26 красавiка 2024, Пятніца, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актор з «Начнога дазору» стварыў на Валожыншчыне музей пра жыццё кантрабандыстаў

2
Актор з «Начнога дазору» стварыў на Валожыншчыне музей пра жыццё кантрабандыстаў

Дом-музей «Шляхецкая брама» знаходзіцца на шляху з Менска ў Вільню ў вёсцы Малое Запруддзе Валожынскага раёна.

Партал наведаў дом-музей «Шляхецкая брама» і даведаўся, навошта ў яго наваколлі прыязджаў імператар Мікалай II, як наведвальнікам ператварыцца ў сапраўдных кантрабандыстаў і чаму гаспадар дома-музея, які зняўся ў дзясятцы стужак, зацікавіўся музейнай справай, піша tut.by.

Дом-музей знаходзіцца на шляху з Менска ў Вільню ў вёсцы Малое Запруддзе Валожынскага раёна. Ён прысвечаны «польскаму» перыяду гісторыі Заходняй Беларусі, калі паміж сусветнымі войнамі гэтыя тэрыторыі знаходзіліся ў складзе Польшчы. Зусім побач праходзіла савецка-польская мяжа, што спрыяла росквіту кантрабандыстаў.

ФЁДАР МІХЕЕЎ (СПРАВА) У ГІСТАРЫЧНАЙ РЭКАНСТРУКЦЫІ
ФОТА З САЙТА TUT.BY

Заснавальнік дома-музея Фёдар Міхееў — майстар з залатымі рукамі, нястомны весялун і цікавы суразмоўца. З дзяцінства ён «жыў» у рыцарскай зале Эрмітажа і Артылерыйскага музея, захапляўся сярэднявечнымі сюжэтамі, у асаблівасці, творамі сэра Вальтэра Скота.

У сярэдзіне 1990-х гадоў Фёдар стварыў некалькі вайскова-гістарычных клубаў: «Княжы Гуф», «Рэгімент Януша Радзівіла» і «18-ы пяхотны полк ВКЛ». Гэтыя клубы на чале з Фёдарам рэпрэзентавалі нашу краіну на шматлікіх міжнародных гістарычных фестывалях, на якіх адбываліся рэканструкцыі бітваў (напрыклад, Грунвальдскай бітвы, TerraHeroika, бітвы на рацэ Бярэзіне, Барадзінскай бітвы, Ostroleka). Акрамя таго, Фёдара можна ўбачыць у кіно: ён здымаўся ў фільмах «Начны дазор» і «Дзённы дазор» (роля другога плана на баку светлых сіл), «1612: Хронікі смутнага часу», «Уланская балада» і многіх іншых. З ягоным удзелам былі знятыя музычныя кліпы гуртоў «Арыя», «Стары Ольса» і «Брута».

Фота з сайта tut.by

Наступным крокам стала стварэнне музея «Шляхецкая брама». У канцы 1990-х гадоў Фёдар купіў звычайны драўляны дом і перарабіў яго ў сапраўдную шляхецкую сядзібу, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў аматараў гісторыі і актыўнага адпачынку на прыродзе.

Раней тут быў край кантрабандыстаў. Вось як пра гэта пісаў Сяргей Пясецкі — шпіён трох выведак і намінант на Нобелеўскую прэмію ў літаратуры: «Калі вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць на доўгім адрэзку мяжы заслону змроку, мы б убачылі партыі кантрабанды, якія цягнуцца да мяжы...». Уся жыццё тут круцілася вакол кантрабанды: з Менска цягнулі золата і каштоўнасці, з Польшчы валаклі гаспадарчыя дробязі, мыла і іншы дэфіцыт.

Менавіта таму ў музеі прыдуманы сапраўдны квэст «Шляхамі кантрабандыстаў», удзельнікам якога неабходна праявіць кемлівасць і знаходлівасць, выпрабаваць сябе ў ролі мацёрага кантрабандыста, следапыта, майстра стральбы або выступіць у іншым амплуа. Часта гаспадар прыдумляе для сваіх гасцей і іншыя мэтавыя квэсты, напрыклад, пра цыганоў, піратаў, індзейцаў або штосьці іншае.

Фота з сайта tut.by

Каб трапіць у падворак, наведвальнікі праходзяць у манументальную арку і пападаюць у незвычайны для вока простага гараджаніна двор. Музей пачынаецца ўжо тут: атмасфера пачатку пазамінулага стагоддзя, цэлая калекцыя колаў ад вазоў, старадаўнія артэфакты і...сапраўдныя абложныя гарматы чароўнага Сярэднявечча. На ўсё гэта строга глядзіць Юзаф Пілсудскі, чый бюст знаходзіцца на падворку.

Фота з сайта tut.by

Першае, што вы ўбачыце ў доме, — гэта мапа 1927 года, якая вісіць насупраць уваходу. Фёдар Міхееў сабраў у сваім музеі мноства цікавых экспанатаў. Гэта і арыгіналы дакументаў таго часу, і шыльды з назвамі вуліц і маёнткаў, і рэстаўраваная ўніформа польскага жаўнера 1932 года, а таксама старанна сабраныя калекцыі прыгожай мэблі, аўтэнтычнага посуду і музычных інструментаў.

Фота з сайта tut.by

Акрамя дакументаў у доме-музеі захоўваюцца прылады працы, розная сімволіка, даматканыя дываны, міжваенныя гарнітуры, гадзіннікі, патэфоны, радыё, паляўнічыя трафеі і прыстасаванні, фатаграфіі, узнагароды, грошы, газавыя лямпы, зброя і шмат іншых розных дзіўных рэчаў, аб прызначэнні якіх нават складана здагадацца. Уся экспазіцыя дома-музея стварае своеасаблівы гістарычны ансамбль.

Усё гэта інтэрактыўнае, жывое. Наведвальнікі могуць пакратаць, патрымаць у руках саму гісторыю, без шкла і музейных наглядчыкаў. Тут можна выпіць гарбаты ці чагосьці мацнейшага са старадаўняга кубка, пераначаваць у ложку, які быў зроблены калісьці даўно ў Кракаве. Можна ўбачыць і паслухаць беларускія традыцыйныя інструменты: беларускую дуду, колавую ліру, жалейку, і ўсё гэта пад гукі трэску дроў у каміне.

Фота з сайта tut.by

Калі сядзіба стала папулярнай, гаспадар абсталяваў сапраўдны клуб, здольны змясціць блізу пяцідзесяці гасцей. Там размяшчаецца калекцыя вагаў розных эпох, музычных інструментаў, знаходзіцца шыкоўная сцэна з заслонай, стыльная барная стойка, усталяванае абсталяванне для пастановак, майстар-класаў, канцэртаў і проста народных гулянняў. Аматары актыўнага адпачынку могуць паўдзельнічаць у конных або веласіпедных прыгодах па наваколлі, сплавіцца на байдарках па Заходняй Бярэзіне. У клубе рэгулярна праходзяць культурныя мерапрыемствы, расклад якіх можна даведацца на старонцы дома-музея ў Facebook.

Фота з сайта tut.by

Падчас размовы Фёдар стала ўжываў словазлучэнне «частка музея». Гэта нас крыху збянтэжыла, і гаспадар патлумачыў, што ў адным будынку размесціцца «Музей беларускай вайсковай славы». Там можна будзе ўбачыць калекцыю рэканструяванай зброі, баявых машын, латы і шматлікія рэчы, якія былі сведкамі баявой славы беларусаў цягам усёй нашай гісторыі.

Яшчэ адзін перспектыўны праект — гэта стварэнне макета Лоскаўскага замка, які знаходзіўся ў двух кіламетрах ад дома-музея. Ён належаў сваякам Радзівілаў і існаваў тут у XIV—XVIII стагоддзях. Гэта быў адзін з цэнтраў культурнага адраджэння ВКЛ, у тым ліку рэфарматарскага, тут знаходзілася друкарня Яна Кішкі, дзе быў выдадзены катэхізіс Сымона Буднага. На гэты момант ад аб'екта засталося толькі замчышча.

Пра вонкавы выгляд Лоскаўскага замка засталося вельмі мала сведчанняў, вядома толькі, што ён быў драўляны. Аднак Фёдару Міхееву трапіўся на вочы дакумент, паводле якога можна аднавіць прыкладны выгляд Лоскаўскага замка. Таму вельмі імаверна, што ў планаваным «Музеі беларускай вайсковай славы» будзе зробленая мініяцюра гэтага гістарычнага аб'екта.

Фота з сайта tut.by

У самім Лоску акрамя руін замка ёсць на што паглядзець. У вёсцы захавалася царква пачатку XIX стагоддзя, купель святога Панцеляймона — месца паломніцтва для ахвотных аздаравіцца (уважаецца, што вада ў купелі — гаючая). Каб умацаваць цела халоднай вадой з крыніцы, у Лоск прыязджаў сам імператар Мікалай II. А яшчэ існуе легенда, што паміж Лоскаўскім замкам і Крэўскім існаваў сакрэтны падземны ход. Таму вельмі імаверна, што ў будучыні гэты раён яшчэ чакаюць вельмі цікавыя археалагічныя знаходкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках