26 красавiка 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іранскай нафты выстарчыць на пасяўную ў Шклоўскім раёне

27
Іранскай нафты выстарчыць на пасяўную ў Шклоўскім раёне

Ніякіх стратэгічных мэтаў за пакупкай іранскай нафты не праглядаецца.

«Беларуснафта» закупіла ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі (NIOC) 80 тысяч тон нафты (блізу 600 тысяч барэляў). Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай адразу на чатыры неназваныя крыніцы.

Іранская нафта была закуплена праз даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» ў Польшчы. Мяркуецца, што груз будзе дастаўлены марскім шляхам у Адэсу або латвійскі Вентспілс, а адтуль па чыгунцы нафту накіруюць у Беларусь.

Характэрна, што Менск закупіў іранскую нафту ў разгар расейска-беларускага нафтагазавага канфлікту.

Беларускія ўлады шукаюць альтэрнатыву расейскай нафце? Сваю версію Службе інфармацыі «Еўрабеларусі» выказаў эканаміст Леанід Заіка.

- Навошта абмяркоўваць такія дробныя лічбы? 80 тысяч тон - усяго толькі адна дванаццатая частка ад мільёна тон. Магчыма, гэтай нафты выстарчыць на выпрацоўку саляркі для правядзення пасяўной кампаніі ў Шклоўскім раёне. Магчыма. Але эканамічнай ролі іранская нафта не гуляе ніякай; хутчэй за ўсё, адпрацоўвалася схема - як атрымаць, даставіць іранскую нафту ў Беларусь. Іран выйшаў на рынак нафты ўжо пару гадоў таму, праўда, у Беларусь цягнуць іранскую нафту далекавата.

- Эканамічнай выгады пастаўкі іранскай нафты ў Беларусь не абяцаюць?

- Усё гэта мы ўжо праходзілі і з азербайджанскай нафтай, з сыравінай з Венесуэлы. У Менску наважылі выцерці нос Крамлю іранскай нафтай. Ніякіх стратэгічных мэтаў за гэтымі пастаўкамі не відаць.

- Ці трэба разглядаць куплю іранскай нафты як чыста палітычны ход Менска, зроблены ў разгар нафтагазавай вайны з Расеяй?

- Я б не назваў дзеянні беларускіх уладаў палітычным крокам - гэта прапагандысцкая пастанова. Я б назваў закупку іранскай нафты адцягваючым увагу манеўрам.

- Адцягваючым увагу ад чаго?

- 17 лютага пройдзе Марш абураных беларусаў, і найбліжэйшыя часы беларусы будуць бузіць. Народ чакае, што ўрад урэшце пачне штосьці рабіць, ужо пара шукаць выхад з крызісу. Вось скажыце мне: аб чым была першая пастанова Савета міністраў у 2017 годзе? Можаце нават не шукаць - не знойдзеце. А першая пастанова Савета міністраў прысвечана вытворчасці садовых домікаў. Ніякай нафты, ніякага крызісу, ніякіх сур'ёзных макраэканамічных разлікаў - найпершая справа ёсць будаўніцтва садовых домікаў. Мы жывем у неарэалізме.

- Магчыма ўрэгуляванне беларуска-расейскага нафтагазавага канфлікту з Расеяй у найбліжэйшай перспектыве? Сямашка абвясціў, што ўжо падалі Расеі дваццаты сцэнар развязання спрэчкі...

- Сямашку можна было і не пасылаць у Маскву.

Крэмль, Пуцін, яго аналітыкі нават не глядзяць на працяг нафтагазавага канфлікту. Бакі выпусцілі на арэну двух гладыятараў: з Менска адправілі дырэктара завода Сямашку супраць маладога усходняга юнака па прозвішчы Дварковіч (я Дварковіча ведаю асабіста). З гэтымі персанажамі можна здымаць фільм накшталт гладыятарскіх баёў, калі магутнаму варвару з моцнымі мускуламі супрацьстаіць маленькі выхадзец з Ерусаліма. Не ведаю, чым скончыцца гэты гладыятарскі бой.

Крэмль таксама правільна дзейнічае: выстаўляе трэці эшалон, чыноўнікаў, якія не ўпаўнаважаны развязваць нафтавыя пытанні. Ідзе вялікі прапагандысцкі спектакль.

- Прычым з абодвух бакоў.

- Нават Канстанцін Затулін напісаў: мне сорамна за Лукашэнку! Косцю я ведаю ўжо 20 гадоў, ён ніколі лішняга не сказаў, ён любіў Лукашэнку.

Я разглядаю нафтагазавы канфлікт як спектакль, спектакль, які ставіцца не ад добрага жыцця. Зараз люты 17-га года, а тут Мікалай Статкевіч павядзе дармаедаў на вуліцу. Народу патрэбныя відовішчы! Так чаму б не іранская нафта?

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках