1 сакавiка 2024, Пятніца, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч: «Выбары» павінны скончыцца масавай акцыяй пратэсту

45
Статкевіч: «Выбары» павінны скончыцца масавай акцыяй пратэсту

Гэтага цяпер патрабуе ўсё беларускае грамадства.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

- Восеньскія «парламенцкія выбары», на вашу думку, ці будуць адрознівацца ад папярэдніх, і былі прызнаныя АБСЭ недэмакратычнымі?

Ніякіх крокаў да набліжэння таго, што ў нас называецца «выбарамі» да рэальнага выбарчага працэсу, улада не зрабіла. Відавочна, што рыхтуецца чарговы спектакль, тэатр кабукі, дзе ўсё распісана: дзеянні кожнага актора, кожны жэст і канчатковы вынік.

Мы не ведаем яшчэ, якія вынікі яны «намалююць» і хто будзе гуляць у квазіапазіцыю ўнутры «парламенту», але відавочна, што ніякіх «выбараў» не будзе.

- Якой мае быць стратэгія дэмакратычнай апазіцыі ў гэтых умовах?

- У гэтай сітуацыі дзеянні дэмакратычных сіл павінны быць наступнымі.

Першае: мы павінны аб'яднацца. Пры гэтым пажадана, каб на адну акругу быў адзін дэмакратычны кандыдат, які сабраў бы галасы за ўвесь дэмакратычны электарат і вымусіў бы ўлады пайсці на цалкам відавочныя фальсіфікацыі.

Другое: не мае сэнсу кандыдатам ад апазіцыі старанна распрацоўваць пазітыўныя праграмы, таму што пакуль ва ўладзе «прэзідэнт» Лукашэнкі - ніякіх станоўчых зменаў не будзе. Людзі разумеюць, што «выбараў» як такіх няма, і «парламент» нічога не вырашае.

І зараз, калі краіна ў крызісе, самы пазітыўны водгук у людзей знойдзе менавіта крытыка ўлады. Таму дэмакратычныя кандыдаты проста павінны атакаваць галоўнага вінаватага таго, што краіна аказалася ў крызісе і тупіку.

І трэцяе - вельмі важна, як скончыцца кампанія, наколькі годна мы яе завершым. Самы лагічны варыянт - гэта масавая акцыя пратэсту. Калі зноў усё пройдзе як мы чакаем, калі зноў будуць фальсіфікацыі, дэмакратычныя лідары проста абавязаны адрэагаваць.

Калі людзі паважаюць сябе - павінна быць публічная акцыя пратэсту. І ўсё беларускае грамадства чакае ад нас гэтага і абавязкова зверне на гэта ўвагу. Таму што калі цябе абразілі, напісалі нейкія смешныя лічбы – людзі, што сябе паважаюць павінны адрэагаваць.

Тым больш, што акцыя пратэсту ва ўмовах росту сацыяльнага напружання можа быць вельмі масавай і рэальна паўплываць на сітуацыю.

Нагадаю, што летась ніводны з так званых «альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты» не паклікаў людзей на акцыі пратэсту. У выніку місія БДІПЧ АБСЕ адзначыла гэта як «пазітыўны момант», і гэта стала адной з прычын таго, што Захад зняў санкцыі з уладаў. Таму што, калі людзі не пратэстуюць, атрымліваецца, што ўсе нібыта «прайшло нармальна».

У восеньскай кампаніі найбольш важныя вось гэтыя тры моманты: адзіны спіс апазіцыйных кандыдатаў, жорсткая крытыка ўлады і масавыя акцыі пратэсту.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках