27 чэрвеня 2019, Чацвер, 10:21
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Памёр былы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс

10
Шымон Перэс

Ураджэнец Беларусі, ветэран ізраільскай палітыкі, экс-прэзідэнт Шымон Перэс памёр на 94-м годзе жыцця.

Як паведамлялі крыніцы ў ягоным атачэнні, стан 93-гадовага Шымона Перэса рэзка пагоршыўся на гэтым тыдні - пасля перанесенага раней у гэтым месяцы інсульту. 13 верасня ён быў дастаўлены ў бальніцу недалёка ад Тэль-Авіва. З гэтага моманту Перэс знаходзіўся ў стане штучнай комы, а таксама быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, паведамляе BBC.

Шымон Перэс быў выхадцам беларускай вёскі Вішнева (цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці). Ён нарадзіўся ў жніўні 1923 года. У адзінаццацігадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у Палестыну. Вырас у Тэль-Авіве і вучыўся ў школе сельскагаспадарчага паселішча Бэн-Шемен. У Беларусь Перэс вяртаўся з візітам двойчы - у 1994 і 1998 гадах.

Шымон Перэс быў прэзідэнтам Ізраіля з 2007 да 2014 года. Раней ён двойчы займаў пасаду міністра замежных спраў краіны, двойчы быў прэм'ер-міністрам, а таксама міністрам рэгіянальнага развіцця Ізраіля.

Перэс актыўна ўдзельнічаў у мірным працэсе на Блізкім Усходзе. У 1985 годзе на Генеральнай Асамблеі ААН ён першым з ізраільскіх лідараў агучыў ідэю склікання мірнай канферэнцыі на Блізкім Усходзе.

Будучы міністрам замежных спраў Ізраіля Шымон Перэс у 1994 годзе разам з прэзідэнтам Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Ясірам Арафатам і прэм'ерам Ізраіля Іцхакам Рабінам атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за намаганні ў дасягненні міру на Блізкім Усходзе.

29 траўня 2013 года ў вёсцы Вішнева на доме, у якім нарадзіўся і вырас прэзідэнт Ізраіля, была адкрыта памятная дошка. У той жа дзень у роднай вёсцы ізраільскага кіраўніка адбылося адкрыццё спецыяльнай фотавыставы «Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзідэнцкую вуліцу ў Ерусаліме». На цырымоніі прысутнічала дачка Шымона Перэса Цвія Вальд.

У ліпені 2013 года начальнік упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу Міністэрства замежных спраў Беларусі ўрачыста ўручыў Перэсу памятнае пасведчанне аб нараджэнні, якое пацвярджае факт яго з'яўлення на свет 2 жніўня 1923 года на беларускай зямлі ў вёсцы Вішнева.