27 красавiка 2024, Субота, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Беларусь будзе ўпускаць «грамадзян ДНР і ЛНР» выбарачна

28
BBC: Беларусь будзе ўпускаць «грамадзян ДНР і ЛНР» выбарачна

Жыхароў тэрарыстычных «рэспублік» будуць пускаць у залежнасці ад «жыццёвай сітуацыі».

Пастанова аб допуску ў Беларусь людзей з дакументамі «ДНР» і «ЛНР» будзе прымацца ў «індывідуальным парадку, у залежнасці ад жыццёвай сітуацыі», заявілі ў МУС краіны ў адказ на запыт bbc.com.

«ДНР» і «ЛНР» з'яўляюцца непрызнанымі тэрытарыяльнымі ўтварэннямі, у сувязі з чым дакументы, выдадзеныя адпаведнымі органамі «ДНР» і «ЛНР», таксама з'яўляюцца неправадзейнымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі», - гаворыцца ў адказе на запыт bbc.com за подпісам кіраўніка ўправы інфармацыі МУС Беларусі Канстанціна Шалькевіча.

У той жа час, адзначае Шалькевіч, большасць людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з такімі дакументамі, падпадаюць пад прэзідэнцкі ўказ ад жніўня 2014 года «Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусі».

Гэты ўказ, як гаворыцца на сайце амбасады Беларусі ва Украіне, быў прыняты ў сувязі з «устойлівай тэндэнцыяй павелічэння грамадзян Украіны, якія прыбываюць у Рэспубліку Беларусь з Данецкай і Луганскай абласцей». Ён вызваляе перасяленцаў ад паказу некаторых дакументаў, патрэбных для ўладкавання ў школу дзяцей і атрымання дапамог, калі гэтыя дакументы «не могуць быць пададзеныя з аб'ектыўных прычын».

Такім чынам, высноўвае Шалькевіч, пры ўездзе ў Беларусь з тэрыторыі Расеі людзей з дакументамі «ДНР» і «ЛНР» спачатку праводзіцца ідэнтыфікацыя асобы, а затым, «у індывідуальным парадку, у залежнасці ад жыццёвай сітуацыі», прымаецца пастанова аб допуску на тэрыторыю краіны.

На пачатку тыдня прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў, што правілы ўезду ў Беларусь для людзей з дакументамі самаабвешчаных «рэспублік» Данбаса не зменяцца пасля афіцыйнага прызнання гэтых дакументаў Расеяй. «Калі мы такога чалавека сустрэнем у сябе на мяжы, гэты чалавек праз мяжу прапушчаны не будзе, калі ў яго не будзе дакументаў, якія даюць права перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі», - сказаў Бычкоўскі.

У сераду прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Крэмль узмацняе ціск на Беларусь.

«Навучаны досведам, раіў бы беларусам, як і краінам Балтыі, быць гатовымі да ўсякіх сюрпрызаў з боку Масквы», - сказаў Парашэнка.

У мінулую суботу прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб прызнанні дакументаў, выдадзеных у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках». У тэксце ўказу адзначаецца, што захады, на якія пайшла Масква, - часовыя і ўводзяцца да «палітычнага ўрэгулявання» на ўсходзе Украіны.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках