26 красавiка 2024, Пятніца, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Бунт у Добрушы - мініяцюрная мадэль таго, што чакае Беларусь пасля 2015 года

17
Аляксандр Ярашук: Бунт у Добрушы - мініяцюрная мадэль таго, што чакае Беларусь пасля 2015 года

У беларускіх уладаў няма ніякіх шанцаў, каб забяспечваць выплату заробку людзям у належных сумах.

У чацвер 2 ліпеня беларускія сацыяльныя сеткі абляцела навіна: у Гомельскай вобласці ўзбунтаваліся кітайскія рабочыя. Яны выйшлі калонай з 300 чалавек з Добруша ў Гомель, а потым наважылі і зусім ісці на Менск. Кітайцы былі занятыя на будоўлі новага корпуса папяровай фабрыкі «Герой працы» ў Добрушы. Як высветлілася, апошнія пару месяцаў ім не плацілі заробак. Але да Менска кітайцы так і не дайшлі. Рабочым нібыта выплацілі грошы.

Аднак сёння стала вядома, што кітайскія рабочыя зноў не выйшлі на працу, бо заробак ім выплацілі ўсяго за два месяцы. Пры гэтым мясцовыя жыхары ў Добрушы мяркуюць, што ўзровень заробку ў кітайцаў даволі высокі, і самі былі б не супраць папрацаваць на будаўніцтве аб'екта. Але гэтага зрабіць нельга, бо праект перааснашчэння Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» - інвестыцыйны. Грошы на пераабсталяванне вылучыў Дзяржбанк развіцця Кітая паводле дамовы з урадам Беларусі. Усяго на праект выдзелілі 350 мільёнаў даляраў крэдыту. Але крэдыт не просты, а «звязаны». Гэта значыць, што абавязковая яго ўмова - выконваць перааснашчэнне будзе кітайская будаўнічая кампанія, з кітайскімі рабочымі, у новых цэхах будзе стаяць кітайскае абсталяванне.

Пракаментаваць сітуацыю з сацыяльнага і эканамічнага пункту гледжання карэспандэнт сайта charter97.org папрасіў старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандра Ярашука.

"Не з'яўляецца навіной, што ўсе пастановы аб выдзяленні крэдытаў Кітай прымае выключна зыходзячы са сваіх інтарэсаў. І калі мы чуем рыторыку з вуснаў вышэйшых кіруючых асоб Беларусі аб тым, што Кітай - альтруіст, які нам дапамагае, становіцца даволі смешна.

Вельмі важна, каб і грамадская думка Беларусі ведала пра тое, што Кітай непараўнальна больш лібэральная краіна ў эканоміцы, чым Беларусь. І хоць там ёсць атавізм у выглядзе камуністычнай ідэалогіі, кіраўніцтва кампартыі Кітая кіруе краінай на значна больш дэмакратычных прынцыпах, чым беларуская ўлада. Напрыклад, тэрмін кіравання для вышэйшых службовых асобаў там абмежаваны дзесяццю гадамі.

У адпаведнасці са сваімі асаблівасцямі светапогляду, Кітай прымае пастановы аб выдзяленні крэдытаў выключна ў выглядзе «звязаных». І для Беларусі не было іншых крэдытаў, акрамя «звязаных». Гэта азначае, што кожны крэдыт кітайцы самі ж будуць тут і асвойваць.

Так і атрымалася з аб'ектам для Добрушскай кардоннай фабрыкі «Герой працы». Мы ведаем, што туды прыехала блізу 900 кітайскіх рабочых. І паводле мерак беларускай перыферыі, а цяпер і паводле мерак усёй краіны, там даволі высокі заробак - прыблізна 7-8 мільёнаў. Натуральна, што беларускія працоўныя ў Добрушы задаюць пытанне, што яны і самі б ахвотна маглі там працаваць. Тым больш, што 900 працоўных месцаў для такога невялікага гарадка - гэта вельмі шматспадзеўная перспектыва, хоць бы на некалькі гадоў працаўладкавання.

Але праз палітыку «звязаных» крэдытаў маем тое, што маем. З іншага боку, застаецца толькі гадаць, што будзе з гэтым кардонным заводам. Таму што кітайцы сапраўды гэтак жа будавалі ў Крычаве цэментавыя заводы, якія сталі яшчэ адным пацвярджэннем адсутнасці ў беларускіх уладаў прадуманай эканамічнай стратэгіі.

Цэментныя заводы пабудавалі ў разліку на тое, што цэмент будзе танным і запатрабаваным у Расеі. А выявілася, што ён даражэйшы за расейскага. І ўлады не прыдумалі нічога лепшага, чым пачаць будаўніцтва другой бетоннай кальцавой лініі, каб хоць неяк выкарыстаць гэты цэмент.

І што будзе з новым корпусам Добрушскай кардоннай фабрыкі ў выніку гэтага будаўніцтва - застаецца толькі гадаць. Мы ўжо маем і Шклоўскі цэлюлозна-папяровы камбінат, які да гэтага часу толкам і не запрацаваў.

Што ж тычыцца сітуацыі ў Добрушы з нагоды затрымак заробку - я не падзяляю думкі пра тое, якія неаднаразова прагучалі, што кітайцы могуць адстойваць свае правы лепш за беларускіх працоўных. Запэўніваю вас: беларус нічым не адрозніваецца ад кітайца і працоўных іншых нацыянальнасцяў. Калі яму не выплачваюць заробак 2-3 месяцы, беларускі працоўны таксама наважыцца на якія-небудзь пратэстныя дзеянні. Гэта можа быць і стыхійны страйк, як нядаўна было ў Маладзечне. Гэта можа быць і стыхійны марш, як у свой час зрабілі шахцёры Салігорска, якія прайшлі 180 кіламетраў да Менска.

Трэба мець на ўвазе, што калі чалавека і ягоную сям'ю пазбаўляюць сродкаў да існавання, то можаце быць упэўненыя: так ці інакш свой пратэст беларускія працоўныя праявяць. У якой форме - гэта ўжо іншае пытанне. Я кажу пра гэта таму, што літаральна ўчора былі апублікаваныя звесткі Мінстата аб тым, што запазычанасць у заробку яшчэ вырасла і цяпер складае 2,1%. І 555 арганізацый - а гэта на 111 больш, чым у папярэднім месяцы - маюць запазычанасць у заробку.

Гэта тая з'ява, з якой мы будзем жыць, яна будзе спадарожнічаць нам пастаянна і насіць устойлівы характар. Таму што беларуская эканоміка знаходзіцца ў вельмі вострым крызісе, які носіць сістэмны характар. І гэты крызіс народжаны цяперашняй эканамічнай сістэмай, якая цалкам відавочна збанкрутавала. Я маю на ўвазе адміністрацыйную сістэму кіравання эканомікай.

Імаверна, што найбліжэйшым часам усе гэтыя з'явы, звязаныя з нявыплатай заробку, не будуць паўтарацца так часта, як гэта дыктуе сітуацыя. Таму што цяпер лета, і многія людзі ў адпачынках. Але я мяркую, што да восені сітуацыя можа абвастрыцца. Хутчэй за ўсё, яна не дасягне крытычнага характару, бо мы жывем у год прэзідэнцкіх «выбараў».

Але што будзе пасля «выбараў» - застаецца толькі гадаць. Па-за ўсякім сумневам, мы сутыкнёмся з дэвальвацыяй. Хутчэй за ўсё, улада будзе праводзіць чарговую дэвальвацыю рубля, і вельмі істотную. Можа быць, гэта і дазволіць у некаторай ступені павялічыць экспарт і «разгрузіць склады». Але, па-першае - гэта ненадоўга, бо крызіс эканомікі сістэмны. Па-другое, гэта будзе суправаджацца падзеннем рэальных заробкаў з усімі вынікаючымі наступствамі.

Таму тое, што мы ўбачылі цяпер у Добрушы - шмат у чым можа быць калькай таго, што будзе адбывацца ў Беларусі пасля 2015 года. Не трэба быць вялікім экспэртам, каб зразумець, што ў беларускіх уладаў, якія паслядоўна ішлі шляхам стварэння неканкурэнтаздольнай эканомікі, няма ніякіх шанцаў, каб забяспечваць выплату заробку ў тых сумах, якія патрэбныя для забеспячэння нармальнага жыцця людзей.

І цалкам можна сказаць, што наперадзе маячыць перспектыва зусім непрадказальнага развіцця сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Але, паўтаруся, гэта тычыцца ўжо 2016», - адзначыў Аляксандр Ярашук.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках