26 красавiка 2024, Пятніца, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарбачоў прадае сваю баварскую вілу з відам на Альпы

27
Гарбачоў прадае сваю баварскую вілу з відам на Альпы

Пакупніка чакае «эксклюзіўная віла з гісторыяй», абяцаюць маклеры.

Дом у Нямеччыне, у якім жыў былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў разам са сваёй сям'ёй, выстаўлены на продаж. Віла знаходзіцца на возеры Тэгернзэ - у элітным раёне пад Мюнхенам. Тут маюць нерухомасць, напрыклад, расейскі мільярдэр Алішэр Усманаў і прэзідэнт нямецкага футбольнага клуба «Баварыя» Улі Хёнэс, паведамляе «Нямецкая хваля».

Дом Гарбачова, вядомы як «замак Хубэртуса», размяшчаецца на пляцы памерам 2600 квадратных метраў. Віла – гэта трохпавярховы будынак з агульнай жылой плошчай 570 квадратных метраў плюс прыбудова з гаражамі, пабудаванымі 100 гадоў таму.

«Найлепшае месца ў Ротах-Эгэрне»

«Сонечна і ціха, найлепшае месца ў Ротах-Эгэрне, з выглядам на горы і, нягледзячы на гэта, недалёка ад цэнтра», - так апісвае ў праспекце размяшчэнне вілы сям'і Гарбачова агенцтва нерухомасці, якое займаецца продажам дома. Маклеры пішуць, што гэта «сапраўдны маленькі замак» - «з гісторыяй», не паказваючы пры гэтым, што гаворка ідзе менавіта пра дом Гарбачова. Сапраўды, за уладальніка ўважаецца не экс-прэзідэнт СССР, а ягоная дачка Ірына Вірганская.

Сям'я Гарбачова валодала гэтым маёнткам цягам 10 гадоў, паведамляе мясцовая газета Tegernseer Stimme. У 2008 годзе дом перажыў капітальны рамонт. У ім і цяпер усё ў ідэальным стане, сцвярджаюць маклеры. Залатой сантэхнікі ў доме няма, жыллё не адрозніваецца пампезнасцю, але абстаноўка «высакародная», пагаджаецца з вызначэннем маклераў выданне Merkur.

Пакупнік можа заехаць у дом у кожны момант. Кошт - на запыт, напісана ў праспекце. Мясцовыя журналісты ўдакладнілі, што купіць дом можна за сем мільёнаў еўраў, што, на іх думку, адпавядае ўзроўню коштаў на элітную нерухомасць.

Вось што кажуць суседзі

Міхаіл Гарбачоў - вельмі паважаны ў Нямеччыне палітык, чые заслугі ў дэмакратызацыі СССР, а таксама аб'яднанні ФРГ і ГДР уважаюцца за бясспрэчныя. Таму не здзіўляе ўвага жыхароў да вядомага суседа. Зрэшты, жыў ён на Тэгернзэі даволі адасоблена, распавёў газеце Süddeutsche Zeitung бургамістр Ротах-Эгэрна Крысціян Кёк.

Суседзі распавядаюць, што жыццё сям'і Гарбачова на баварскай віле выглядала «хутчэй па-еўрапейску, чым па-расейску»: унукі гуляюць у двары, дзядуля чытае ў кабінеце, пакуль дачка гатуе на кухні. Апошні час Гарбачоў наведваў сваю баварскай вілу ўсё радзей. Міхаілу Сяргеевічу у гэтым годзе спаўняецца 86 гадоў, і, як паведамляецца, стан здароўя не дазваляе яму з'язджаць з Масквы.

Сям'я Гарбачова нават пасля продажу вілы не канчаткова пакідае возера Тэгернзэе, піша Merkur. Паводле звестак выдання, у іх ў валоданні ёсць яшчэ адзін аб'ект нерухомасці ў тым жа мястэчку Ротах-Эгэрн.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках