26 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства эканомікі вынесла прысуд луканоміцы

63
Міністэрства эканомікі вынесла прысуд луканоміцы

У міністэрстве эканомікі заявілі аб неабходнасці правядзення рэформаў.

Не больш, чым на 1% за год будзе расці айчынная эканоміка ў выпадку, калі ўлады не правядуць рынкавых рэформаў. Такі прагноз апублікаваў даследчы інстытут Міністэрства эканомікі. У даляравым эквіваленце пры такіх тэмпах айчынная эканоміка дагоніць свой перадкрызісны ўзровень прыблізна праз паўстагоддзя – вынікае з гэтых лічбаў.

Са слоў дырэктара даследчага інстытута Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова, праблема – у існай структуры эканомікі. Тыдзень таму, на кастрычніцкім форуме ў Менску, гэтую думку падтрымаў былы дарадца Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях, а цяпер – амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

– Нашы эканамісты заточаныя не на рост эканомікі, а на захаванне яе структуры. Але калі эканоміка не расце, не дае дадатковы прадукт, тады за кошт чаго яе захоўваць? Адказ – просты, за кошт крэдытаў. Таму сёння нашы эканамісты – проста прадаўцы дзяржаблігацый, – мяркуе Кірыл Руды.

Іншымі словамі, цяпер структура эканомікі такая, што 70% усіх прадпрыемстваў – дзяржаўныя, і працуюць яны пераважна ў мінус. Раней дзяржава падтрымлівала свае заводы за кошт замежных крэдытаў. Але іх набралі ўжо столькі, што ў бюджэце не стае грошай на выплату адсоткаў за іх, паведамляе Белсат.

Цяпер сябры ўрада масава выступаюць за рэформы: правесці прыватызацыю, перастаць субсідаваць дзяржаўны сектар і ўмешвацца ў працу прадпрыемстваў. Лукашэнка на гэта адказвае то адно:

– Ведаю, што ва ўрадзе, у некаторых людзей існуе меркаванне, што вось абавязкова рэформы, рэформы, рэформы. Я ўжо тысячу разоў казаў – усе рэформы мы правялі.

Тое, праз некалькі дзён, ужо адваротнае:

– Я гатовы да любых рэформаў. Самых жорсткіх, больш жорсткіх, чым МВФ сёння патрабуе. Пытанне ў іншым – ці гатовыя вы да іх?

Улады хочуць рэформаў, але баяцца наступстваў

Так, ці інакш, пасля васьмі гадоў гутарак аб рэформах, яны дагэтуль не праводзяцца. Чаму ўрад адмаўляецца ад рэформаў, патлумачыў нядаўна намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, раней – міністр эканомікі, Мікалай Снапкоў.

– Эфектыўнасць прыняцця рашэнняў эканамічнымі ўладамі краіны вызначаецца выбарам: выбарам на карысць найменшага негатыўнага ўплыву ў моманце, ці выбарам на карысць найбольшага эканамічнага развіцця ў будучыні, – адзначыў міністр.

Іншымі словамі, улады не ідуць на неабходныя змены, баючыся выклікаць сацыяльную незадаволенасць. Вынік гэтай палітыкі нядаўні памочнік Лукашэнкі сфармуляваў наступным чынам.

– Сённяшняе падзенне эканомікі – пры росце іншых краін блізкіх, не толькі краіны СНД каля нас знаходзяцца, – то гэта ўсё стварае непераадольнае адставанне на гады наперад, што адаб'ецца на будучых пакаленнях, – сцвярджае Кірыл Руды.

Са звестак даследчага інстытута Міністэрства эканомікі, па долі высокіх тэхналогій у прамысловасці, Беларусь за апошнія 20 гадоў адстала ад развітых краін утрая. Па прадукцыйнасці працы, як следства, – у 5-6 разоў.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках