1 сакавiка 2024, Пятніца, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабода - для кожнага!

8
Свабода - для кожнага!
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

У Барселоне праходзіць пасяджэнне Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч выступіў у пачатку пасяджэння.

Charter97.org прыводзіць тэкст выступу палітыка цалкам:

«Паважаныя сябры!

Свет мяняецца вельмі хутка. Хуткасць зменаў нарастае.

Дзяржавы і міждзяржаўныя Аб'яднанні не паспяваюць за зменамі. Нацыянальны эгаізм перашкаджае развязанню актуальных глабальных праблем. Кіроўныя эліты ўсё часцей выкарыстоўваюць страх абывацеляў і звяртаюцца да правага папулізму не на карысць базавым каштоўнасцям.

Для развязання глабальных праблем неабходныя дадатковыя ўсепланетныя механізмы. Ролю новых глабальных механізмаў павінны выканаць сусветныя Аб'яднанні недзяржаўных арганізацый, заснаваныя на агульных каштоўнасцях і задачах.

Мэтай такіх сусветных Аб'яднанняў павінна быць уплыў на сусветнае грамадскае меркаванне і мабілізацыя грамадскіх, прыватных і дзяржаўных рэсурсаў для развязання праблем.

Развязанне большасці глабальных праблем патрабуе ўцягнутасці ўрадаў і глабальных палітычных пастаноў. Таму вельмі важным з'яўляецца стварэнне сусветных Аб'яднанняў нацыянальных палітычных партый розных ідэалогій.

Такія Аб'яднанні дапамаглі б пераадолець нацыянальны эгаізм дзеля развязання глабальных праблем. Яны маглі б больш цесна звязаць розныя краіны і народы сваімі агульнымі каштоўнасцямі. Дапамаглі б зразумець, што ў першую чаргу ўсе мы - зямляне.

Сацыял-дэмакраты павінны ганарыцца, што яны вельмі даўно ўжо стварылі такое Аб'яднанне - Сацыялістычны Інтэрнацыянал.

Мы можам выкарыстоўваць наша Аб'яднанне для агульных кантынентальных або сусветных кампаній. Мы можам узгоднена праводзіць іх у СМІ, у нацыянальных сегментах сацыяльных сетак. Мы можам адначасова праводзіць публічныя акцыі, кампаніі для збору сродкаў ва ўсім свеце. Мы можам узгоднена выкарыстоўваць сацыял-дэмакратычны ўплыў у нацыянальных дзяржаўных структурах і міжнародных органах.

У нас ёсць усё для выканання гэтых задач. У нас ёсць масавыя брацкія партыі ва ўсіх рэгіёнах планеты. У нас ёсць сетка рэгіянальных Камітэтаў СІ, якія маглі б прымаць пастановы аб кантынентальных кампаніях. Або звяртацца ў Прэзідыум СІ з просьбай аб правядзенні агульнасусветных кампаній.

У нас ёсць наш генеральны сакратар - унікальны чалавек, які разумее розныя культуры і гатовы надаць нам дапамогу ва ўсякім месцы планеты. Часам мне здаецца, што ён жыве ў самалёце.

Нам трэба проста навучыцца лепш выкарыстоўваць гэтыя магчымасці для скаардынаванага прасоўвання нашых каштоўнасцяў, нашага бачання свету, нашага развязання глабальных і лакальных праблем на ўсёй планеце.

Тэмамі нашых кампаній могуць быць:

лакальныя і глабальныя ўзброеныя канфлікты, гуманітарныя і экалагічныя праблемы, розныя формы няроўнасці і парушэнні правоў чалавека. Мы абавязаныя знайсці развязанні будучых сацыяльных праблем, звязаных з выкарыстаннем робатаў і штучнага інтэлекту. Мы разам павінны шукаць, як абараніць інтарэсы большасці чалавецтва.

На жаль, некаторыя еўрапейскія партыі ўхіліліся ад будучай супольнай працы.

Мы бачым сыход ад базавых каштоўнасцяў. Мы бачым перанос акцэнтаў на інтарэсы дзяржаў і эканомік на шкоду правам людзей. Напрыклад, нягледзячы на эскалацыю рэпрэсій у нашай краіне, беларускі дыктатар атрымаў запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі.

На шчасце, ёсць іншыя прыклады. Я хачу выказаць падзяку кіраўніцтву СІ, сацыял-дэмакратычнай фракцыі Еўрапарламента, калегам з новай украінскай СДП. Дзякуючы вашай салідарнасці, я магу стаяць тут на гэтай трыбуне.

Сябры! Мы разам будзем змагацца за агульначалавечыя каштоўнасці.

Мы не дамо зноў прывесці чалавецтва да вайны ўсіх супраць усіх. Таму што гэта можа загубіць чалавечы род.

Свабода - для кожнага! Справядлівасць - для ўсіх! Салідарнасць - для тых, хто мае патрэбу ў ёй!»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках