26 красавiка 2024, Пятніца, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага

4
Актывісты ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага

Герой Нябеснай сотні загінуў за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі.

22 студзеня на могілках каля вёскі Сцяг Працы ў Гомельскім раёне актывісты апазіцыйных партый і грамадскіх аб'яднанняў і рухаў з Менска, Светлагорска, Бабруйска і Гомеля ўшанавалі памяць пахаванага тут беларуса Міхаіла Жызнеўскага, піша naviny.by.

Падчас жалобнага мерапрыемства пад Гомелем бацька загінулага Міхаіл Жызнеўскі адзначыў, што малады чалавек загінуў за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі. Ён дадаў, што ўкраінцы — свабодалюбівы народ, і гэтым адрозніваюцца ад беларусаў.

«А чаго ж захацелася ім — пагарджаным век, сляпым і глухім? Людзьмі звацца! Вось за гэта змагаліся на Майдане. Так і сёння хочацца сказаць, што мы не быдла, за якое нас уважае ўлада, а народ. А ў нас цяпер кожны начальнік цэха — маленькі дыктатар і князь. Больш траіх збірацца нельга, актывістаў і журналістаў збівае міліцыя, а простыя пралетары жыляцца ў тры змены за сто даляраў. Людзі ператварыліся ў рабоў, не разумеюць, хто вінаваты, і таму сварацца паміж сабой, хоць трэба аб'ядноўвацца і змагацца за сваю годнасць, як змагаліся ўкраінцы. А ў нас людзі страцілі сваю годнасць», — заявіў Жызнеўскі.

Сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая назвала добрымі тыя часы, калі героі не патрэбныя, і яны застаюцца як патэнцыял нацыі для супраціву.

«Бо нацыя, як і кожны арганізм, калі ён здольны супраціўляцца, жывы. Міхаіл стаў героем братняга народа Украіны. У нас, на вялікі жаль, няма прасторы для герояў. Мы ў сваёй краіне жывем як у гета. Але я думаю, што наяўнасць такіх герояў, такога патэнцыялу сведчыць аб тым, што, калі надыдзе час, гэтыя людзі сябе праявяць», — мяркуе Талстая.

Адзін з лідараў гомельскіх апазіцыянераў Уладзімір Кацора адзначыў, што сёння актывісты сабраліся на гэтым месцы, бо салідарныя з украінцамі, якія змагаліся за свабоду на Майдане, а цяпер змагаюцца з расейскай агрэсіяй і за еўрапейскі шлях развіцця.

«У нас гэта наперадзе, і я ўпэўнены, што мы ў гэтай барацьбе за наш шлях у Еўропу, да свабоды яшчэ не раз прыйдзем сюды і будзем памятаць нашага героя Жызнеўскага», — падкрэсліў Кацора.

Чалец украінскай арганізацыі УНА-УНСО гамяльчук Міхаіл Жызнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі. 18 лістапада 2015 года прадстаўнік Генпракуратуры Украіны паведаміў, што Жызнеўскага пацэліла куля, якую выкарыстоўваюць у МУС для спынення транспартных сродкаў. 26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрылі помнік загінуламу. Бацькам беларуса Ніны і Міхаілу Жызнеўскім быў уручаны ордэн Героя Нябеснай сотні. У мінулым годзе ўкраінскі ўрад прызначыў ім пажыццёвую стыпендыю. У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ўсталяваны помнік беларусу. Сёння, 22 студзеня, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Кіеве ўшанаваў памяць Героя Нябеснай сотні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках