9 лiпеня 2020, Чацвер, 21:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі экспэрт: Калі Пуцін крытыкуе, значыць мы на правільным шляху

2
Украінскі экспэрт: Калі Пуцін крытыкуе, значыць мы на правільным шляху
Александр Носаль

У Еўразійскага і Мытнага саюзаў, куды ўваходзіць Беларусь, няма будучыні.

Вайна - гэта не падстава не рабіць пераўтварэнняў у краіне, сцвярджаў у інтэрв'ю charter97.org кіраўнік украінскага «Міжнароднага цэнтра рэформаў» Аляксандр Носаль. Паводле ягоных слоў, ва ўкраінскім грамадстве ёсць вялікі запыт на рэформы і цяпер для іх вельмі спрыяльны час.

Кажучы пра Беларусь экспэрт адзначыў, што Лукашэнка будзе працягваць гуляць на супярэчнасцях Расеі, Украіны і Захаду, але пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Еўразійскага і Мытнага саюзаў, куды ўваходзіць Беларусь, няма будучыні.

- Як ва ўмовах вайны Украіне, якая перажывае вельмі складаныя часы з пункту гледжання эканомікі, праводзіць пераўтварэнні?

- Я думаю, што вайна - гэта не падстава не рабіць пераўтварэнняў, а наадварот стымул рабіць іх радыкальнымі, хуткімі, ўсёабдымнымі. Ёсць вялікая патрэба і запыт грамадзянскай супольнасці ў рэформах. Грамадзянская супольнасць у нас вельмі моцная, шмат у чым мацнейшая за дзяржаву - мы бачым прыклады падтрымкі войска, барацьбы з карупцыяй і г.д.

Яна ў нас з'яўляецца і замоўцам, і распрацоўнікам, а часта і рэалізатарам рэформаў. Нават наш цэнтр з'яўляецца часткай грамадзянскай супольнасці і мы працуем над некаторымі аспектамі рэформаў у падатковым заканадаўстве, рэгістрацыйнай рэформе. Я думаю, што цяпер акурат самы спрыяльны час для рэформаў, калі грамадства патрабуе і грамадства можа гэта зрабіць.

- Як вы глядзіце на запрашэнне замежнікаў ва ўрад? Ці здольныя такія людзі як, да прыкладу, Міхаіл Саакашвілі развязаць украінскія праблемы?

- Адзін чалавек, вядома, не можа развязаць праблемы, але ён можа задаць драйв, быць флагманам і ледаколам, які можа праламаць гэты лёд карупцыі, кансерватызму. А за ім пойдуць караваны ўкраінскіх і міжнародных рэфарматараў. Я гляджу на гэта вельмі пазітыўна. Гэта новая кроў, новы досвед, прычым, што да Саакашвілі і грузінскіх рэформаў - то гэта нам вельмі блізка, таму што краіна падобная менталітэтам, савецкім мінулым.

Грузія - гэта як паменшаная мадэль Украіны. У 2004 годзе, калі Саакашвілі прыйшоў да ўлады, сітуацыя была яшчэ горшая, чым у нас - траціна тэрыторыі акупаваная, татальная карупцыя, нізкі ВУП і г.д. Усё гэта яны пераадолелі. І ў іх ёсць досвед, і ён лепшы, чым досвед Францыі ці Брытаніі, якія вельмі ад нас далёкія. Так што гэты досвед неацэнны і яны ўмоўныя замежнікі. Калі браць Саакашвілі, то ён вучыўся пяць гадоў ва Украіне, два гады служыў у войску на тэрыторыі хай і савецкай, але Украіны. Для яго можна сказаць гэта родная краіна. Больш за тое, Пуцін надоечы, даючы інтэрв'ю ў Крыме наконт іншаземцаў ва Украіне сказаў, што гэта дрэнна. Але калі Пуцін крытыкуе, значыць мы на правільным шляху.

- Што для Украіны ў гэты момант з'яўляецца галоўным з пункту гледжання першаснага развязання?

- Трэба ўсё рабіць комплексна. Зразумела, што з карупцыяй, якая ахоплівае ўсе аспекты жыццядзейнасці, трэба змагацца кардынальна. І ёсць ужо пэўныя зрухі. Напрыклад тая ж рэформа пракуратуры. Судовая рэформа ідзе цяжэй, але таксама ёсць пэўныя зрухі. Натуральна, трэба падымаць эканоміку, прыватызаваць прадпрыемствы, лібералізаваць рынак зямлі. Плюс патрэбна поўная дэрэгуляцыя, г.з. памяншэнне рэгулятыўнай функцыі дзяржавы. Калі для эканомікі будзе спрыяльная сітуацыя, паверце, інвестыцыі пойдуць. І вайна нават скончыцца хутчэй, калі сюды пачнуць укладваць грошы.

- Як Вы бачыце стасункі з Беларуссю ў сітуацыі, якая склалася, пры якой Украіна рухаецца ў бок Еўропы, а Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Еўразійскага і Мытнага саюзаў?

- Я думаю, што перспектыў ні ў Мытным, ні ў Еўразійскім саюзе няма ніякіх. Яны хутка пакажуць сваю нежыццяздольнасць. Паглядзіце што апошнія дні адбываецца з валютай гэтага саюза. Негатыўныя тэндэнцыі ў Расеі будуць толькі нарастаць і, на жаль, будуць праектавацца на іншых чальцоў Мытнага і Еўразійскага саюзаў.

Лукашэнка цяпер вядзе вельмі гнуткую палітыку. На словах ён падтрымлівае Украіну, дзесьці нават крытыкуе Расею, але, я думаю, што ён будзе спрабаваць гуляць на супярэчнасцях і атрымаць нейкія выгады і палітычныя дывідэнды. Мы ведаем пра эмбарга на пастаўку прадуктаў супраць якіх Расея ўвяла санкцыі ў адказ. Рынак Беларусі на гэтым можа зарабіць, мы ведаем усе гэтыя кур'ёзы з беларускімі крэветкамі...

Але, вядома, мая парада беларусам - Еўразійскі саюз ні да чаго добрага не прывядзе.

- Як вайна адбіваецца на працэсе рэфармавання і ці няма небяспекі сацыяльнага выбуху на фоне прыняцця непапулярных у насельніцтва рэформаў? Ці варта чакаць новага Майдана?

- Я думаю, што гэтага не адбудзецца. У нас грамадзянская супольнасць ужо знайшла іншыя формы ўплыву на наш урад. Рэформы будуць толькі паскарацца, нават насуперак пэўнай частцы цяперашняга кіраўніцтва краіны. Чарговы Майдан ні да чаго добрага не прывядзе. Ёсць вонкавая агрэсія і яна моцна паўплывала на згуртаванне і кансалідацыю ўкраінскай нацыі.

Я думаю, што ўсё пройдзе мірна, шляхам люстрацыі чыноўнікаў, іх поўнай перазагрузкі. Хутчэй за ўсё, гэта будуць нейкія датэрміновыя выбары, якія дазволяць абнавіць Вярхоўную Раду. Кабінет міністраў, я думаю, у канцы года ў нас будзе ўжо зменены. А далей будзем глядзець. Я не адчуваю ў грамадстве напалу жарсці, што запатрабуе радыкальных, рэвалюцыйных, пратэстных акцый. Ёсць механізмы, праз якія ўсё можна рэалізаваць у цывілізаванай форме.