26 красавiка 2024, Пятніца, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч збіраецца вывесці на Дзень Волі дзясяткі тысяч чалавек

178
Статкевіч збіраецца вывесці на Дзень Волі дзясяткі тысяч чалавек
Мікалай Статкевіч

Калі беларускі народ хоча годнага жыцця, то ён павінен за яго змагацца.

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч збіраецца абвясціць збор сродкаў на правядзенне вулічных акцый пратэсту і абяцае вывесці на Дзень Волі дзясяткі тысяч чалавек.

«Мы чакалі, што 17 лютага збярэцца столькі людзей, я гэта прагназаваў. Цяпер мы з калегамі будзем працаваць на тое, каб 25 сакавіка ў цэнтры Менска сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Гэта рэальная лічба», - сказаў палітык у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Я падтрымліваю актыўнасць у рэгіёнах, але ўсё вызначаецца ў сталіцы»

Мікалай Статкевіч адзначае, што дэталёвы план далейшых дзеянняў Беларускі Нацыянальны Кангрэс (які арганізоўваў акцыю 17 лютага ў Менску) яшчэ будзе абмяркоўваць і сцвярджаць. Палітык упэўнены, што памяншаць ціск на ўладу нельга - трэба арганізоўваць яшчэ больш масавыя акцыі пратэсту, і менавіта ў Менску.

«Ціск на ўладу павінен нарастаць. Я падтрымліваю актыўнасць у рэгіёнах, але ўсё вызначаецца ў сталіцы. Каб моцна націснуць на ўладу, каб прымусіць яе выканаць нашы патрабаванні, павінны быць магутныя нарастальныя акцыі ў Менску. Цяпер мы павінны ўсю дзейнасць у рэгіёнах накіраваць на правядзенне адной масавай нацыянальнай акцыі, каб сабраць дзясяткі тысяч людзей», - кажа ён.

Такой акцыяй павінен стаць Дзень Волі, мяркуе Статкевіч. Палітык дадае, што да гэтага часу павінна ўстанавіцца больш цёплае надвор'е, а гэта важна, «бо, магчыма, нам спатрэбяцца доўгатэрміновыя дзеянні».

Пры гэтым Статкевіч не збіраецца падтрымліваць «марш недармаедаў», які частка апазіцыі мае намер правесці ў Менску 15 сакавіка.

«Калі мы хочам не папіярыцца, а дасягнуць вынікаў, то мы павінны рабіць толькі тыя крокі, якія працуюць на ўзмацненне ціску на ўлады. Слабыя крокі я нават абмяркоўваць не хачу. Нельга пасля акцый у цэнтры сыходзіць на Бангалор», - сказаў ён.

«Мы будзем абвяшчаць збор сродкаў»

Статкевіч сказаў, што збіраецца абвясціць збор сродкаў на правядзенне вулічных акцый пратэсту.

«Калі беларускі народ хоча вызвалення і нармальнага жыцця, то ён павінен у гэтым удзельнічаць, — хай рублём. Таму мы будзем абвяшчаць збор сродкаў. Грошы патрэбныя на апаратуру, тэхніку, улёткі. Рэгіёны павінны збіраць грошы, каб прывезці людзей у Менск 25 сакавіка. Таксама трэба збіраць грошы ў фонды салідарнасці, у падтрымку тых, хто будзе аштрафаваны. Ніхто не заплаціць нам за нашу свабоду - кіньце гэтыя байкі пра гранты», - кажа ён.

Статкевіч кажа, што акцыі супраць дэкрэта №3 дэманструюць рост сацыяльнай незадаволенасці беларусаў.

«Калі патрыятычная апазіцыя не зможа арганізаваць і ўзначаліць сацыяльны пратэст, яго выкарыстоўваюць антыбеларускія сілы. Сацыяльны пратэст небяспечны тым, што ім могуць скарыстацца вонкавыя сілы, што ён можа дэстабілізаваць сітуацыю настолькі, што зробіць магчымым расейскае ўмяшанне. Таму тут трэба быць вельмі прадуманым, цвёрдым і спакойным. Вельмі важная арганізацыя пратэсту. Мы павінны ўлічваць досвед 2011 года, калі пратэст апынуўся без кіраўніцтва апазіцыі: частка сядзела, а частка проста наклала ў порткі. Пратэст тады распаўся на вялікую колькасць дробных акцый (маюцца на ўвазе маўклівыя акцыі пратэсту. - РС) і паволі згас», - кажа ён.

На думку Статкевіча, у Аляксандра Лукашэнкі ёсць тры варыянты рэакцыі на пратэстны рух, які цяпер разгарнуўся.

«Першы варыянт - нічога не рабіць, акрамя тактыкі дробных фолаў (гэта значыць, штрафаў). Але тады людзей будзе выходзіць усё больш і больш. Другі варыянт - брутальна задушыць пратэст. Тады пачынаць трэба будзе з галоўных - з арганізатараў. А калі пасадзіць галоўнага арганізатара, праз вызваленне якога пачалася нармалізацыя стасункаў з Захадам, то, на чым будзе грунтавацца гэтая нармалізацыя? Трэці варыянт - пачаць выконваць нашы патрабаванні, якія палягаюць з трох пунктаў. Першы пункт можна выканаць імгненна - скасаваць дэкрэт. Другі пункт тычыцца таксама сацыяльных праблем - росту тарыфаў ЖКГ, падзення даходаў, павышэння пенсійнага ўзросту. Трэці пункт - сумленныя і справядлівыя выбары», - кажа палітык.

«Людзі самі высоўваюць палітычныя патрабаванні»

Статкевіч не згодны з меркаваннем некаторых аналітыкаў, якія мяркуюць, што спроба апазіцыйных палітыкаў пашырыць парадак дня цяперашніх пратэстаў за кошт лозунгаў барацьбы за справядлівыя выбары, беларускую мову і супраць «расейскага свету» адштурхне ад сябе людзей і пратэсты пойдуць на спад.

«Цяпер людзі ў рэгіёнах, асабліва ў райцэнтрах і вёсках, у роспачы. Там сацыяльны пратэст прымае форму сацыяльнай нянавісці супраць аднаго чалавека, якога яны ўважаюць за вінаватага ва ўсім. Сёння людзі самі высоўваюць палітычныя патрабаванні: 17 лютага «Лукашэнка, сыходзь» быў найбольш гучным лозунгам. Паверце, калі нас успрымуць як сваіх абаронцаў, то людзі аўтаматычна ўспрымуць і ўсё астатняе. Для людзей галоўнае - жыць нармальна, зарабляць. А калі чалавек, які іх абараняе, мае такія асаблівасці - ён беларускамоўны, ён Расеі асцерагаецца, то, значыць, так і трэба. Таксама мяне здзіўляе крытыка лозунгу «Жыве Беларусь». А што, вы хочаце, каб яна памерла? Лозунг «Жыве Беларусь» становіцца сацыяльным. Гэты пратэст павінна ўзначаліць дэмакратычная апазіцыя, і яна яго ўзначаліць. Гэта будзе гарантыяй таго, што пратэст не будзе выкарыстаны супраць нашай дзяржаўнасці», - заявіў палітык.

Напісаць каментар 178

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках