27 красавiка 2024, Субота, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: У «дармаеды» ў Беларусі запісалі нават працоўных мігрантаў

20
Deutsche Welle: У «дармаеды» ў Беларусі запісалі нават працоўных мігрантаў
Фота: БелТА

Пошук «сацыяльных утрыманцаў» прывёў да адпраўкі грамадзянам, якія з'ехалі з краіны, паведамленняў выплаціць «падатак на дармаедства».

У пошуках грошай беларускія ўлады не пакідаюць у спакоі так званых «дармаедаў» - імі, згодна з дэкрэтам Лукашэнкі «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», з'яўляюцца грамадзяне, якія не ўдзельнічаюць больш за паўгода ў фінансаванні дзяржбюджэту і не маюць падстаў для вызвалення ад падаткаў, піша Deutsche Welle.

Пры гэтым лісты з падатковых органаў з патрабаваннем аплаціць збор сумай 20 базавых адзінак (у пераліку - крыху менш за 175 еўраў) былі адпраўленыя і тым беларусам, хто вучыцца або працуе за мяжой. Магчымасць давесці неабгрунтаванасць прэтэнзій у шэрагу выпадкаў ёсць, але сам факт іх выстаўлення для многіх беларусаў стаў сапраўдным стрэсам, а довады невінаватасці патрабуюць сіл і часу.

Не жывеш у Беларусі - усё адно заплаці падатак

Да ўвядзення «падатку на дармаедства» чыноўнікі заяўлялі, што яго патэнцыйных аплатнікаў у Беларусі - 400 тысяч, але да 15 лістапада падатковыя інспекцыі разаслалі паведамленні аб выплаце збору толькі 50 тысячам грамадзян. Пазней колькасць «дармаедаў» давялі да планавага: 13 студзеня міністэрства падаткаў і збораў паведаміла, што паведамленні, іх у народзе называюць «лістамі шчасця», адпраўленыя 400 тысяч чалавек.

Абмеркаванне тэмы ў сацыяльных сетках і публічнай прасторы сведчыць пра тое, што падаткавікі разаслалі паведамленні, у тым ліку, і адсутным у Беларусі грамадзянам. І многія з іх не ведаюць, чым - акрамя прадугледжанага штрафу або адміністрацыйнага арышту - пагражае нявыплата збору.

Ніякіх афіцыйных каментароў, чаму так адбылося, журналістам у падатковых органах атрымаць не ўдалося. Аднак у раённых падатковых інспекцыях Менска адказваюць на некаторыя пытанні тых, хто атрымаў апавяшчэнні, або іх сваякоў. Так, супрацоўніца адной з інспекцый паведаміла, што, згодна з дэкрэтам, паведамленне ўважаецца ўручаным пасля заканчэння 10 дзен з дня адпраўкі - нават калі ўказаны ў лісце адрасат не распісаўся ў атрыманні.

«Ухіляцца ад атрымання паведамлення немае сэнсу»

Гэта значыць, патэнцыйны аплатнік рэальна можа і не ведаць, што яму прыйшло паведамленне, калі яму пра гэта не раскажуць сваякі, якія жывуць па месцы ягонай ранейшай прапіскі ў Беларусі. Далей, працягнула супрацоўніца падатковай, калі адрасат у 30-дзённы тэрмін не заплаціць збор і не адрэагуе на ліст іншым чынам, «будзем рыхтаваць дакументы ў суд, і ён вынесе пастанову».

А калі чалавек нават не ведае (бо жыве за мяжой), што яму прыйшло такое паведамленне? «Гэта пытанне не да нас, мы ўсяго толькі выканаўцы дэкрэта, але ўхіляцца ад атрымання паведамлення не мае сэнсу, яна ўсё адно будзе ўважацца за ўручанае», - патлумачыла супрацоўніца падатковай.

І дадала, што адрасаты паведамленняў могуць сутыкнуцца з праблемамі пры выездзе з Беларусі, як і тыя, што ўхіляюцца ад падаткаў: «Акрамя таго, магчымыя праблемы, калі яны вызначаць узяць грамадзянства той краіны, дзе фізічна знаходзяцца. Працэдура прадугледжвае запыт у МЗС. Адтуль з пытаннем, ці ёсць у грамадзяніна запазычанасць, звернуцца да нас, і мы адкажам «так», і пашпарт іншай дзяржавы не выдадуць».

«У нас свая база аплатнікаў»

На пытанне, чаму, выпісваючы паведамленні, не звярнуліся да базы звестак Дзяржпамежкамітэта, у раённых падатковых інспекцыях адказваюць, што ў кожнай з іх фармуецца свая база аплатнікаў. А чаму людзі павінны апраўдвацца і даводзіць, што адсутнічалі ў Беларусі больш за 183 дзён за год і прэтэнзіі да іх не абгрунтаваныя, чыноўнікі не тлумачаць.

Між тым, як заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі, ніякіх збояў у працы гэтай установы апошнім часам не было. Аўтаматызаваная сістэма памежнага кантролю функцыянуе ў штатным рэжыме, і ўсякі грамадзянін можа без праблем у 15-дзённы тэрмін атрымаць адказ на электронны або адпраўлены поштай запыт аб датах перасячэння ім дзяржмяжы.

І сапраўды, ёсць прыклады, калі для анулявання прэтэнзій падаткавікоў дастаткова напісаць электронны зварот, паказаўшы ў ім, што патрабаванне заплаціць падатак неабгрунтаванае, бо адрасат фізічна знаходзіўся за мяжой больш за паўгода і заплаціў падаткі па месцы пражывання. А факт перасячэння дзяржмяжы Беларусі можна праверыць у базе звестак Дзяржпамежкамітэту.

Значна складаней тым, хто працуе або вучыцца ў Расеі. Праз фактычную адсутнасць кантролю на мяжы паміж РБ і РФ улік беларусаў, якія з'язджаюць у Расею, не вядзецца. І яны павінны падаць у падатковую інспекцыю дакументы, якія пацвярджаюць факт знаходжання на расейскай тэрыторыі. Напрыклад, кантракт на працу, дамову арэнды жылля (што маюць далёка не ўсе працоўныя мігранты) або даведку з падатковых органаў РФ.

Дэкрэт вытканы з супярэчнасцяў

Ёсць выпадкі, калі беларусы, якія працуюць за мяжой, знаходзяцца ў базах звестак падатковай, нібыта як грамадзяне Беларусі. З такой праблемай сутыкнуўся, напрыклад, рэдактар радыё «Свабода» Франак Вячорка. Яму давялося замовіць даведку ў падатковай інспекцыі Чэхіі, на тэрыторыі якой ён знаходзіўся больш за паўгода і плаціў падаткі.

Як паведаміў у інтэрв'ю кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, праваабаронцы атрымліваюць сотні просьбаў аб дапамозе ў сувязі з «падаткам на дармаедства», і большасць з іх пацвярджаюць, што дэкрэт Лукашэнкі юрыдычна не сістэмны. Ён не ўпісваецца ў сусветную практыку падаткаабкладання, бо, на ацэнку Гулака, фактычна, не з'яўляецца ні падаткам, які мае на ўвазе атрыманне даходу, ні зборам, якія прадугледжваюць атрыманне паслуг. Адсюль ідуць і астатнія супярэчнасці, разбірацца з якімі вымушаныя і чыноўнікі, і ўладальнікі беларускіх пашпартоў, незалежна ад месца іх фактычнага пражывання.

Акрамя працоўных мігрантаў няпроста давесці неабгрунтаванасць прэтэнзій да іх, а таксама да грамадзян Беларусі. Права вызваліць ад выплаты збору тых, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, ёсць у мясцовых органаў улады, але няма дакладных інструкцый, што ўважаць за такую. Таму што акрамя відавочных выпадкаў, калі, напрыклад, працу губляе хворы на рак, ёсць і іншыя складаныя абставіны.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках