розных катэгорый і 60 м3 высокаактыўных радыеактыўных адкідаў. З улікам чаканых аб'ёмаў утварэння радыеактыўных адкідаў існуе аб'ектыўная патрэба стварэння пункта іх захавання. Распрацаваным для яго будаўніцтва праектам будзе прадугледжвацца выкарыстанне сучасных тэхнічных развязак. Сума фінансавых сродкаў для будаўніцтва пункта захавання радыеактыўных адкідаў, ацэнка якога праведзеная паводле вартасці збудавання аналагічнага аб'екта - могільніка радыеактыўных адкідаў Ігналінскай атамнай электрастанцыі ў Літве - складае блізу $60 млн, аднак канчатковая лічба будзе вызначаная па распрацоўцы адпаведнага праекта.

Пражэкты ўладаў пракаментаваў фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР для расследавання прычын аварыі на ЧАЭС і ацэнкі дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юрый Варонежцаў.

- У Беларусі няма кадраў для распрацоўкі згаданай стратэгіі, роўна як і для эксплуатацыі АЭС.

Адкідаў утвараецца значна больш, чым прадугледжвае стратэгія: толькі цвёрдых, не лічачы вынятых ЦВЗ (цеплавыдавальныя зборкі, якія складаюцца з ТВЭл цеплавыдавальных элементаў; цеплавыдавальныя элементы - гэта цырконіевыя трубкі, набітыя таблеткамі з дыяксідам урану) - блізу 320 кубаметраў штогод. Вадкіх радыеактыўных «змывак» - тоны.

Пасля перапрацоўкі вадкіх радыеактыўных адкідаў (ВРА) на ўстаноўках спецыяльнай водаачысткі ўтвараецца да 50 тон соляў штогод (збольшага, натрыю) у выглядзе радыеактыўных высокамінералізаваных рошчын з солезмяшчэннем 200-300 г/л. Таксама да ВРА належаць адпрацаваныя іёнаабменныя матэрыялы і сарбенты. Асноўны ўклад у радыеактыўнасць адкідаў уносяць 134Cs і 137Cs (70-90%), уклад 90Sr, 90Y, 60Co, 58Co, 54Mn, 51Cr, 59Fe і 124Sb значна меншы. Таксама ўклад у некалькі адсоткаў уносіць змяшчэнне трыцію.

І ўсё гэта захоўваецца збольшага на тэрыторыі АЭС, - сцвярджае Юрый Варонежцаў.

Навуковец сцвярджае, што «адпрацаваныя ЦВЗ нікуды не павязуць». «Яны захоўваюцца на тэрыторыі ў спецыяльных басэйнах (іх мяняюць раз на 3-4-5 гадоў у залежнасці ад рэактара і націску: новыя заладоўваюць, а адпрацаваныя змяшчаюць у басэйн з вадой на некалькі гадоў). Ядзерныя магільнікі небяспечнейшыя, чым сама станцыя. Пачытайце, што адбылося з такім сховішчам у Пакшы. Дый у Фукусіме», - кажа фізік.

«Авантура - небяспечная, дурная і вельмі дарагая. З'яўленне гэтага аб'екта на нашай зямлі - гэта поўны абсурд. І толькі поўны ідыёт можа вітаць будаўніцтва і АЭС, і ядзернага могільніка. Я разглядаю ўсё гэта як злачынства», - падрахаваў Юрый Варонежцаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках