26 красавiка 2024, Пятніца, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як берасцейка дала адпор камунальнікам

1
Як берасцейка дала адпор камунальнікам
Фота: «Белсат»

Рашучая мастачка спыніла высечку дрэў насуперак дзеянням рабочых.

Калі ў двары жыхаркі Берасця Ганны Радзько камунальнікі пачалі пілаваць дрэвы, дзяўчына здолела спыніць рабочых і выратавала некалькі дрэў, паведамляе belsat.eu.

«Да мяне ў двор прыехалі людзі са спецтэхнікай і давай касіць пад корань дрэвы. Назіраю ў акно. Падбіраюцца да майго ўлюбёнага дрэва - караля двара. Улетку яно дае вялікую цень у сонцапёк, зімой незвычайна прыгожае пад снегам. Спачатку рабочыя пілавалі галінкі, а потым узяліся за вялікія дрэвы. Я выбегла з дома і запатрабавала спыніць пілаваць дрэвы - а рабочыя мне дакументы, што яны павінны спілаваць сем дрэў. У выніку я патэлефанавала начальніку ЖРЭУ, ён даў каманду спыніць усе працы, далей датэлефанавалася да галоўнага ландшафтнага архітэктара Берасця. І пасля размовы з ім дамаглася таго, што ўдалося выратаваць два дрэвы», - распавядае Ганна Радзько.

Экалагічныя актывісты заклікаюць грамадзян не быць абыякавымі, бо нярэдка бывае, што разам з трухлявымі і хворымі дрэвамі пілуюць і зусім здаровыя.

«Улады маюць шмат магчымасцяў законна секчы нават здаровыя дрэвы. Таму што высякаць іх дазволена не толькі з прычыны аварыйнага стану і пагрозы людзям. Да прыкладу, летам у Менску ссеклі велізарную прыгожую таполю каля плошчы Перамогі, якая перашкаджала рэканструкцыі каналізацыйных сетак, - кажа экаактывістка Надзея Дубоўская. - Паводле закона дрэвы таксама можна секчы ў сувязі з будаўніцтвам дома або паркоўкі, калі праектнай дакументацыяй зацверджаная вывечка дрэў на гэтай тэрыторыі. Ссекчы дрэва ў двары могуць, калі жыхары будуць скардзіцца, што дрэва не дае паступаць святлу ў кватэру».

Згодна з заканадаўствам, высечка аб'ектаў расліннага свету ў населеных пунктах дапускаецца толькі ў выпадку, калі немагчымая іх перасадка. Дарослыя дрэвы цяпер таксама перасаджваюць. Грамадскія абмеркаванні не прадугледжаныя, калі дазвол на высечку дрэў выдадзены праз аварыйны стан дрэва, а таксама калі яно перашкаджае эксплуатацыі інжынерных камунікацый або парушае асветленасць будынкаў. Але нават у гэтых выпадках грамадскасць павінны праінфармаваць не пазней як за тры каляндарныя днi.

Калі ў двары сякуць дрэва, трэба ў першую чаргу высветліць законнасць і прычыну высечкі: падысці да рабочых, знайсці старэйшага, спытаць, з якой яны арганізацыі і папрасіць паказаць дакументы - дазвол на высечку дрэў або схему высечкі аварыйных дрэў. Трэба ўлічваць, што гэтыя дакументы яны вам паказваць не абавязаныя, таму лепш за ўсё хутка патэлефанаваць у арганізацыю, якая праводзіць працы, або ў арганізацыю, якая абслугоўвае жыллёвы фонд (напрыклад, ЖЭС), даведацца пра прычыну высечкі дрэў. Толькі так будзе шанец спыніць працы, - запэўнівае Надзея Дубоўская.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках