26 красавiка 2024, Пятніца, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Усе арганізатары «справы патрыётаў» трапляюць пад «акт Магніцкага»

7
Зміцер Бандарэнка: Усе арганізатары «справы патрыётаў» трапляюць пад «акт Магніцкага»
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

Беларускім i міжнародным арганізацыям трэба аператыўна рэагаваць на такія справы.

Сёння кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве заявіў аб тым, што спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў «справы патрыётаў», а матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру.

Заяву СК сайту Charter97.org пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Чаму ўлады абвясцілі аб закрыцці «справы патрыётаў»? З чым гэта можа быць звязанае?

- «Справа патрыётаў» паўстала ў свой час з адной мэтай – запалохаць беларусаў перад акцыяй 25 сакавіка 2017 года. Улады разумелі, што на гэтую акцыю могуць выйсці дзясяткі тысяч чалавек, і ім трэба было раздуць гэта «справу».

Зразумела, што яна першапачаткова была цалкам сфабрыкаваная. Ва ўсіх прапагандысцкіх фільмах на БТ была адна суцэльная хлусня, як і ў спецвыпуску газеты «Советская Белоруссия».

Але ў хлусні кароткія ногі: ці можна запалохаць аднаго-двух чалавек, але калі арыштоўваюць 40 чалавек, становіцца зразумела, што рана ці позна хлусня вылезе і ўлады будуць вымушаныя гэту справу спыніць.

Сёння я рады за ўсіх хлопцаў, якія праходзілі паводле гэтай справы, за іх сем'і: яны цяпер будуць адчуваць сябе больш спакойна.

Разам з тым у мяне ёсць асабістыя прычыны радавацца закрыццю гэтай справы, бо ва ўсіх прапагандысцкіх фільмах згадвалася маё прозвішча і прозвішчы маіх калег і сяброў. Прапаганда звязвала нас з «справай патрыётаў», і цяпер мы таксама можам адчуваць сябе ў большай бяспецы.

- «Справа патрыётаў» агулам пачалася з так званага «лісты фраў А» да Лукашэнкі, у якім вы згадваліся. Калі ўся гэтая фікцыя развалілася – што б вы хацелі сказаць аўтарам гэтага «эпісталярнага жанру»?

- Тады я ўспрыняў з'яўленне гэтага «ліста» дастаткова сур'ёзна: мяне фактычна абвінавацілі ў артыкулах, звязаных з «тэрарызмам».

Асабіста аўтарам «ліста» мне няма чаго сказаць. У гэтым плане я б хутчэй хацеў звярнуцца да нашых праваабаронцаў. Таму што дыскусія, якая ўзнікла ўнутры беларускай праваабарончай супольнасці, ці прызнаваць адразу гэтую справу палітычнай, сёння развязалася.

Стала зразумела, што частка вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый зрабілі памылку, не прызнаўшы першапачаткова палітвязнямі і вязнямі сумлення людзей, якія праходзяць паводле «справы патрыётаў». Гэта трэба было рабіць адразу, і няхай гэта заяўлена ў пачатку – справа было б спыненая яшчэ некалькі месяцаў таму.

Таму я хачу сказаць: калегі, зрабіце, калі ласка, высновы з гэтай справы. Трэба прызнаваць памылкі і не паўтараць іх у будучыні.

- Паводле традыцыі, улады могуць паспрабаваць выкарыстоўваць спыненне «справы патрыётаў» у палітычных таргах з Захадам. На што, на вашу думку, павінны звярнуць увагу еўрапейскія палітыкі?

- Неабходна разумець, што сутнасць рэжыму Лукашэнкі ніяк не змянілася. Гэты год у маштабах рэпрэсій можна параўнаць з канцом 2010 – пачаткам 2011 года, калі был ўведзеныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

І напярэдадні акцыі 25 сакавіка, і падчас акцыі было арыштавана, паводле нашых звестак, нават больш за тысячу чалавек. Гэта велізарны маштаб рэпрэсій. Тысячы чалавек – затрыманыя і іх сваякі – зазналі ціск з боку ўладаў.

Відавочна, што Захаду не трэба ўважаць спыненне «справы патрыётаў» за нейкую «лібералізацыю».

Тут я хачу адзначыць цвёрдую пазіцыю шэрагу дэпутатаў Еўрапарламента, дзяржаўных чыноўнікаў некаторых краін, паслядоўную пазіцыю ЗША ў гэтым пытанні.

Гэта, можа быць, не было так публічна было заяўлена ў прэсе – патрабаванне шэрагу краін да Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі і «справу патрыётаў», але я ведаю, што такія ўмовы беларускім уладам ставіліся. Хацелася б, каб гэтая пазіцыя заставалася выразнай, а рэакцыя была аператыўнай.

Калі ўлада прыдумляе розныя справы, звязаныя з «тэрарызмам», яе нахабства на нейкі час паралізуе сяброў Беларусі за мяжой. Пакуль ідуць размовы пра тое, што «трэба разабрацца», як раз і адбываецца самы моцны ціск, калі людзей катуюць.

«Справа патрыётаў», як паказвае практыка, не з'яўляецца ўнутрыбеларускай справай.

Гэтыя метады - утрыманне ў турме КДБ і іншых беларускіх турмах - пераносяцца таксама і на замежных грамадзян. Мы цяпер назіраем канфлікт з Украінай, калі арыштоўваюцца яе грамадзяне і даюць на допытах досыць дзіўныя паказанні. Аналізуючы гэтую сітуацыю, трэба ўлічваць, што ў беларускіх турмах з часоў НКВД мала што памянялася.

Каб перапыніць гэтую традыцыю, неабходна патрабаваць ад беларускіх уладаў выканання сваіх уласных і міжнародных законаў.

Сёння многія краіны прынялі «акт Магніцкага», паводле якога грамадзяне кожнай краіны, якія груба парушаюць правы чалавека, могуць трапіць пад міжнародныя санкцыі.

Усе сілавікі і дзяржаўныя службоўцы Беларусі, якія ўдзельнічаюць у фабрыкацыі спраў, звязаных з Плошчай і «справай патрыётаў», трапляюць пад дзеянне «акту Магніцкага».

Нагадаем, што «справа патрыётаў» пачалася ў сакавіку, напярэдадні Дня Волі.

21 сакавіка Лукашэнка заявіў, што затрыманыя «некалькі дзясяткаў баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі. Пачаліся затрыманні.

У выніку паводле «справы патрыётаў»праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і паводле артыкула аб «незаконным узброеным фармаванні».

Сярод затрыманых былі дзейныя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і Унутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх - актывісты незарэгістраванага спартова-патрыятычнага клуба «Белы легіён» (спыніў дзейнасць 15 гадоў таму) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек - актывісты «Маладога фронту» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і як «адбіралася зброя».

Удакладнялася, што справа пачалося з ліста нейкай «фраў А.» на імя Лукашэнкі: грамадзянка Нямеччыны з беларускімі каранямі паведаміла аб «правакацыях» на 25 сакавіка ў Менску.

У прапагандысцкіх фільмах і сюжэтах на БТ «галоўнымі арганізатарамі» называліся лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, і галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Нягледзячы на тое, што справа атрымала рэзананс, афіцыйна яе каментавалі рэдка.

У чэрвені патрыётаў паступова выпусцілі са следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых і зусім знялі абвінавачванні. Але расследаванне прадоўжылася.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках