Беларускі нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня ў скверы Янкі Купалы
31- 12.05.2016, 14:00
- 25,003
Пачатак акцыі а 12.00.
Пра гэта заявілі сябры аргкамітэту кангрэсу 12 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Пастанова правесці кангрэс у скверы Янкі Купалы была прынятая пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне, паведамляе БелаПАН.
«Ёсць палітычная пастанова ўладаў, накіраваная на зрыў кангрэсу, - заявіў сябра аргкамітэта Мікалай Статкевіч. - Мяркуем, нам кінуты выклік, мы яго прымаем. Кангрэс набывае новы акцэнт - гэта будзе не толькі пачатак працэсу аб'яднання апазіцыі, гэта будзе яшчэ і наш ўнёсак у барацьбу людзей за правядзенне мірных сходаў».
Аргкамітэт заклікаў грамадзян прыйсці ў нядзелю а 12.00 да помніка Янку Купалу ў аднайменны сквер і падтрымаць дэлегатаў кангрэсу ў іх барацьбе за права на мірныя сходы.
Аргкамітэт таксама звярнуўся да кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін. «Многія з вас ўбачылі станоўчыя змены ва ўладзе. Прыйдзеце і пераканайцеся, ці так гэта», - сказаў Статкевіч.
Акрамя таго, аргкамітэт заклікаў кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур, якія не падтрымалі правядзенне кангрэса, прыйсці ў сквер Янкі Купалы ў якасці беларускіх грамадзян і падтрымаць патрабаванні за свабоду правядзення мірных сходаў.
Сябра аргкамітэта Уладзімір Някляеў удакладніў, што ў сувязі з немагчымасцю правядзення паўнавартаснага пасяджэння кангрэсу 15 траўня адбудзецца яго ўстаноўчая сесія. Пры гэтым дэлегатам будзе прапанавана абраць пастаянна дзеючы орган - раду кангрэсу, уключыўшы туды прадстаўнікоў рэгіёнаў і цэнтральных органаў дэмакратычных партый і арганізацый.
Як паведамлялася раней, арганізатары кангрэсу спрабавалі знайсці памяшканне для яго правядзення, але ўсюды атрымлівалі адмову. «Распарадчыкі дзяржаўных памяшканняў адразу палохаліся, шмат хто проста казалі, што ў іх на найбліжэйшыя месяцы ўсе памяшканні занятыя, хоць падчас нашага наведвання ўсе яны былі вольныя. А ўладальнікі прыватных памяшканняў шчыра прызнаюцца, што не хочуць праблем», - распавёў БелаПАН Статкевіч.
Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання для правядзення кангрэсу.
Правядзенне кангрэсу дэмакратычнымі сіламі з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта ў падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. Апроч іх на сённяшні дзень у склад аргкамітэту ўваходзяць Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч.