26 красавiка 2024, Пятніца, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 самых паспяховых кампаній у Беларусі ў зборы сродкаў

Топ-5 самых паспяховых кампаній у Беларусі ў зборы сродкаў

На платформе пошуку аднадумцаў Talaka усталяваны нацыянальны рэкорд збору сродкаў праз краўдфандынг.

Talaka - онлайн-платформа пошуку каманды і аднадумцаў для рэалізацыі праектаў была запушчана ў 2013 годзе. 31 сакавіка 2015 года на базе платформы быў запушчаны сэрвіс Талакошт, які дазваляе прыцягваць у тым ліку і грошы на рэалізацыю ідэй, піша «Беларускі партызан».

За мінулыя паўтара года з моманту запуску краўдфандынг-сэрвісу з 757 актыўных праектаў 89 запусцілі збор сродкаў на платформе і прыцягнулі агулам 110 230 беларускіх рублёў. З іх 32 паспяхова завяршылі кампанію. Больш за 2 тыс. чалавек перавялі сродкі ў падтрымку праектаў, сярэдняя сума падтрымкі - 40-50 руб.

На пачатку гэтага тыдня праект Часопіс «Імёны» ўстанавіў нацыянальны рэкорд збору сродкаў праз краўдфандынг, сабраўшы 21 526 руб ($10 700).

Найбольшую фінансавую падтрымку атрымалі праекты ў сферы культуры і гісторыі, мастацтва, спорту, сацыяльнай падтрымкі і дабрачыннасці. Апошнім часам усё больш прадпрымальніцкіх праектаў выбіраюць Talaka для збору каманды і прыцягнення рэсурсаў.

Топ 5 паспяховых кампаній збору сродкаў на Talaka:

1. Самая хуткая краўдфандынг-кампанія ў Беларусі «Народны чэмпіён» сабрала неабходную суму за 7 гадзін і адправіла Віталя Гуркова на чэмпіянат свету па муай-тай у Швецыі.

2. Самая буйная сума збору: Онлайн-часопіс «Імёны» (сабрана 21 526 руб., кампанія яшчэ доўжыцца)

3. Самая вялікая колькасць спонсараў: 273 чалавекі падтрымалі пераклад і выданне «Хронікі Нарніі па-беларуску».

Самы паспяховы праект сацыяльнай падтрымкі: патранажная служба «Крок насустрач», якая забяспечвае догляд адзінокім малазабяспечаным людзям, сабрала 7 835 руб.

4. Самы паспяховы адукацыйны праект: Стварэнне першага беларуска-ангельскага слоўніка

5. Слоўнік «Наш дом/Our Home» сабраў 4 465 руб.

«Паспяхова сабраць грошы – гэта толькі частка шляху рэалізацыі праекту. Каб займець поспех на ніве прыцягнення фінансаў, варта мець каманду аднадумцаў. З ёй вы будзеце рыхтаваць праект ды збор сродкаў, праводзіць інфа-кампанію і распараджацца грашыма, каб праект быў здзейснены», - адзначае заснавальнік платформы Talaka Яўген Клішэвіч.

«З нашага досведу мы можам дакладна сказаць, што паспяховы збор сродкаў з’яўляецца хутчэй вынікам добра праведзенай падрыхтоўчай працы каманды. Менавіта таму, мы асноўную ўвагу ўдзяляем менавіта таму, каб на Talaka неабыякавыя людзі маглі знаходзіць адзін аднаго і гуртавацца вакол цікавых ім праектаў. Усё гэта адбываецца ў самых розных сферах: ад сацыяльна значнай да стартаперска-прадпрымальніцкай».

Прыклады праектаў, якія былі паспяхова рэалізаваны сіламі сабраных каманд і неабыякавых людзей без запуску краўдфандынг-кампаніі:

- Рэстаўрацыя публічнай абсерваторыі ў Менску

- Стварэнне тактыльных макетаў помнікаў архітэктуры Менска для людзей з дэфектамі гледжання

- Фестываль вулічных музыкаў

- Музей рэтракамп'ютараў

- Дабрачынны турнір па міні-футболу

- Гарадскія квэсты для дзяцей

- Фэст «Горад і Кнігі»

У гэты момант на платформе размешчана 23 актыўныя кампаніі. Больш за 700 праектаў рэалізуюцца сіламі актыўных людзей. Talaka не спаганяе камісію з сумы сабраных сродкаў і не бярэ плату за размяшчэнне праектаў. Акрамя гэтага, на платформе працуе ўнікальная для Беларусі сістэма запуску кампаніяў у зборы сродкаў, якая дазваляе пазбегнуць вочнага падпісання дакументаў і іншай бюракратыі. Плацёжныя развязанні рэалізавана сумесна з кампаніямі WebPay і Прыорбанк.

Досвед працы платформы паказаў, што не менш за 25% спонсараў не маюць магчымасці падтрымаць праект праз адсутнасць сродкаў на банкаўскай карце або праз адсутнасць банкаўскай карты зусім. У Talaka, нароўні з магчымасцю перавесці сродкі ў падтрымку праекта адразу ж, ёсць магчымасць «паабяцаць» аплату і аплаціць яе ў зручны для спонсара час. Такім чынам, узрастае імавернасць таго, што чалавек, які не мае карты або сродкаў на карце, падтрымае праект.

У Талакошт ёсць тры рэжыму збору сродкаў для розных мэтаў і задач праекта: «Усё-тое-сабраў», «Усё-ці-нічога» і «Донарства». У першым выпадку каманда забірае грошы, калі збярэ мінімум 25% ад заяўленай сумы. Такія праекты, па-за залежнасці ад сабранай сумы, працягваюць рэалізоўваць ідэю. У другім - толькі ў выпадку, калі збярэ не менш за 100%. Рэжым «Донарства» дазваляе аўтару праекта атрымаць усе пераведзеныя грошы, не чакаючы завяршэння кампаніі, а таксама не заяўляць падарункі спонсарам, якія ў некаторых выпадках могуць быць недарэчныя. Гэты рэжым часцей выкарыстоўваецца дабрачыннымі праектамі, пра многіх з якіх піша наш партнёр - онлайн-часопіс «Імёны».

Некаторыя праекты на платформе, якім вы можаце дапамагчы справай ці падтрымаць фінансава прама зараз:

- Выданне размалёўкі для творчасці і натхнення «Мая Радзіма Беларусь»

- Будаўніцтва першага ў Беларусі Парку мініяцюр замкаў і храмаў ВКЛ

- Выданне дыска песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна

- Стварэнне функцыянальных пратэзаў рук для дзяцей і дарослых

- Усталёўка велапунктаў для самастойнага абслугоўвання ровараў

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках