25 красавiка 2024, Чацвер, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі прайшлі грандыёзныя кадравыя «чысткі»

40
У Расеі прайшлі грандыёзныя кадравыя «чысткі»
УЛАДЗІМІР ПУЦІН
ФОТА: AP

Пуцін зняў з пасадаў некалькіх губернатараў і чыноўнікаў высокага рангу, а таксама скасаваў Крымскую федэральную акругу.

У расейскім кіраўніцтве пачынаецца цыкл значных кадравых перастановак, які стартуе са змяненняў у паўнамоцных прадстаўніцтвах прэзідэнта РФ, вынікае са слоў трох суразмоўцаў РБК, блізкіх да Крамля, суразмоўцы ва ўрадзе і двух федэральных чыноўнікаў.

Самая гучная перастаноўка - у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе. Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Уладзімір Булавін перайшоў на пасаду кіраўніка Федэральнай мытнай службы, паведаміла прэс-служба Крамля. Раней аб ягоным пераходзе распавядалі крыніцы РБК. На гэтым месцы ён змяніў Андрэя Бельянінава, у якога на гэтым тыдні ФСБ праводзіла ператрусы і выявіла значныя грашовыя сродкі. Бельянінаў адхілены ад пасады раніцай у чацвер.

Булавін - выхадзец з ФСБ, ён быў першым намеснікам дырэктара гэтай службы і кіраваў нацыянальным антытэрарыстычным камітэтам. Пазней ён перайшоў у Савет бяспекі на пасаду першага намесніка сакратара, калі на месца сакратара быў прызначаны Мікалай Патрушаў. У 2013 годзе Булавіна прызначылі паўнамоцным прадстаўніком. Раніцай у чацвер прэс-служба Крамля паведаміла аб ягонай адстаўцы. Новым паўнамоцным прадстаўніком у чацвер раніцай прызначаны губернатар Калінінградскай вобласці Мікалай Цуканаў.

Месца Мікалая Цуканава ў Калінінградскай вобласці заняў начальнік ФСБ Калінінградскай вобласці Яўген Зінічаў.

Прызначэнне Булавіна стала вынікам справы Міхальчанкі, якую вяло ФСБ, кажа суразмоўца, блізкі да Крамля. Лагічна, што месца кіраўніка ФСТ атрымаў выхадзец з гэтай сілавой структуры, адзначае ён.

Рэгіянальны перадзел

Сваю пасаду таксама пакінуў паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў Сібірскай федэральнай акрузе Мікалай Рагожкін. На ягонае месца прызначаны губернатар Севастопаля Сяргей Мяняйлаў.

Часова выконваючым абавязкі кіраўніка Севастопаля прызначаны намеснік міністра прамысловасці і гандлю Дзмітрый Аўсяннікаў.

Адстаўка Рагожкіна звязаная з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту, кажа федэральны чыноўнік. Паводле ягоных слоў, у наступным годзе паўнамоцнаму прадстаўніку споўніцца 65 гадоў, гэта лімітавы ўзрост для дзяржслужбоўцы і напярэдадні гэтай даты вызначылі адправіць Рагожкіна на пенсію, кажа суразмоўца РБК. Паўнамоцны прадстаўнік сыходзіць на пенсію, пацвярджае крыніца, блізкая да Крамля. Рагожкін 10 гадоў камандаваў Унутранымі войскамі. У 2014 годзе ён пакінуў гэтую пасаду і перайшоў у паўнамоцныя прадстаўнікі. Яго змяніў Віктар Золатаў, сёлета прызначаны камандаваць Расгвардыяй.

Перастаноўкі закранулі і тры паўднёвыя акругі - Крымскую, Паўночна-Каўказскую і Паўднёвую.

У адпаведнасці з указам Пуціна Паўднёвая і Крымская федэральныя акругі ператвораныя ў адзіную Паўднёвую федэральную. Яе кіраўніком стаў Уладзімір Усцінаў, які кіраваў ПФА.

Аб будучым аб'яднанні акругаў раніцай 28 ліпеня РБК паведаміў федэральны чыноўнік. Ён тлумачыў гэта тым, што Крымская ФА першапачаткова стваралася на перыяд «інтэграцыі» паўвострава ў Расею.

Паўднёвая федэральная акруга была створаная ў 2000 годзе і ўключала ў сябе ўвесь поўдзень Еўрапейскай часткі Расеі. Аднак у 2010 годзе з яе складу была вылучаная Паўночна-Каўказская федэральная акруга.

Крымская федэральная акруга была ўтвораная ўказам прэзідэнта Пуціна ў сакавіку 2014 года. У яе склад увайшлі «рэспубліка Крым» і «горад федэральнага значэння» Севастопаль.

Паўнамоцны прадстаўнік Паўночна-Каўказскай федэральнай акругі Сяргей Мелік ужо адхілены ад пасады ў чацвер. Ён прызначаны намеснікам дырэктара Расгвардыі, як і распавядалі раней крыніцы РБК. На пасаду паўнамоцнага прадстаўніка ПКФА прызначаны Алег Белавінцаў, паўнамоцны прадстаўнік былой Крымскай федэральнай акругі.

У найбліжэйшы час можа памяняцца і паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе Міхаіл Бабіч, распавядаюць два суразмоўцы, блізкія да Крамля. У 2002-2003 годзе ён быў прэм'ерам Чачэніі, затым дэпутатам Дзярждумы, у 2011 годзе яго прызначылі паўнамоцным прадстаўнікам ПФА.

Таксама адпраўлены ў адстаўку губернатар Яраслаўскай вобласці Сяргей Ястрабаў. Ягонае месца заняў выхадзец з Федэральнай службы аховы Дзмітрый Міронаў, які ў снежні 2015 года быў прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў.

Акрамя таго, звольнены губернатар Кіраўскай вобласці Мікіта Белых - у сувязі са «стратай даверу». Ягонае месца заняў былы кіраўнік Расрэестру Ігар Васільеў.

Акрамя таго, прэзідэнт РФ звольніў пасла Расеі ва Украіне Міхаіла Зурабава.

Сэнсу ў паўнамоцных прадстаўніках становіцца ўсё менш і менш, адзначае палітолаг Яўген Мінчанка. Усе задачы, пад якія ў свой час былі створаныя, - прывядзенне губернатараў у пакорлівасць, прывядзенне рэгіянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з федэральным - яны выканалі, а кіраванне сілавымі структурамі, якім яны часткова займаліся, становіцца ўсё больш вертыкальным і замыкаецца на Маскву, тлумачыць ён.

Палітычны мэнэджмэнт на ўзроўні рэгіянальных выбараў знаходзіцца пад наглядам адміністрацыяй прэзідэнта, а не паўнамоцнага прадстаўніка. На думку Мінчанкі, цяпер паўнамоцны прадстаўнік выконвае дзве функцыі: з аднаго боку, гэта ганаровае месца для высокапастаўленага чалавека, які вызваляе высокую пасаду, з другога - кадравы трамплін для перамяшчэння ўверх. У цяперашняй унутрыпалітычнай сітуацыі паўпрадствы як раз з'яўляюцца вельмі зручным інструментам, адзначае экспэрт.

«Асноўная кадравая турбулентнасць наперадзе: да канца года плануецца правядзенне перастановак у сілавых структурах, якое далёка яшчэ не скончылася, а пасля думскіх выбараў непазбежная яшчэ і рэарганізацыя ўрада і зрухі ў губернатарскім корпусе», - упэўнены ён.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках