26 красавiка 2024, Пятніца, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навагодні «расстрэл» менчука: каму верыць?

107
Навагодні «расстрэл» менчука: каму верыць?

Самай папулярнай навіной першых дзён 2017 года стаў інцыдэнт са стральбой у навагоднюю ноч у менскай шматпавярхоўцы.

Гэты скандал стаў яшчэ адной нагодай задумацца аб адносінах тых, хто павінен ахоўваць спакой грамадзян, з самімі грамадзянамі.

Адносіны гэтыя складаюцца не бязвоблачна ў сілу цэлага спісу прычын і, можна нават сказаць, гістарычна. І ўжо ніяк не спрыяюць росту ўзаемаразумення паміж бакамі гісторыі накшталт гэтай, піша «Салідарнасць».

Сяржант міліцыі С. прыехаў на выклік, каб уціхамірыць кампанію, што залішне бурна адзначала надыход 2017-га. Далей, паводле версіі МУС, гаспадар кватэры раптам палез у бойку з ахоўнікам парадку і паспрабаваў адабраць у яго зброю. Сяржант «ў барацьбе зрабіў папераджальны стрэл у бок, а затым два стрэлы з пісталета, імкнучыся прычыніць нападніку найменшую шкоду». У выніку жыхар знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане: два агнястрэльных раненні – у грудзі і ў нагу.

У міліцэйскую версію паверылі, далікатна кажучы, не ўсе.

Скепсіс у дачыненні да сцвярджэнняў вартавых закона, на жаль, грунтуецца на багатай практыцы. Выпадкаў, калі міліцыянты давалі вельмі сумнеўныя, а то і цалкам не адпаведныя рэчаіснасці паказанні, стае. Чаго варта адна гісторыя з філосафам Уладзімірам Мацкевічам, якога судзілі на падставе слоў супрацоўнікаў МУС за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў у Менску 15 лютага 2016 года, хоць у гэты час ён знаходзіўся ў Варшаве.

Цалкам імаверна, што ў выпадку з навагодняй гісторыяй усё было менавіта так, як паведамляе МУС. Урэшце, не ўсе ж міліцыянты ў нас – хлусы. Але праз тых, хто хлусіў пад прысягай, кінуты цень і на іх сумленных калег. Ідзі разбярыся, хто там у вас прыстойны, а хто – не.

Між тым існуе вельмі просты спосаб павысіць давер да міліцыі – абсталяваць яе супрацоўнікаў відэарэгістратарамі. Калі б такі быў у сяржанта. С., запіс дазволіў бы хутка разабрацца, хто вінаваты ў інцыдэнце са стральбой.

Набыць відэарэгістратары для міліцыянтаў неабходна не толькі, каб пераконваць падазроных карыстальнікаў Інтэрнэту. Пара спыніць заганную практыку, калі людзей асуджаюць выключна на падставе галаслоўных сцвярджэнняў такіх жа людзей толькі ў пагонах. Па Канстытуцыі ўсе беларусы роўныя па-за залежнасці ад месца працы. Таму ёсць зафіксаваны на відэа факт правапарушэння – сардэчна запрашаем у суд. А няма і суда няма.

Уласна, пастанова аб закупцы відэарэгістратараў для менскіх міліцыянтаў была прынятая ўжо каля года таму. Але тэмпы яе выканання пакуль не ўражваюць. Таму, калі патрульны страляе на паражэнне, у многіх з'яўляюцца сумневы ў афіцыйнай версіі.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках