29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: 19 снежня мы падсеклі карані дыктатуры

7
Мікалай Статкевіч: 19 снежня мы падсеклі карані дыктатуры
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Рэжыму ўжо не акрыяць ад удару, нанесенага яму беларусамі на Плошчы ў 2010 годзе.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

-Вы прапанавалі разглядаць 19 снежня як Дзень Годнасці. Чым Плошча 2010 года адрознівалася ад іншых акцый апазіцыі? У чым яе значэнне для барацьбы беларусаў за свабоду?

- Рэжым Лукашэнкі грунтуецца на страху. Да 2010 года Лукашэнка нарошчваў страх у грамадстве і яму здавалася, што ўсё ўжо зроблена, і людзі не змогуць кінуць годны выклік дыктатуры. І раптам у гэты дзень, 19 снежня 2010 года, у моцны мароз дзясяткі і дзясяткі тысяч людзей выйшлі на цэнтральную плошчу сталіцы.

Цяжка нават сказаць, колькі чалавек удзельнічала ў акцыі. Са сведчанняў у маёй судовай справе я запомніў рапарты супрацоўнікаў ДАІ: калі «хвост» калоны быў яшчэ на Кастрычніцкай плошчы, яе галава ўжо даўно знаходзілася на плошчы Незалежнасці. Я думаю, што на Плошчы ў той дзень было 80-90 тысяч чалавек.

Амаль сто тысяч беларусаў у той вечар запатрабавалі свабоды – і гэта галоўнае. Менавіта таму 19 снежня заслугоўвае называцца Днём Годнасці.

У той вечар людзі не стаялі на месцы, як у 2006 годзе, іх ніхто не змог спыніць, як раней: людзі прайшлі маршам ад аднаго цэнтра ўлады да іншага.

Некалькі дзясяткаў чалавек, даведзеныя да адчаю рэжымам Лукашэнкі, пачалі біць дзверы ў Доме ўрада. Я думаю, што проста смешна папракаць іх у гэтым. У Крымінальным кодэксе ёсць 36-ы артыкул, які дазваляе наносіць невялікую шкоду, каб прадухіліць непараўнальна большую. А тут параўнанне нават недарэчнае: з аднаго боку – дзверы, а з другога – незаконна захопленая краіна.

Плошча-2010 была самай годнай акцыяй беларусаў. На жаль, рэжым паказаў сваё сапраўднае «аблічча». І дзякуючы гэтаму доўгі час ніхто ў рэгіёне не хацеў мець спраў з Лукашэнкам.

- Як вы ацэньваеце палітычны вынік Плошчы-2010?

- 19 снежня 2010 года мы не дасягнулі сваёй максімальнай мэты – не вярнулі краіну на шлях дэмакратычнага развіцця. Але мы дасягнулі сваёй найбліжэйшай мэты, сфармуляванай на круглым стале кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года. Гэтая мэта гучала так: нанесці рэжыму Лукашэнкі максімальную маральную, псіхалагічную, палітычную, эканамічную шкоду, што зрабіла б немагчымым у сярэднетэрміновай перспектыве існаванне дыктатарскай мадэлі ў Беларусі.

І сапраўды: пасля Плошчы-2010 рэжым уступіў у шэраг крызісаў, якія паказваюць, што ўлада Лукашэнкі – штучная. І крызіс рэжыму не скончыцца датуль, пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя ў краіне.

Дыктатура Лукашэнкі цяпер проста спаўзае ў бездань. Галоўная нашая задача – зрабіць так, каб у гэтую бездань ён не павёў за сабой беларускі народ.

Можна сказаць, што 19 снежня былі падсечаныя карані беларускай дыктатуры. Рэжым яшчэ спрабуе балансаваць, гуляць у «лібералізацыю», прасіць грошы тут і там, але мы напалохалі яго на Плошчы ў 2010 годзе. Сарваўшы са страху маску, Лукашэнка дазволіў усяму свету ўбачыць сваё сапраўднае «аблічча».

Плошча 2010 года паказала, што ў беларускага народа значна больш мужнасці, чым у тых палітычных дзеячаў, якія пасля 19 снежня чамусьці засталіся на свабодзе. Беларусы давялі гэта тым, што неўзабаве пасля брутальнага разгону Плошчы выйшлі ва ўсіх населеных пунктах на маўклівыя акцыі пратэсту.

Але я хачу паўтарыць: 19 снежня 2010 года стала пачаткам канца рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Ён яшчэ некаторы час будзе тузацца, але мы павінны цяпер мабілізавацца з адной мэтай: каб канец Лукашэнка не прычыніў шкоды беларускай дзяржаўнасці. Цяпер, як ніколі, мы павінны быць цвёрдымі, уважлівымі і мудрымі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках