12 траўня 2026, aўторак, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прызваны без селязёнкі жаўнер ледзь выжыў у Печах

27
Прызваны без селязёнкі жаўнер ледзь выжыў у Печах

Хлопец пайшоў у войска, праслужыў тыдзень, і з наймацнейшымі болямі трапіў у шпіталь.

Ірына Дзядюшка - маці жаўнера з пасёлка Энэргетыкаў у Менскай вобласці. Яе сын Кірыл Руткевіч 7 гадоў таму на школьнай фізкультуры сарваўся з брусся, з разрывам селязёнкі і ўнутраным крывацёкам трапіў у лякарню, гаворыцца ў рэпартажы «Белсата».

Школьніка выратавалі, правёўшы спленактамію - гэта значыць, разрэзалі жывот, цалкам выдалілі селязёнку і прышылі назад непашкоджаны фрагмент. Усё гэта ёсць у медкарце, пацверджанае дакументамі. Сёлета на медкамісіі ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай лякарні спецыялістка УГД, не гледзячы ў карту, напісала, што селязёнка ёсць. Гэта заключэнне стала асновай для вердыкту ваенкамата: прыдатны.

Заключэнне стала падставай для вердыкту - прызыўнік прыдатны

«Для ўдакладнення дыягназу прайсці медагляд па месцы жыхарства. Фібраскапія, плюс біяпсія, біяхімічны аналіз крыві плюс калонаскапія. Вось гэта далі зрабіць ваенкамату. І паўторны агляд - на шпіталізацыю яго павінны былі пакласці. Наш ваенкамат не зрабіў наогул нічога», - кажа Ірына Дзядюшка.

У ваенкамаце не звярнулі ўвагі ні на хваробы суставаў прызыўніка, ні на спайку ў брушной вобласці. Хлопец пайшоў у войска, праслужыў тыдзень, і ад вайсковых харчоў і страявых нагрузак з наймацнейшымі болямі трапіў у шпіталь.

Цяпер Кірыл у Галоўным вайсковым медыцынскім клінічным цэнтры

«Праходжу лекараў, усе кажуць здаровы, здаровы, здаровы. Сказалі, што селязёнка вырасла - давядзецца служыць», - кажа Кірыл.

У сусветнай медыцыне селязёнку называюць важным органам, адказным за імунітэт і фільтраванне крыві. Селязёнка патрэбная для ўтварэння лімфацытаў. Але і ў Дзяржынскім ваенкамаце, і ў 432-м вайсковым шпіталі Кірылу сказалі - зможаш служыць і без яе. Маці жаўнера збіраецца падаваць у суд на кіраўніцу прызыўной камісіі.

«Вядома, я пайду ў суд, буду патрабаваць, каб яе пазбавілі права працаваць у медкамісіі», - кажа Ірына Дзядюшка.

Непрыдатныя становяцца прыдатнымі ва ўсёй краіне

Апошнім часам сваякі жаўнераў усё часцей звяртаюцца з такімі справамі да праваабаронцаў, адзначае кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву».

«Грамадзяне скардзяцца, бо калі раней прызыўнікі былі непрыдатныя, то цяпер становяцца прыдатнымі да службы. У мяне толькі адна думка, што не стае моладзі ў войску. Таму, думаю, будзе ўзмацняцца такая практыка», - кажа Алег Волчак з праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву».

Смерць Коржыча змяніла стаўленне да войска

Вайсковая тэма стала адной з самых адчувальных для беларускага грамадства пасля гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча у вайсковай частцы ў Печах, вядомай сваёй дзедаўшчынай.

Спачатку Міністэрства абароны спрабавала замяць справу, называючы смерць Коржыча звычайным самагубствам, але пасля расследаванняў незалежных СМІ і грамадскага рэзанансу выявіліся факты здзекаў і рэкету з боку сяржантаў і афіцэраў. У Печах прайшла пераатэстацыя, змянілася камандаванне, Следчы камітэт распачаў паўтара дзясятка крымінальных спраў, некаторыя паўторна. А бацькі загінулых або пакалечаных у войску жаўнераў сталі часцей звяртацца да недзяржаўнай прэсы.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках