24 лiстапада 2026, aўторак, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, што людзі па-рознаму разумеюць слова «магчыма»

Навукоўцы высветлілі, што людзі па-рознаму разумеюць слова «магчыма»
Ілюстрацыйнае фота

Гэта ўплывае на іх рашэнні.

Даследнікі з Токійскага ўніверсітэта разам з калегамі высветлілі, што людзі па-рознаму інтэрпрэтуюць слоўныя выразы верагоднасці — і гэта наўпрост уплывае на рашэнні, якія яны прымаюць. Праца апублікаваная ў часопісе Psychonomic Bulletin & Review.

У даследаванні ўдзельнічалі 48 чалавек з расладам аўтыстычнага спектра (РАС) і 90 чалавек без яго. Ім прапанавалі гіпатэтычную сітуацыю: сябар разглядае дарагое лячэнне ад мігрэні, і ўдзельнік павінен вырашыць, наколькі настойліва ён парэкамендуе гэта лячэнне, абапіраючыся на словы ўрача пра шанцы на поспех. Фармулёўкі вар'іраваліся ад лікавых верагоднасцей (напрыклад, «верагоднасць поспеху 30%») да пазітыўных і негатыўных слоўных выразаў («магчыма» або «малаверагодна, што лячэнне дапаможа»). Удзельнікаў таксама папрасілі надаць кожнаму слоўнаму выразу лікавае значэнне.

Адказы падзялілі ўдзельнікаў на тры групы. У першую ўвайшлі ў асноўным людзі з РАС: іх рашэнні мацней залежалі ад пазітыўнай або негатыўнай фармулёўкі і слабей — ад лікавых верагоднасцей, якія яны выводзілі са слоў. Другую групу склалі пераважна людзі без РАС: на іх менш уплывалі фармулёўкі, а больш — лікавыя значэнні. Трэцяя група, у якую ўваходзілі людзі з абедзвюх катэгорый, аказалася ў аднолькавай ступені падуладная абодвум фактарам.

Вынікі не азначаюць, што адрозненні ў прыняцці рашэнняў тлумачацца выключна РАС. У выбарцы былі людзі рознага ўзросту і ўзроўню інтэлектуальных здольнасцей, таму рабіць адназначныя высновы рана. Навукоўцы плануюць працягнуць працу, каб зразумець, якія псіхалагічныя працэсы ляжаць у аснове кожнай з трох мадэляў.

«Нашы вынікі сведчаць, што спосабам паведамлення пра няпэўнасць варта надаваць больш увагі, асабліва калі людзі прымаюць важныя рашэнні адносна здароўя, адукацыі або паўсядзённага жыцця. Нават далікатныя адрозненні ў фармулёўках могуць уплываць на рашэнні», — пішуць аўтары даследавання.

Навукоўцы спадзяюцца, што іх праца падштурхне спецыялістаў, асабліва ў ахове здароўя і адукацыі, больш ясна тлумачыць няпэўную інфармацыю і правяраць, ці правільна іх зразумелі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲