26 красавiка 2024, Пятніца, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найпрыгожаму возеру Беларусі пагражае загуба праз будоўлю БПЦ

27
Найпрыгожаму возеру Беларусі пагражае загуба праз будоўлю БПЦ

Эколагі судзяцца з Пастаўскім райвыканкамам праз будоўлю БПЦ на возеры Балдук.

Грамадскае аб'яднанне «Экадом» і жыхары вёскі Станчыкі падалі ў суд Пастаўскага раёна пазоў супраць Пастаўскага райвыканкама (Віцебская вобласць). Нагодай для пазову стала будаўніцтва царквы на беразе ўнікальнага возера Балдук, якое раней знаходзілася на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Швакшты», паведамляе БелаПАН.

На працягу 2011-2014 гадоў Пастаўскі райвыканкам неаднаразова прымаў пастановы, звязаныя з узгадненнем будаўніцтва культавага аб'екта «Храм абраза Божай Маці «Жыватворная крыніца». Так, у чэрвені 2011 года райвыканкам зацвердзіў акт выбару месца для будаўніцтва бажніцы, а ў красавіку 2013 - дазволіў праектаванне і будаўніцтва святыні ў населеным пункце Станчыкі.

Паводле інфармацыі эколагаў, месца размяшчэння царквы на беразе возера Балдук раней знаходзілася на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Швакшты». Цяпер жа мясцовыя органы ўлады заяўляюць, што месца размяшчэння знаходзіцца ў межах Станчыкаў.

У адпаведнасці з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» пастановы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб пытаннях забудовы населеных пунктаў прымаюцца пасля правядзення грамадскіх абмеркаванняў. Аднак, як адзначаецца ў пазоўнай заяве, грамадскія абмеркаванні ў дачыненні да пастановы аб будаўніцтве ў вёсцы Станчыкі бажніцы праведзеныя не былі. Такім чынам, было парушанае права фізічных і юрыдычных асоб на спрыяльнае асяроддзе пражывання пры ажыццяўленні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, падкрэсліваюць пазоўнікі.

«Экадом» і жыхары Станчыкаў просяць суд абавязаць Пастаўскі райвыканкам правесці грамадскае абмеркаванне будаўніцтва святыні.

Паводле інфармацыі вяскоўцаў, гэтым летам забудоўшчыкі расчаліся з падрыхтоўчымі работамі, у тым ліку падвядзеннем энэргазабеспячэння да месца меркаванай царквы.

Будаўніцтва ажыццяўляе праваслаўная рэлігійная грамада «Прыход храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца» (Паставы), што не так даўно ўключыла ў склад сваёй грамады вёску Станчыкі, жыхары якой з'яўляюцца каталікамі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках