26 красавiка 2024, Пятніца, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папу Рымскаму ўручылі пераклад ягонай кнігі на беларускую мову

1
Папу Рымскаму ўручылі пераклад ягонай кнігі на беларускую мову
ФОТА: AFP

Кнігу Папы Францішка «Імя Бога - Міласэрнасць» пераклаў на беларускую мову супрацоўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка.

19 кастрычніка ў рамках агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек перадалі пантыфіку беларускую версію гэтай кнігі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Папа Францішак падпісаў два паасобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў рэдакцыі, другі адправіцца ў Беларусь.

- Ідэя, з якой да нас звярнуліся герархі, у тым, каб у кантэксце Года Міласэрнасці перакласці на беларускую мову кнігу Святога Айца аб Божай міласэрнасці, - адзначае ў каментары Catholic.by перакладчык Аляксандр Панчанка. - Гэтая кніга дапамагла б вернікам у Беларусі зразумець існасць абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Года Міласэрнасці і аднавіць сваё разуменне асабовых стасункаў з Панам Богам.

У кнізе Папа Францішак у інтэрв'ю італійскаму журналісту Андрэа Тарнелі распавядае пра жыццёвы і пастырскі досвед, закранаючы тэмы сэнсу жыцця, спакою і пакаяння, а таксама тлумачыць прычыны абвяшчэння ў Каталіцкім Касцёле Надзвычайнага Года Міласэрнасці.

- Паўдзельнічаць у гэтай працы было для мяне вялікім гонарам. Але мая роля як перакладчыка даволі сціплая, - прызнаецца Аляксандр Панчанка. - Галоўнае ў кнізе - словы Папы, ягонае пасланне.

Кніга «Імя Бога - Міласэрнасць» выйшла ў менскім выдавецтве «Медысонт» накладам 950 паасобнікаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках