Парковачныя разборкі ў Слуцку: таксістка абліла фарбай аўто суседзяў
8- 29.11.2017, 20:23
- 28,589
Слуцкая таксістка не знайшла месца для паркоўкі свайго аўто і абліла фарбай машыны суседзяў.
Пацярпелі дзве машыны. Адной гаспадыні такое абліванне каштавала $150 - ёй адчышчаюць фарбу на мясцовым СТА. Іншы ўладальнік яшчэ не ведае, у колькі яму абыйдзецца такая працэдура. Сама ж таксістка прызналася ў сваім учынку, выбачылася перад пацярпелымі, але аплаціць матэрыяльную шкоду пакуль не прапаноўвала.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу, 24-25 лістапада, у двары дома на вуліцы Гагарына, 19.
«Кур'ер» пагутарыў з кіроўцамі «пафарбаваных» машын і даведаўся падрабязнасці здарэння.
Наталля Фёдарава жыве ў гэтым раёне з 1982 года. За гэты час яна ўпершыню сутыкнулася з такім хамствам кіроўцы. Сваю машыну «Форд-Гелаксі» 2007 года, аблітую белай фарбай, яна ўбачыла раніцай а 5.20 у суботу, калі збіралася ехаць на працу.

«Адразу выклікала міліцыю. Міліцыянты ў мяне спыталі, каго я падазраю. Я паказала на дзяўчыну, якая працуе ў таксі, таму што з ёй ужо ўзнікалі канфлікты наконт паркоўкі. Яна ў адкрытую абуралася, што мы не там ставім свае машыны, што яна не можа праехаць. Таксістка прызналася, што гэта зрабіла яна, і нават паказала слоік фарбы», - распавядае Наталля.

Наталля напісала заяву і будзе патрабаваць, каб дзяўчына аплаціла матэрыяльную і маральную шкоду. Матэрыяльная шкода - як мінімум $150 за чыстку машыны і салона ад фарбы. Са слоў пацярпелай, таксістка выліла фарбу на задняе левае крыло, частка яе патрапіла ў салон. Праз час кіроўца заўважыла дэфекты і на лабавым шкле, пра што пазней паведаміла ў сваёй заяве ў міліцыю. Маральны - патрабуе за тое, што ў гэты дзень жанчына, прадпрымальніца, прапусціла працоўны дзень, у які яна магла б зарабіць грошы.
«Праблематычна прыпаркаваць сваё аўто ва ўсім горадзе. Платных месцаў у нас пакуль няма. Прыехала першай - першай і паставіла на стаянку. Бывае, што і я прыязджаю, калі месцаў няма, тады аб'язджаю блізкія двары і шукаю месца для паркоўкі», - кажа Наталля.
Андрэй Бойка даведаўся, што яго «Рэно-Сцэнік» 2004 года быў абліты фарбай, толькі ў панядзелак, 27 лістапада. І тое са слоў суседа, калі Андрэй вяртаўся раніцай з працы. Да гэтага ён два дні спакойна ездзіў на працу і не заўважаў фарбу. Усё праз тое, што таксістка спрабавала адмыць яе растваральнікам да таго, як гаспадар убачыць пафарбаваную машыну, ды і сама машына была брудная.

«Высветлілася, што фарба была на крыле, бамперы, фары і капоце. Мне казалі, што таксістку ўзялі з доказамі злачынства. Сёння паеду пісаць заяву, пакуль не ведаю, што буду патрабаваць. Чыстка машыны абыдзецца мне ў значную суму: у якую - складана сказаць, яна яшчэ патрабуе невялікага рамонту», - распавядае Андрэй Бойка.

Міліцыя праводзіць праверку па факце здарэння. Між іншым, устанаўліваецца, ці супадае фарба на аўто з фарбай у слоіку, які належыць таксістцы.