26 красавiка 2024, Пятніца, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чачэнцам у Берасці раздалі адзенне, якое для іх сабралі беларусы

24

Раздача гуманітарнай дапамогі мігрантам пачалася са скандалу.

- Калі вы нам дапамагаеце - дапамагайце, але мы не хочам, каб нас здымалі! Хай вось гэтыя (журналісты - рэд.) сыходзяць і больш здымаць не будуць, калі не хочуць, каб камяні ў камеры паляцелі! Нам праблемы не патрэбныя! - лаялася з валанцёрамі чачэнская жанчына.

Праўда, канфлікт нічым не скончыўся - журналісты прадоўжылі выконваць сваю працу, і ўзлаваная жанчына схавала твар пад марлевай павязкай, але не сышла, піша kp.by.

Дарэчы, амаль усе чачэнцы, уключаючы маленькіх дзяцей, былі ў павязках - асцерагаюцца, што іх могуць апазнаць па фота, і, калі ім усё-такі давядзецца вярнуцца на радзіму, то могуць быць праблемы.

На прывакзальнай плошчы ў пятніцу пасля абеду сабралася больш за паўсотні чачэнцаў. Пра тое, што беларусы дапамогуць ім цёплым адзеннем, іх апавясцілі валанцёры і праваабаронцы Human Constanta, якія аказваюць ім прававую падтрымку.

Праўда, раней, чым на месца сустрэчы прывезлі гуманітарку, туды прыехала... міліцыя! Высвятляецца, пільныя берасцейцы патэлефанавалі ў «102», пабачыўшы натоўп чачэнцаў каля пешаходнага моста недалёка ад чыгуначнага вакзалу.

- Калі ласка, у наступны раз звяртайцеся да нас, каб гэта ўсё адбывалася не стыхійна, а цывілізавана, - папрасіў валанцёраў начальнік упраўлення грамадзянства і міграцыі Берасцейскага УУС Аляксандр Томаш, які таксама прыехаў да месца раздачы адзення.

Супрацоўнікі міліцыі ў тое, што адбываецца не ўмешваліся, толькі прасілі дзяцей не выбягаць на праезную частку.

Гуманітарны груз у Берасце прыехаў з Менска. Багажнік «Універсал» і невялікі прычэп былі туга набіты пакетамі з адзеннем і абуткам. Берасцейцы змаглі сабраць для прыезджых толькі пару каробак з рэчамі.

Раздачу арганізавалі прама сярод вуліцы. Мужчынскае - з аднаго боку, жаночае і дзіцячае - з другога. Чачэнцы абступілі валанцёраў шчыльным колам.

- Спадзяемся на вашу сумленнасць: калі ў вас ужо ёсць рэчы, то вы нічога не бераце, - спрабавалі заклікаць мігрантаў да парадку валанцёры.

- Не хапіла дзіцячых рэчаў і лекаў ад прастуды. Астатняя адзенне будзе захоўвацца ў агенцтве рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» у Берасці, рэчы будуць выдавацца па меры патрэбы. Калі хтосьці пажадае яшчэ нешта аддаць - мы, вядома, гэта прымем і перададзім мігрантам, - распавяла валанцёрка Ганна Бадзяка, адна з арганізатараў збору рэчаў у Менску.

Нагадаем, у Берасці пастаянна знаходзяцца некалькі сотняў чачэнцаў. Кожны дзень яны робяць спробы выехаць у Польшчу, але для большасці яны аказваюцца безвыніковымі. У многіх сем'ях скончыліся грошы, таму яны начуюць на вакзале. У дзень спрабуюць выехаць у Еўразвяз ад 300 да 500 чачэнцаў.

- Я зрабіў 39 спробаў выехаць - іду на рэкорд. Калі не атрымаецца, буду думаць, як у Беларусі застацца. Можа, у мяне атрымаецца - і астатнія за мной падцягнуцца, - разважае Абдула. - А вяртацца мне куды? У яму, якую ўжо пад маю труну вырылі...?

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках