26 красавiка 2024, Пятніца, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца з Полацка: За восень «назбіраў» штрафаў на 533 рублі

15
Кіроўца з Полацка: За восень «назбіраў» штрафаў на 533 рублі
ФОТА: ONLINER.BY

Кіроўцы ўпэўненыя, што камера хуткасці ў Полацкім раёне няспраўная.

У Полацкім раёне некаторыя кіроўцы б'юць трывогу. На іх думку, «узбунтавалася» камера хуткасці, усталяваная ў раёне вёскі Рапно: праязджаеш міма яе — і прыходзіць «ліст шчасця». Прычым кіроўцы кажуць, што едуць павольна, а штрафы ўсё адно прыходзяць. Ці магчыма такое?

Кіроўца: «За восень назбіраў штрафаў на 533 рублі»

Кіроўца Яўген распавёў карэспандэнту Onliner.by, што сем «лістоў шчасця» ён ужо атрымаў, яшчэ адзін — восьмы — павінен прыйсці з дня на дзень.

— Праз вёску Рапно я з даўніх часоў езджу на працу. Дакладней, раней ездзіў. І ніякіх праблем. А тут атрымліваю ліст: 2 верасня перавышэнне хуткасці на 32 км/г, штраф — 92 рублі. Добра, думаю, ці мала дзе разагнаўся — заплаціў. У канцы месяца — яшчэ адзін штраф, зноў 92 рублі. Ужо думаю, дзе ж гэтая камера. І затым пайшлі лісты. Агулам «назбіраў» штрафаў на 533 рублі, — зазначыў Яўген.

Дазволеная хуткасць на адцінку дарогі, дзе ўсталяваны прыбор фотафіксацыі, — 60 км/г. Мужчына намагае на тым, што не перавышаў. Больш таго, з ягоных слоў, атрымаўшы два штрафы і выявіўшы, дзе ўсталяваная камера, стаў свядома зніжаць хуткасць, праязджаючы яе.

— Я і так не зух, хоць у мяне BMW 5-Series трохлітровы. Ну дык што, калі магутны аўтамабіль — абавязкова кіроўца-зух? Я езджу на круіз-кантролі: заязджаю ў населены пункт — хуткасць 50 км/г плюс-мінус 5 км/г. І калі б перавышэнні былі на 15 км/г, я б, магчыма, і не задумаўся б. Але слухайце, у чатырох выпадках мне прыпісваюць хуткасць за 90 км/г, гэта значыць перавышэнне больш як на 30 км/г. А я спецыяльна сачыў праз тахометр: рухавік выдаваў недзе 1000 абаротаў. Мяркуйце самі: на 90 км/г ён бы выдаваў мінімум 2000, — мяркуе кіроўца.

Практычна ўсю восень Яўген ездзіў звыклым маршрутам.

— Запавольваўся да 40 км/г, адзін раз амаль спыніўся, думаў ужо штурхаць аўто. Потым прыйшоў ліст: перавышэнне на 11 км/г. Я проста не магу паверыць, што гэта магчыма, — кажа суразмоўца. — Напісаў ліст у Менск, у «Бяспечныя дарогі Беларусі». Два першых штрафы аплаціў, астатнія пакуль не аплачваў. І дарогай гэтай больш не езджу памяняў маршрут. Хай па кіламетражы ён даўжэйшы, затое мне спакайней. Камера хуткасці на іншай дарозе таксама ёсць, але штрафаў мне пакуль не прыходзіла.

Мужчына таксама заўважыў дзве цікавыя асаблівасці. Па-першае, кожны раз камера фіксавала ягоны аўтамабіль альбо раніцай, альбо ўвечары — у той час, калі на дарозе найбольшая транспартная плынь. Па-другое, прыбор «страляў» у спіну, гэта значыць на здымках бачная задняя частка аўтамабіля.

— Слухайце, ну гэта кім жа трэба быць, каб атрымаць два штрафы па 92 рублі і адразу ж перавышаць зноў і зноў, — пытаецца наш чытач.

Яўген стварыў групу ў сацсетцы «ВКонтакте». Высветлілася, што прэтэнзіі да камеры хуткасці, устаноўленай ля вёскі Рапно, ёсць і ў іншых кіроўцаў. Колькасць групы ўжо перавысіла 60 чалавек.

Кіроўца з невялікім досведам: «Я выконваю хуткасны рэжым»

У рэдакцыю Onliner.by звярнулася кіроўца Кацярына. Дзяўчына распавяла, што ў верасні таксама атрымала «ліст шчасця».

— Я вельмі здзівілася, бо кірую аўтамабілем ўсяго пару месяцаў і вяду сябе вельмі ўважліва на дарозе. Натуральна, выконваю хуткасны рэжым. Стала разбірацца ў гэтай сітуацыі і даведалася, што многія скардзяцца менавіта на гэты прыбор фотафіксацыі, — адзначыла субяседніца.

Кацярына таксама напісала ліст у «Бяспечныя дарогі Беларусі» і атрымала, фактычна, той жа адказ, што і Яўген: праведзена праверка, збояў у працы прыбора не выяўлена.

Цяпер Кацярына, Яўген і іншыя кіроўцы складаюць калектыўную скаргу з просьбай праверыць спраўнасць прыбора. Да моманту публікацыі, пад зваротам падпісалася блізу 10 чалавек.

Даведка: адказнасць за перавышэнне хуткасці

Адказнасць за перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху, зафіксаванае ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, прадугледжаная ў пп 5-8 арт 18.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сума штрафу залежыць ад таго, наколькі перавышаная хуткасць, і складае:

пры перавышэнні ад 10 да 20 км/г — 0,5 базавай адзінкі (11 рублёў 50 капеек);

ад 20 да 30 км/г — 2 базавыя адзінкі (46 рублёў);

ад 30 да 40 км/г — 4 базавыя адзінкі (92 рублі);

больш за 40 км/г — 6 базавых адзінак (138 рублёў).

Каментар СЗАТ «Бяспечныя дарогі Беларусі»

У арганізацыі, якая займаецца развіццём і эксплуатацыяй сістэмы фотафіксацыі ў Беларусі, карэспандэнту Onliner.by пацвердзілі, што на камеру ў Полацкім раёне паступаюць скаргі. Прычым па-свойму гэта унікальны выпадак: з нагоды іншых прыбораў такой колькасці зваротаў не было.

— Якасць працы гэтага канкрэтнага прыбора правяраецца. Пакуль тыя звесткі, якія ўжо атрыманыя, пацвярджаюць, што датчык працуе спраўна, — распавялі ў «Бяспечных дарогах Беларусі».

Там таксама адзначылі, што ўсе такія прыборы, якія выкарыстоўваюцца для фіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму, праходзяць паверку ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі, які выдае выснову аб працы кожнага датчыка.

— Тая камера, аб якой ідзе гаворка, ва ўстаноўленым парадку прайшла паверку, ёсць адпаведнае пацвярджэнне. Якасць працы прыбора адпавядае тым патрабаванням, якія да яго выстаўляюцца, — дадалі ў «Бяспечных дарогах Беларусі».

Пры гэтым у арганізацыі падкрэслілі, што паколькі скаргі паступаюць, праверка прадаўжаецца.

— Усё ідзе да таго, што прыбор будзе накіраваны ў Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі для праходжання дадатковай праверкі. Гэта здыме ўсе пытанні, — падрахавалі ў «Бяспечных дарогах Беларусі». — Тады і будзем рабіць высновы, рабіць нейкія далейшыя дзеянні.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках