26 красавiка 2024, Пятніца, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакатка: Следства ў «справе сямнаццаці» вялося са шматлікімі парушэннямі

5
Адвакатка: Следства ў «справе сямнаццаці» вялося са шматлікімі парушэннямі
ФОТА: БЕЛАПАН

Набліжаецца да заканчэння самы гучны крымінальны працэс у справе пра незаконны абарот наркотыкаў у Беларусі.

Гаворка ідзе пра так званую справу сямнаццаці.

Напярэдадні адвакаты выступілі ў спрэчках у судзе. Так, абаронца Канстанціна Вілюгі папрасіла суд цалкам апраўдаць абвінавачанага, а таксама не баяцца прызнаць парушэнні, якія былі зробленыя падчас папярэдняга следства, пішуць naviny.by.

Адвакатка Галіна Раждзественская пачала сваю прамову з заявы, што супрацоўнікі Галоўнай управы ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС паспрыялі таму, што была парушаная прэзумпцыя невінаватасці ў дачыненні да фігурантаў крымінальнай справы.

Так, супрацоўнікі ўстановы, на думку абаронцы, неаднаразова выступалі ў СМІ, падаючы «недакладную інфармацыю». «Сфармавалі вобраз Вілюгі як нягодніка і злачынцы», – удакладніла адвакатка.

Галіна Раждзественская таксама заявіла, што прадстаўнікі ГУБАЗіК далі журналістам Белтэлерадыёкампаніі асабістыя фота і відэа Вілюгі, якія захоўваліся ў ягоным ноўтбуку. Пасля гэтага сюжэты з такімі матэрыяламі выйшлі на тэлеканале «Беларусь 1».

Адвакатка працытавала заяву кіраўніка ГУБАЗіК МУС Мікалая Карпянкова, які заяўляў: «Я хацеў бы, каб усе яны атрымалі максімальныя тэрміны. Гэтая банда вельмі моцна паўплывала на наркатызацыю нашай моладзі».

«Як відаць з заявы пракурора, ён выконвае жаданне кіраўніка ГУБАЗіК, папрасіўшы для абвінавачаных сапраўды максімальныя тэрміны», – сказала адвакатка.

Галоўнага фігуранта справы, нагадаем, дзяржабвінаваўца просіць асудзіць на 20 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле словаў Галіны Раждзественскай, следчыя і аператыўнікі прымушалі абвінавачаных даваць «правільныя» паказанні. Канстанціну Вілюгу за два гады, пакуль ён знаходзіўся ў следчым ізалятары, ні разу не далі спатканне з роднымі. Больш за 30 сутак ён правёў у карцары.

Як адзначыла адвакатка, следчы пагражаў Вілюгу, што калі той не напіша яўку з пакаяннем, то яго змесцяць у камеру з гомасэксуаламі, будуць затрыманыя ягоныя бацькі, а таксама арыштуюць усю іхнюю маёмасць. Апошняе абяцанне, паводле словаў ключавога фігуранта, праваахоўнікі стрымалі. Нерухомасць і грашовыя рахункі ягонай маці да гэтага часу заблакаваныя. Ад явак з пакаяннем, якія Вілюга даў, знаходзячыся ў СІЗА, у судзе ён адмовіўся.

Вілюга неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў СК, пракуратуру і КДБ паводле вышэйназваных фактаў, аднак належнай ацэнкі ягоныя звароты не атрымалі, адзначыла адвакатка.

Сярод іншага, Канстанцін Вілюга паказваў, што ў следчым ізалятары яго неаднаразова наведваў кіраўнік адной з управаў трэці ГУБАЗ Міхаіл Бедункевіч, які ціснуў на яго.

Бедункевіч раней заявіў, што ўсяго адзін раз сустракаўся з Вілюгам – у дзень яго затрымання, 4 лістапада 2014 года.

Аднак адвакатка Раждзественская звярнула ўвагу, што ў матэрыялах справы ёсць мноства дазволаў, якія Бедункевіч атрымаў ад кіраўніка следчай групы, каб наведваць Вілюгу ў СІЗА.

Галіна Раждзественская мяркуе, што следства вялося са шматлікімі парушэннямі. Яна настойвае, што наўпростых доказаў віны яе падабароннага няма, таму просіць апраўдаць Канстанціна Вілюгу.

Пры гэтым у канцы сваёй прамовы адвакатка працытавала Аляксандра Лукашэнку, які, выступаючы ў 2011 годзе перад судзейскім корпусам, заявіў: «Перастаньце баяцца даваць прынцыповую ацэнку парушэнням і недапрацоўкам, якiя дапушчаныя падчас папярэдняга расследавання. Для гэтага ў вас ёсць усе паўнамоцтвы. Суддзі не павінны прыкрываць судовымі пастановамі памылкі праваахоўных органаў. Правасуддзе не павінна быць запозненым, бо за кожнай справай стаіць лёс канкрэтнага чалавека. Не трэба бачыць злачынства там, дзе яго няма».

Ад сябе абаронца Вілюгі таксама дадала, што ў гэтым судзе «размова ідзе пра лёс 17 чалавек, у якіх ёсць жонкі, бацькі і дзеці».

На думку Галіны Раждзественскай, «гэтая справа з'яўляецца не толькі складанай, але і прынцыповай».

«Адсутнасць прынцыповай пазіцыі суда ў такога кшталту справах нівелюе стандарты даказанасці і культывуе ўсёдазволенасць у органах папярэдняга расследавання, падрываючы веру грамадзянаў у аб'ектыўны і незалежны суд», – падагульніла адвакатка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках