26 красавiка 2024, Пятніца, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Калінкіна: Гібель Шарамета звязана з яго прафесійнай дзейнасцю

11
Святлана Калінкіна: Гібель Шарамета звязана з яго прафесійнай дзейнасцю
Святлана Калінкіна

Забойства вядомага журналіста мае відавочны палітычны падтэкст.

Святлана Калінкіна - калега і сяброўка Паўла Шарамета яшчэ па «Беларускай дзелавой газеце», сааўтар нашумелай кнігі «Выпадковы прэзідэнт» пра дыктатара Лукашэнку. Святлана Калінкіна расказала «Радыё Свабода»:

«Шчыра скажу, я не ведаю апошніх раскладаў, але тое, што Павел не займаўся нейкім крымінальным бізнэсам і не меў запазычанасцяў, каб магло дайсці да бытавых разборак - гэта абсалютна дакладна. Так што ў любым выпадку гэта, на мой погляд, звязана з яго прафесійнай дзейнасцю - тут ужо не важна дзе, ва Украіне ці ў Расеі. Павел быў вельмі блізкі да Барыса Нямцова, на яго пахаванні вёў усю жалобную цырымонію, яны сапраўды вельмі моцна сябравалі. Тут мы можам толькі пра нешта здагадвацца. Але тое, што гэта звязана з палітыкай, на маё перакананне - сто адсоткаў».

Святлана Калінкіна не верыць, што прычынай трагедыі магла стаць тэхнічная няспраўнасць аўтамабіля. Іншая справа, супраць каго мог быць арганізаваны выбух:

«Наколькі магу арыентавацца па здымках, то машыны самі па сабе так не выбухаюць. Хоць я, вядома, не тэхнік, не механік, на месцы цяпер працуе паліцыя, яны павінны сказаць вынікі. Але здаецца, што гэта цалкам мэтанакіраваная акцыя. Іншая справа, на каго яна была накіравана. Даслоўна не так даўно Алена Прытула казала, што ёй пагражаюць. І можа гэта было супраць кіраўніцтва «Украінскай праўды», а ў гэты момант у машыне апынуўся Павел Шарамет. Таму застаецца толькі здагадвацца, што і як, супраць яго ці не гэта было накіравана. Але тое, што гэта не няшчасны выпадак, ужо цяпер можна казаць канкрэтна».

Як кажа Святлана, асабістыя кантакты пасля канчатковага пераезду Паўла Шарамета ў Маскву, а потым у Кіеў былі нячастымі, але ў апошні час яго турбавала будучыню шэрагу яго медыйных праектаў, накіраваных на Беларусь:

«З Паўлам мы не бачыліся досыць даўно, але апошнім часам, даслоўна апошнія месяцы, ён стаў часта пасылаць пра з «Фэйсбук», праз скайп асабістыя паведамленні. Сярод іншага вельмі непакоіўся за лёс «Беларускага партызана». І апошнія нашы з ім завочныя размовы былі менавіта пра «Беларускім партызане», пра тое, што з ім рабіць, што сайту патрэбны галоўны рэдактар і г.д.

Цяпер я не ведаю, што будзе з гэтымі беларускімі праектамі: «Беларускім партызанам», «Гістарычнай праўдай». Мне здаецца, што ў любым выпадку гэта былі праекты не асабіста Паўла, а праекты, накіраваныя на нашу краіну. Таму гэты клопат нашай медыя-супольнасці, напэўна, трэба будзе браць на сябе».

Сям'я Паўла Шарамета жыве ў Маскве, у Менску засталася маці, бацька памёр. Святлана прызнаецца, што пакуль не можа набрацца сілы, каб патэлефанаваць ёй і выказаць словы спагады і падтрымкі. І разлічвае, што атрымае званок ад яе, калі тая адыдзе ад першага шоку.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках