27 красавiка 2024, Субота, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зноў павысілі камуналку!»

14
«Зноў павысілі камуналку!»
Фото с сайта kp.by

Як жыхары аднаго дома чатыры гады байкатуюць павышэнне тарыфаў.

Сёлета беларусы будуць кампенсаваць ужо тры чвэрці выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. А ў наступным - усе 100%.

Улады абяцаюць, што рост тарыфаў не ўдарыць па сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва - ім дапамогуць жыллёвымі субсідыямі, а правільнасць налічэння аплаты будуць пільна адсочваць, «пад персанальную адказнасць кіраўнікоў».

На форумах і ў сацыяльных сетках беларусы выказваюць абурэнне чарговай абдзіралаўкай, але слаба вераць у тое, што рост тарыфаў на паслугі ЖКГ неяк можна прадухіліць.

А ў берлінскім раёне Кройцберг чатыры гады таму абураныя жыхары не сталі чакаць літасці ад урада. Яны самі ўзялі сітуацыю пад кантроль, піша «Заўтра тваёй краіны».

Пабудавалі наўпрост на плошчы каля метро «дом пратэсту» і заявілі, што не сыдуць з гэтага месца, пакуль не знізіцца плата за жыллё ў суседнім з ім «хмарачосе».

«І праз тры месяцы ўрад нас пачуў!»

Кройцберг славіцца першым у заходняй частцы горада хмарачосам. Гэта сацыяльны дом. У ім жывуць тыя, хто атрымлівае ад дзяржавы дапамогі і не можа сабе дазволіць здымаць жыллё ва ўсякім іншым раёне горада рынкавым коштам. І нават тут, у раёне з таннымі кватэрамі, разгараецца неабыякі запал. Праблема ўсё тая ж, што і ў Менску - рост аплаты.

- У заходнім Берліне гэта быў першы хмарачос. Яго адрас быў вядомы ўсім - Котбусэрштрасэ, 1, - кажа Дэтлеф Крэтшман, прадстаўнік грамадства кватэранаймальнікаў Kotti&Со.

Разам са сваімі суседзямі ён ужо чатыры гады байкатуе павышэнне платы за жыллё ў тым самым «хмарачосе», а заадно - і ў іншых дамах раёна.

- У гэтым доме камунальныя выдаткі складаюць такую ж суму, як і арэнда кватэры. Цяпер мы маем стаўку арэнднай платы ад 5 да 6 еўраў за квадратны метр. Прыкладна столькі ж у разліку за квадрат даводзіцца плаціць за камунальныя паслугі і ацяпленне. Пад'ём на ліфце на 10-ы паверх займае 12 секунд - гэтага часу якраз дастаткова, каб вымавіць фразу: «Чорт! Зноў павысілі камуналку!» - абураецца Дэтлеф. – Прынамсі, раз на год, у красавіку, арэнда павінна павышацца на 13 еўрацэнтаў за квадратны метр.

Грамадства кватэранаймальнікаў, якое дамагаецца зніжэння платы за жыллё, утварылася стыхійна - незадаволенасць ростам арэнды з'яднала суседзяў.

- Мы спачатку проста сустракаліся ў бары за вуглом і абмяркоўвалі, ці правільна мы жывем. Высветлілася, што кожны з нас атрымаў апавяшчэнне пра падвышэнне арэнднай платы. Так мы прыйшлі да высновы, што трэба правесці вялікі сход, - успамінае Дэтлеф.

На сход суседзі запрасілі прадстаўнікоў палітычных колаў і адміністрацыі раёна, сяброў грамадскіх арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы арандатараў. Група вылучыла тры патрабаванні: знізіць арэндную плату да 4 еўраў за «квадрат», знайсці доўгачасовае развязанне для гэтага пытання і арганізаваць канферэнцыю аб праблемах сацыяльнага жылля.

Палітыкі тады на сустрэчу не прыйшлі, але абураныя кватэранаймальнікі адступаць не збіраліся. Для пацверджання сур'ёзнасці сваіх намераў у 2012 годзе на плошчы Котбусэр-тор яны самавольна паставілі «дом пратэсту». У ім суседзі збіраюцца дагэтуль.

- Мы наважылі, што кожныя выхадныя або мінімум праз выходныя будзем ладзіць у нашым раёне дэманстрацыю, каб усе нас бачылі і чулі, - кажа Дэтлеф. - І праз тры месяцы ўрад нас пачуў! Да нас даслалі намесніка міністра. Справа дайшла да самых вярхоў! Кіраўнік раённай адміністрацыі спачатку нават булачкі нам раніцой прывозіў. Мы тады сказалі, што зоймем гэта месца, дзе цяпер стаіць наш домік, і не сыдзем з яго, пакуль нам не знізяць арэнду.

«Мы дамагліся таго-сяго»

За чатыры гады актывісты Kotti&Co абышлі дзясяткі інстанцый, правялі незлічоную колькасць маніфестацыяў. Словам, пастараліся зрабіць усё, каб пра іх праблемы даведаліся ўсе, хто можа паўплываць на іх развязанне.

- Мы дамагліся таго-сяго. Планавае штогадовае павышэнне арэнднай платы на 0,13 еўра за квадратны метр цяпер не адбываецца. І ўлады, і ўрад успрымаюць нас усур'ёз. З годных даверу крыніц мы ведаем, што нас уважаюць за цэнтр кампетэнцыі ў пытаннях арэнды жылля, - пералічвае дасягненні групы энтузіястаў Дэтлеф. - Нам удалося адбіцца ад прымусовых высяленняў тых, у каго ёсць запазычанасці ў аплаце арэнды. Знаходжанне нашага дамка на плошчы церпяць, хоць дазвол на тое, каб ён стаяў тут, не атрыманы.

Збіць кошт арэнды да 4 еўраў пакуль не ўдаецца - улады не могуць прымусіць уласніка дома ўстанавіць такі тарыф. Але спыняцца на дасягнутым, не кажучы ўжо пра тое, каб мяняць месца жыхарства, актывісты не збіраюцца.

- Праблема з павышэннем арэнды датычыцца ўсяго мікрараёна - а гэта дзясяткі тысяч кватэр, - акрэслівае фронт працы Дэтлеф Крэтшман.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках