26 красавiка 2024, Пятніца, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія заробкі плацяць у Нямеччыне

31
Якія заробкі плацяць у Нямеччыне

Больш за ўсё можна зарабіць у энэргетыцы, машынабудаванні і хімічнай прамысловасці.

Колькі зарабляюць жыхары Нямеччыны? Мінімальная сума аплаты працы (МСАП) складае ў ФРГ з 1 студзеня 2017 года 8,84 еўра на гадзіну (да гэтага было 8,50), а сярэдні заробак дасягнуў у 2015 годзе 3612 еўраў, паказвае Федэральная статыстычная ўстанова (Destatis). Падвесці вынікі 2016 года яна яшчэ не паспела.

Гэтыя дзве лічбы могуць служыць нейкімі арыенцірамі, але не больш таго. Для паўнавартаснага адказу на пытанне, колькі ж рэальна атрымліваюць нямецкія наёмныя работнікі, неабходна ўлічваць цэлы шэраг фактараў: які род іх заняткаў, у якой частцы краіны яны жывуць, які ў іх пол і, натуральна, якія яны плацяць падаткі, піша DW.

Палова наёмных работнікаў атрымлівае звыш 2500 еўраў брута

Таму што 3612 еўра - гэта сярэднестатыстычны намінальны заробак (брута-заробак) да выліку падаткаў і сацыяльных адлічэнняў, а яны даволі істотныя. Паводле звестак таго ж Destatis, чысты заробак (нэта-заробак) звычайна на 30-40 адсоткаў ніжэйшы. Так, нежанатаму бяздзетнаму мужчыну нямецкі працадаўца пераводзіў у 2015 годзе на рахунак 59,2 адсотка ад наміналу, а ў жанатага мужчыны з непрацуючай жонкай і двума дзецьмі нэта-заробак складаў 68 адсоткаў ад той сумы, што паказвалася ў аплатнай ведамасці.

Аднак, узровень брута-заробкаў многае кажа як аб вартасці рабочай сілы ў краіне, так і аб узроўні даходаў яе насельніцтва. Газета Bild, абапіраючыся на звесткі Федэральнага агенцтва працы (BA), падлічыла, што кожны другі з 31 мільёна зарэгістраваных у Нямеччыне наёмных работнікаў зарабляе звыш 2500 еўраў на месяц. Пры гэтым у 3,5 мільёна чалавек, г. зн., у 11 адсоткаў занятых па найму, намінальны заробак перавышае 5000 еўраў.

З іншага боку, кожны чацвёрты атрымлівае максімум 1600 еўраў - у два з лішнім разы менш за сярэдні заробак у краіне. Асабліва вялікая доля нізкааплатных на ўсходзе Нямеччыны. Адна з асноўных прычын таго: на тэрыторыі былой ГДР занадта мала буйных і нават сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў, якія забяспечваюць кваліфікаваным рабочым высокія заробкі. Тыя камбінаты, што былі пры сацыялізме, даўно збанкрутавалі, а новых высокапрыбытковых вытворчасцяў пакуль занадта мала.

Самыя высокія сярэднія заробкі - у аўтаградзе Вольфсбургу

Да прыкладу, у заходнегерманскіх аўтаградах Вольфсбургу і Інгальштаце, дзе знаходзяцца галаўныя заводы канцэрнаў Volkswagen і Audi, медыянныя брута-заробкі складаюць цяпер адпаведна 4610 і 4545 еўраў на месяц, у Людвігсхафэне на Рэйне (радзіма хімічнага гіганта BASF) і баварскім Эрлангене (некалькі прадпрыемстваў Siemens) 4491 і 4486 еўраў.

У той жа час у найбольш бедных усходненямецкіх рэгіёнах медыянныя заробкі не перавышаюць 2036 (Рудныя горы ў Цюрынгіі) і 2057 еўраў (востраў Руген у Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі). Пра гэта, у студзені 2017 года, паведаміла міністэрства працы ФРГ.

Удакладнім, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе не аб сярэднестатыстычным, а аб медыянным заробку. Гэта азначае, што, да прыкладу, у горадзе з самымі высокімі сярэднімі заробкамі ў Нямеччыне, Вольфсбургу, 50 адсоткаў наёмных работнікаў атрымліваюць больш за 4610 еўраў на месяц, а 50 адсоткаў - менш.

Нафтавікі на чале спісу, афіцыянты - у канцы

Такім чынам, аўтабудаўнікі і іх пастаўшчыкі - адны з самых прывабных працадаўцаў ў Нямеччыне. Асабліва высокія заробкі плацяць таксама ў энэргетыцы, машынабудаванні, хімічнай прамысловасці, у галіне інфармацыйных тэхналогій, у банкаўскай і страхавой сферах. А асабліва нізкія - у гатэльным бізнэсе, грамадскім харчаванні, мясной прамысловасці і на прадпрыемствах, якія займаюцца ўборкай памяшканняў.

Так, на тых нешматлікіх прадпрыемствах, якія здабываюць у Нямеччыне нафту і газ, самы высокі, паводле звестак Федэральнай статыстычнай установы, сярэдні брута-заробак у краіне: у 2015 годзе ён складаў 7351 еўраў. Каксаванне і нафтаперапрацоўка забяспечвалі 5789 еўраў на месяц, на паветраным транспарце плацілі 5311 еўраў. У той жа час сярэдні заробак у гатэлях і пансіёнах складаў 2224 еўраў, а ў рэстарацыях і кавярнях - 2142 еўраў (праўда, без уліку чаявых).

На ўзровень заробкаў у Нямеччыне ўплывае і пол работніка. Згодна з Destatis, у жанчын сярэдні брута-заробак за гадзіну (16,20 еўра) на 21 працэнт ніжэйшы, чым у мужчын (20,59 еўра). Часткова гэта звязана з тым, што жанчыны проста часцей працуюць у нізкааплатных сферах, напрыклад, у грамадскім харчаванні і гатэльным бізнэсе. Але адначасова гэта, безумоўна, водгалас ранейшай дыскрымінацыі жанчын на працоўным месцы. Каб канчаткова закрыць гэтую праблему, урад Нямеччыны 11 студзеня 2017 года ўхваліў законапраект аб роўнасці заробкаў мужчын і жанчын. Адзначым, што ў гэтым артыкуле гаворка ішла толькі аб наёмных работніках, якіх у Нямеччыне, як ужо адзначалася, блізу 31 мільёна. Усяго ж у ФРГ, паводле звестак Destatis, на канец 2016 года працавалі 43,8 мільёна чалавек. Такім чынам, у прыведзеных статыстычных звестках не ўлічваліся штомесячныя даходы прыкладна 13 мільёнаў прадпрымальнікаў, фермераў, прадстаўнікоў вольных прафесій (напрыклад, лекараў, адвакатаў, архітэктараў, артыстаў, якія працуюць самастойна), а таксама ўладальнікаў статусу дзяржаўнага службоўцы (Beamter). Іх заробкі не рэгулююцца рынкам або тарыфнымі пагадненнямі паміж працадаўцамі і прафзвязамі, а ўстанаўліваюцца заканадаўчым шляхам.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках