26 красавiка 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лаўроў прапанаваў выслаць з Расеі 35 амерыканскіх дыпламатаў

23
Лаўроў прапанаваў выслаць з Расеі 35 амерыканскіх дыпламатаў
Сяргей Лаўроў

У Маскве хочуць адказаць на санкцыі ЗША супраць Расеі аналагічнымі дзеяннямі.

Міністэрства замежных спраў Расеі прапанавала Уладзіміру Пуціну выслаць 35 амерыканскіх дыпламатаў у якасці адказу на аналагічныя дзеянні Вашынгтона. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, піша ТАСС.

Ён падкрэсліў, што Расея не можа пакідаць «такіх выхадак» без адказу, бо ўзаемнасць - гэта закон дыпламатыі ў міжнародных стасунках.

«Таму расейскае МЗС супольна з нашымі калегамі з іншых структур унесла прапановы на разгляд прэзідэнта РФ аб тым, каб абвясціць персонамі нон грата 31 супрацоўніка амбасады ЗША ў Маскве і чацвёра дыпламатаў з генеральнага консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу», - сказаў Лаўроў.

Прапанавана таксама забараніць амерыканцам карыстацца іх лецішчам у Срэбным бары і складам на вуліцы Дарожнай.

«Разлічваем, што гэтыя прапановы будуць разгледжаныя ў самым аператыўным парадку», - заявіў кіраўнік расейскага МЗС.

Абвінавачванні ЗША ў дачыненні да Расеі аб умяшанні ў перадвыбарчую кампанію Лаўроў назваў беспадстаўнымі. Адміністрацыя Барака Абамы, якая дапрацоўвае астатнія дні, на думку міністра, абвінавачвае Расею «ва ўсіх смяротных грахах», у тым ліку ва ўласных правалах.

«Амерыканская адміністрацыя Барака Абамы, якая сыходзіць, абвінавачваючы Расею ва ўсіх смяротных грахах, спрабуючы абвінаваціць нас, у тым ліку, і ў краху сваіх замежнапалітычных ініцыятыў, як вы ведаеце, беспадстаўна выставіла дадатковыя абвінавачванні ў тым, што расейскі бок на дзяржаўным узроўні ўмешваўся ў выбарчую кампанію у ЗША, у выніку якой дэмакратычны кандыдат пацярпеў паразу», - кажа Лаўроў.

Ён падкрэсліў, што новыя санкцыі ўведзеныя без выстаўлення якіх-небудзь довадаў.

Нагадаем, Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Барака Абамы ўвяла санкцыі супраць 9 расейскіх устаноў, кампаній і фізічных асоб, у тым ліку супраць ГРУ і ФСБ, за «ўмяшанне ў выбары» і «ціск на амерыканскіх дыпламатаў», якія працуюць у Расеі. Таксама ЗША зачынілі доступ да двух жылым комплексаў - так званых загарадных «дачаў» сталага прадстаўніцтва РФ у Нью-Ёрку і амбасады РФ у Вашынгтоне, якія з'яўляюцца расейскай дыпламатычнай уласнасцю. Акрамя гэтага, персонамі нон грата абвешчаныя 35 расейскіх дыпламатаў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках