Мядзведзеў: Аб расейскай авіябазе ў Беларусі дамовіліся яшчэ ў 2009 годзе
16- 9.09.2015, 12:38
- 29,905
Пагадненне якое рыхтуецца аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы з'яўляецца рэалізацыяй двухбаковых дамоўленасцей, дасягнутых у 2009 годзе.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 8 верасня ў Горадні на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Еўразійскайга міжурадавага савета, паведамляе БелаПАН.
«Я нагадаю гісторыю гэтых дакументаў. Яна пачалася ў 2009 годзе, я маю да яе непасрэднае дачыненне. Тады былі падрыхтаваныя і падпісаныя пастановы, якія датычацца сумеснай аховы мяжы Расеі і Беларусі і сумеснай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Уласна, пагадненне, пра якое вы кажаце, з'яўляецца рэалізацыяй гэтых пагадненняў. Нічога ў іх асаблівага няма», - цытуе Мядзведзева прэс-служба ўрада РФ.
На пытанне аб тэрмінах падрыхтоўкі і падпісання пагаднення расейскі прэм'ер адказаў: «Мы зыходзім з таго, што гэта павінна быць камфортна для беларускага боку, для нашага боку. Мы проста, што называецца, прапусцілі адпаведны дакумент праз урад Расейскай Федэрацыі паводле той працэдуры, якая існуе, і падалі яго прэзідэнту».
Са слоў Мядзведзева, такія авіябазы Узброеных сіл РФ дыслакуюцца ў Кыргызстане і Арменіі. «І нічога ў гэтым дзіўнага няма. Мы, уласна, гатовыя гэта рабіць з тымі краінамі, з якімі нас звязваюць саюзніцкія стасункі», - сказаў ён.
Пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб размяшчэнні на беларускай тэрыторыі расейскай авіябазы ў адпаведнасці з пастановай урада Расеі ад 7 верасня №945 пададзенае на подпіс прэзідэнту Уладзіміру Пуціну.