Пуцін заклікаў будаваць НПЗ на Далёкім Усходзе пасля удараў Украіны
1- 24.11.2026, 22:49
Кіеў паразіў амаль усе найбуйнейшыя заводы у еўрапейскай частцы РФ.
Дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў нафтавыя кампаніі актыўней развіваць нафтаперапрацоўчыя заводы на Далёкім Усходзе і ў Сібіры пасля таго, як украінскія беспілотнікі паразілі амаль усе буйныя НПЗ у еўрапейскай і цэнтральнай частцы краіны.
«Трэба надаваць асаблівую ўвагу развіццю нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі на ўсходзе краіны, росту індустрыяльных магчымасцяў гэтага стратэгічна значнага рэгіёна Расіі», — сказаў Пуцін у аўторак на пасяджэнні камісіі па пытаннях развіцця ПЭК.
Бягучая сітуацыя на рынку нафтапрадуктаў «застаецца няпростай», канстатаваў кіраўнік РФ. «Кіеўскі рэжым не спыняе атакі на нашы нафтаперапрацоўчыя магутнасці, дарэчы, нягледзячы на заклік і прамую просьбу прэзідэнта ЗША гэтага не рабіць, устрымацца ад гэтых атак. Але кіеўскія ўлады не слухаюць такіх парад. Усё працягваецца, як ні ў чым не бывала», — паскардзіўся Пуцін.
З пачатку года ўкраінскія беспілотнікі больш за 110 разоў атакоўвалі расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, і толькі адзінкавыя прадпрыемствы ў Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе аказаліся недасяжнымі для дронаў. Ні разу не траплялі пад атакі Ангарскі НПЗ у Іркуцкай вобласці (магутнасцю 204 тысячы барэляў у суткі); Камсамольскі і Хабараўскі НПЗ у Хабараўскім краі (166 тысяч барэляў у суткі); Ачынскі НПЗ у Краснаярскім краі (150 тысяч барэляў у суткі); Яйскі НПЗ у Кемераўскай вобласці (132 тысячы барэляў у суткі).
Усе заводы ў еўрапейскай частцы Расіі, а таксама шэраг НПЗ у Сібіры неаднаразова траплялі пад атакі. А ў выніку апошняй, лістападаўскай серыі налётаў 16 з іх атрымалі пашкоджанні і поўнасцю або часткова спынілі выпуск.
Перапрацоўку нафты, у прыватнасці, спынілі «Норсі» ў Ніжагародскай вобласці, «Янос» у Яраслаўлі і Новакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты». Таксама 90% магутнасці страціў Разанскі НПЗ, які забяспечвае ў тым ліку Маскву і сталічны рэгіён. Найбуйнейшы ў Расіі Омскі НПЗ, што трапіў пад налёт 11 лістапада, пазбавіўся паловы магутнасцяў перапрацоўкі; столькі ж страціў Валгаградскі НПЗ. Завод «Кінеф» пад Ленінградам, другі паводле аб’ёмаў у Расіі, працуе толькі на трэць магутнасці, вынікае з ацэнак амерыканскай Rand Corp.
Паводле даных галінавых крыніц Reuters, за тры тыдні лістапада аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў РФ скараціліся на 45%. Сяргей Вакуленка, старшы навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі, ацэньваў бягучую загрузку НПЗ у 2,7 млн барэляў у суткі, што нават ніжэй за найгоршыя летнія значэнні (3,3 млн барэляў у дзень). Паводле ацэнкі Вакуленкі, унутраная вытворчасць пакрывае толькі 60–65% попыту на бензін, а з улікам імпарту дэфіцыт можа дасягаць 25–30% спажывання.