27 красавiка 2024, Субота, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі патрабуюць растлумачыць дэкрэт №7

51
Прадпрымальнікі патрабуюць растлумачыць дэкрэт №7

Новы ўказ прэзідэнта Беларусі выклікае шмат пытанняў.

Не паспела прасохнуць чарніла на дэкрэце Лукашэнкі №7, як прадпрымальніцкія аб'яднанні пачалі пісаць прапановы аб растлумачэнні яго нормаў.

Між іншым, Бізнэс саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага (БСПН) накіраваў у Мінэканомікі ліст з заклікам канкрэтызаваць пункт аб пакаранні дырэктара за «неналежную арганізацыю дзейнасці».

У лісце, тэкст якога мае газета «Белорусы и рынок», рада нагадала, што на этапе падрыхтоўкі дэкрэта дзелавая грамадскасць абгрунтавана пярэчыла супраць узмацнення адказнасці кіраўніка. Размытай уяўлялася фармулёўка пра «неналежную арганізацыю дзейнасці суб'екта гаспадарання, што выключае прычыненне шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, навакольнаму асяроддзю, жыццю, здароўю». Тым не менш норма засталася ў дакуменце, і цяпер за яе парушэнне дырэктарам пагражае штраф сумаю ад 10 да 200 базавых велічынь.

Згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні могуць службовыя асобы 72 органаў, арганізацый, інспекцый, а таксама іншыя асобы. Пры гэтым незразумела, як кантралёры будуць вызначаць «належную арганізацыю дзейнасці» суб'екта гаспадарання і тое, якія меры павінен быў прыняць кіраўнік для «належнага» кіравання. Таксама бянтэжыць значная разбежка магчымага штрафу.

На думку БСПН, п. 6 дэкрэта №7 не адпавядае закону «Аб нарматыўных прававых актах», згодна з якім заканадаўчыя тэрміны павінны быць зразумелымі і адназначнымі. Каб пазбегнуць адвольнай інтэрпрэтацыі, бізнэс-саюз прапануе распрацаваць нарматыўны прававы акт, які будзе тлумачыць прымяненне норм дэкрэта №7, між іншым, растлумачыць паняцці «належная арганізацыя дзейнасці» і «непрыняцце кіраўніком юрыдычнай асобы неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці».

«З прыняццем дэкрэта №7 над дырэктарамі навіс дамоклаў меч, бо любая выбарачная праверка можа скончыцца буйным штрафам, прычым па незразумелых патрабаваннях. Тэрмін «належная арганізацыя дзейнасці» будзе трактавацца кантралёрам зыходзячы з уласнага ўзроўня развіцця і разумення нарматыўных прававых актаў», - асцерагаецца дырэктарка і сустаршыня БСПН Жанна Тарасевіч.

На думку спікера, нават невыкананне праславутага патрабавання забяспечыць сярэдні заробак у 500 даляраў у эквіваленце можа быць расцэненае як падстава прыцягнуць дырэктара да адказнасці.

«На этапе падрыхтоўкі дэкрэта мы лічылі лішнім пункт аб узмацненні адказнасці дырэктара, бо яна і так высокая згодна з адміністрацыйным заканадаўствам. На жаль, нас не пачулі. Больш за тое, верхняя мяжа штрафу была павялічаная са 100 да 200 базавых», - адзначыў кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.

Прадстаўнікі дзяржорганаў мяркуюць, што раз ужо бізнэсу дадзена больш свабод, то парушэнні павінны пацягнуць прапарцыйны рост адказнасці. Са слоў Аляксандра Шаўца, такая логіка палохае, бо ў апошнія гады ў краіне і так назіралася тэндэнцыя ўзмацнення адказнасці бізнэсоўцаў, у тым ліку ў рамках субсідыярнай адказнасці заснавальнікаў па даўгах прадпрыемстваў. Суды паказалі, што нацэлены на спагнанне максімальна магчымых сум з прадпрымальнікаў.

«У праекце дэкрэта норма была больш узважаная: штраф ад дзесяці базавых планавалі даваць, толькі калі кіраўнік не рэагуе на заўвагі і прапановы правяраючых», - сказаў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Спробу ўдакладніць тэрміны дэкрэта ён лічыць правільнай, аднак сумняваецца, што ў выніку адказнасць дырэктара ўдасца абмежаваць.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках