27 красавiка 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Пушкін: Людзі разумеюць, што выбараў у Беларусі няма

6
Алесь Пушкін: Людзі разумеюць, што выбараў у Беларусі няма
Алесь Пушкін

Беларусы не звязваюць развязанне сваіх праблем з псеўдавыбарамі.

Пра гэта заявіў мастак Алесь Пушкін у інтэрв'ю charter97.org.

- Амаль праз два тыдні ў Беларусі пройдуць чарговыя «выбары». Якое ў вас склалася ўражанне ад гэтай палітычнай кампаніі?

- Уражанне творчага чалавека ад «выбараў»: час у Беларусі спыніўся. Апошні мой удзел у выбарах быў у 1994 годзе, я нават быў назіральнікам ад Партыі «БНФ» на адным з участкаў горада Магілёва (я тады працаваў на рэстаўрацыі Магілёўскага кафедральнага касцёла).

Тады я сапраўды бачыў рэальную сітуацыю выбараў і вельмі вялікую актыўнасць людзей. Быў на канцэрце гурта «Крама» ў Магілёве, які арганізоўваў Зянон Пазняк. Усё было вельмі жыва і эфектна: новае неба над новай краінай. І нават вачам не верылася - такая была ступень свабоды ў 1994 годзе.

Цяпер у Бабры, дзе я жыву, і ў Вішневе, дзе я працую над рэстаўрацыяй фігуры Божай Маці ў мясцовым касцёле, нават не чулі пра гэтыя «выбары» і ніяк на іх не рэагуюць. Людзі проста жывуць, разумеючы, што сваю будучыню на гэтых «выбарах» яны не вызначаюць. І я таксама не пайду на гэтыя «выбары».

Творчым людзям трэба цяпер у мастацкай форме падтрымліваць усё беларускае. Я гэта і збіраюся рабіць: маляваць, размаўляць па-беларуску, і мая сям'я і дзеці будуць размаўляць па-беларуску. Я прапаведую свайго кшталту беларускую сат’яграху, як калісьці Гандзі. Але сат’яграху ў сюррэалістычнай форме, як у творчасці Далі. Мой выхад як творчага чалавека - гэтым сюррэалістычным мастацтвам, творчым супрацівам, паказваць, што ёсць беларуская ідэя.

- Кажучы аб творчым супраціве: вы вядомыя сваімі яскравымі перфомансамі на палітычныя тэмы. Які б перфоманс, на вашу думку, лепш за ўсё адбіў бы сутнасць гэтых «выбараў»?

- Я ўжо казаў, што прывёз бы, па аналогіі з тачкай гною, тачку руж да рэзідэнцыі Лукашэнкі, калі б у 2020 годзе выявілася, што Беларусь стала квітнеючай краінай з беларускай мовай і культурай. Але я мяркую, што ружы авансам ён не заслугоўвае.

А вось тачку з мадэлямі расейскіх самалёцікаў Су-17, Су-27, франтавых бамбавікоў, якія хочуць размясціць у Бабруйску, ён цалкам заслужыў. І трэба падкаціць тачку з мадэлямі расейскіх самалётаў да Палаца Рэспублікі на ягоную «інаўгурацыю» і высыпаць яе з патрабаваннем не дапусціць гэтых небяспечных «цацак» на нашай зямлі.

Ці атрымаецца гэта ў мяне зрабіць - гэта ўжо іншае пытанне. Цяпер ахова больш сур'ёзная і відэакамер больш. Але я паспрабую на «інаўгурацыю» беларускага дыктатара зрабіць такі перфоманс. Памятаеце, як праходзіла мінулая інаўгурацыя ў 2011 годзе: пусты горад, як вымерлы, едзе дыктатар, чырвоная дарожка, Лукашэнка з сынам паднімаюцца па ёй, усе стаяць навыцяжку - на гэтай плошчы трэба высыпаць тачку з мадэлямі расейскіх бамбавікоў.

Каб даць зразумець: мы не хочам быць мішэнню ні для расейскіх «ястрабаў», ні для стратэгаў NATO. Мяне гэта турбуе больш за ўсё, і такі перфоманс мне б хацелася зрабіць. А атрымаецца ці не - пабачым. У 1999 мне ўдалося падкаціць тачку з гноем да самага ганка рэзідэнцыі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках