26 красавiка 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Мы можам вывесці на вуліцы дзясяткі тысяч працоўных

50
Генадзь Фядыніч: Мы можам вывесці на вуліцы дзясяткі тысяч працоўных
Фото: «Радыё Свабода»

Масавыя пратэсты ў Беларусі будуць прадаўжацца.

Маршы абураных беларусаў ускалыхнулі ўсю Беларусь: Менск, Гомель, Берасце, Віцебск, Баранавічы, Бабруйск... Людзі стаміліся ад ролі "дойнага статка". Але нямногія ведаюць, што гэтую хвалю падняў, у тым ліку, Беларускі прафзвяз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), піша belprauda.org.

Кажуць, не прафзвязная гэта справа - абараняць беспрацоўных. Сапраўды, у цывілізаваным свеце прафзвязы абараняюць правы працоўных. Але Беларусь - краіна ўнікальная, а "дармаеды" - учарашнія працаўнікі, якіх дзяржава выставіла за дзверы ды і яшчэ абклала у дадатак паборам. Хто ж іх абароніць?

Прафзвяз РЭП ужо 26 гадоў узначальвае Генадзь Фядыніч. Прафзвязны лідар ужо даўно замацаваўся на кіроўнай пасадзе. Так даўно, што мы нават не пытаемся: а хто такі Генадзь Фядыніч?

Журналісты разам з Генадзем Фядынічам узгадалі мінулае, пагаварылі пра змрочнае сёння і паразважалі пра светлую будучыню.

- Кожны чалавек робіць сябе сам. З чаго пачалася вашая кар'ера, Генадзь Фёдаравіч?

- Я ўжо 26 гадоў узначальваю прафзвяз РЭП, але калі казаць пра апошнія 15-20 гадоў, то, напэўна, год ідзе за два.

Працу пачаў слесарам у саўгасе "Беларусь" Жабінкаўскага раёна Берасцейскай вобласці.

Пасля Беларускага політэхнічнага інстытута я трапіў на працу ў канструктарскае бюро дакладнага машынабудавання, дзе прапрацаваў 10 гадоў - у якасці інжынера, затым старэйшага інжынера. Калектыў проста выдатны: блізу 30% работнікаў мелі вышэйшую адукацыю, там панавала павага да шараговага чалавека. Пасля кар'еры інжынера выбралі намеснікам старшыні парткама, праўда, вытрымалі мяне толькі 9 месяцаў.

Нядаўна сустрэў мастака, з якім тады працаваў, пытаецца: а памятаеш, як мы хадзілі ў Менскі гаркам партыі? Напярэдадні 1 траўня трэба было ўзгадняць ўзор кветак, з якімі мы планавалі выходзіць на першамайскую дэманстрацыю. Для мяне гэта было дзікасцю - толькі адышоў ад станка. Мастак павучаў мяне: ты ж толькі не пярэч. А жанчына з гарвыканкама павучала нас траіх (мяне і двух мастакоў): трэба перарабіць кветкі. Я уз'еўся: філолаг павучае двух мастакоў, як правільна маляваць! У выніку мы не сталі нічога перарабляць: кожны мае свой фронт працы - хай адказвае за сябе.

Безумоўна, мяне часцяком папракаюць членствам у КПСС. Скажу шчыра: зусім не шкадую, што быў намеснікам старшыні парткама. Гэта велізарны і неацэнны жыццёвы досвед.

Памятаю, тэлефануюць з райкама партыі і кажуць: заўтра ў вашага генеральнага дырэктара дзень нараджэння, вы павінны прынесці падарунак, а мы падорым. Адказваю: мы ўжо сабраліся на падарунак, а калі ў райкаме няма сродкаў, то хай уручыць ганаровую грамату. Справа аб падарунку дайшла да загадчыка аргаддзела райкама партыі - яму сказаў тое ж самае.

Тады ж я атрымаў свой першы выбарчы досвед. Падчас апошніх выбараў у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, я ўзначальваў выбарчую кампанію Аляксандра Дабравольскага. Улёткі мы не разносілі - людзі з Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Менска самі прыходзіліпа ўлёткі, нам заставалася толькі адзначаць, куды іх забралі.

На прахадной прадпрыемства вісеў плакат памерам два на чатыры метры з надпісам "Планар". Мастакі прапанавалі: а давай намалюем партрэт Дабравольскага ва ўвесь рост. Да раніцы замест "Планара" ўжо вісеў намаляваны Дабравольскі.

Безумоўна, мяне тут жа здалі: выклікалі на дыван і да генеральнага дырэктар "Планара", і ў райкам партыі. Але я казаў адно: я - давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, і мы займаемся выбарамі, як умеем.

Райкам партыі вылучыў свайго кандыдата ў дэпутаты, добрага хлопца, наладчыка з "Інтэграла". Менавіта яны з Дабравольскім выйшлі ў другі тур. Але перамогу атрымаў наш кандыдат. І мы моцна ганарыліся гэтым поспехам: першае пасяджэнне Вярхоўнага Савета глядзелі ўсім калектывам у актавай зале праз тэлевізар.

-Той час называюць "ліхімі 90-мі" ... І вы "зазналі ліха"?

- Пачатак 90-х я сустрэў старшынём прафкама ў КДТМ. Старшыню прафкама (такое адбылося ўпершыню ў гісторыі Беларусі) абіралі не на канферэнцыі, а ўсім працоўным калектывам. На пасаду прэтэндавалі пяць чалавек; я прайшоў у другі тур і набраў больш за 40% галасоў. Галасаванне ішло амаль тыдзень. Але яны не выканалі дамоўленасці другім разам, а на трэці мяне выклікаў гендырэктар "Генадзь, а што ж будзем рабіць?" Я яму адказаў: "Будзем выконваць калектыўнае пагадненне, якое падпісаў гендырэктар прадпрыемства, старшыня прафкама". Пасля таго ў прафкам стаяла доўгая чарга з чыноўнікаў, каб мы перанеслі тэрмін выканання калектыўнай дамовы. Толькі мы не адсоўвалі тэрміны - калектыўную дамову выканалі цалкам. Магчыма, дапамагла арганізацыя выбараў у Вярхоўны Савет: людзі адчувалі сябе годна.

- Сённяшнюю Беларусь параўноўваюць з 1991 годам: раскіданая эканоміка і масавыя, шматтысячныя пратэсты працоўных. Час вярнуўся назад?

- Маштабы эканамічнага крызісу, безумоўна, можна параўнаць, але мабільнасць працоўнага класа ўжо зусім іншая.

У 91-м годзе рабочых было значна больш: сярэдняе прадпрыемства налічвала 3-5 тысяч чалавек, а магутныя, накшталт МВАВТ, Інтэграла, Гарызонту - ад 20 да 25 тысяч. Сярэдні ўзрост працоўнага пачатку 90-ых набліжаўся да 40-50 гадоў, сёння - да 60-ці гадоў і старэйшыя. Тады пенсіянераў працавала мала, але кожны ганарыўся сваім рабочым месцам.

І кіраўнікі прадпрыемстваў не стаялі перад выбарам: альбо выконваеш загад зверху, альбо ідзеш за краты. Дырэктары прадпрыемстваў, калі адкрыта і не падтрымлівалі, то і не забаранялі пратэсты працоўных у барацьбе за свае правы: кіраўнікі чакалі, што выступы рабочых дапамогуць зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі.

Сёння сітуацыя іншая.

- Як вы апынуліся на пасадзе старшыні прафзвязу РЭП?

- Прафзвязу РЭП тады не існавала. Тады існавалі два абласныя абкамы саюзнага прафзвязу: Менскі і Віцебскі, а астатнія прадпрыемствы наўпрост падпарадкоўваліся ЦК прафзвязу радыёэлектронікі СССР. Ужо была прынятая пастанова аб прызначэнні новага старшыні - ім павінен стаць кіраўнік Менскага абкама. Гэта ведаў і тагачасны кіраўнік ФПБ Ганчарык.

Мы надумалі стварыць свой прафзвяз, хоць Масква была катэгарычна супраць. На кватэры ў аднаго з актывістаў у Зялёным Лузе напісалі свой статут прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Праехаліся па шэрагу буйных прадпрыемстваў (Інтэграл, МВАВТ, Электрамеханічны) і прапанавалі старшыням прафкамаў узначаліць новы прафзвяз. У адказ чулася: мне зручней каля завадской трубы.

З'езд прафзвязу прайшоў у два туры, і нікога не абралі старшынём з двух спроб. З трэцяга разу старшынём абралі мяне (цяпер старшыня прафзвязу РЭП абіраецца таемным галасаваннем). Мая кандыдатура нікім загадзя не планавалася, а народ з'ехаўся з усёй Беларусі. Першыя словы пасля з'езду, якія я пачуў ад простых людзей былі: мы перамаглі мафію.

- Як змянілася дзейнасць прафзвязу з прыходам да ўлады Лукашэнкі?

- Ужо 26 гадоў я кірую прафзвязам. Кажуць, ты ва ўладзе даўжэй, чым Лукашэнка. Безумоўна, сваю кар'еру можна было рабіць па-іншаму. У свой час Міністэрства прамысловасці прапаноўвала пайсці кіраўніком усялякага вытворчага аб'яднання, усялякага прадпрыемства - на выбар. Прапаноўвалі добры аўтамабіль, кватэру... Але тут жа пісалі цыдулку: "Не згаджайся" - і палілі яе.

Памятаю, як цяжка даводзілася радыёэлектроннай прамысловасці пасля канверсіі - без замоў. Тады рыхтавалі ўказ прэзідэнта №47 "Аб канверсіі", які кіраўнікі прадпрыемстваў ніяк не маглі прадоўжыць. Прасілі ў прафзвязу дапамогі. І ў адну з субот мы селі і ўсё абдумалі, сабраўшы выбітных эканамістаў. І праз два-тры тыдні ўказ увайшоў у дзеянне.

Першыя гады пасля прыходу да ўлады Лукашэнка нікога не чапаў - прыглядаўся. Мы праводзілі дэманстрацыі з удзелам 10-15 тысяч чалавек. Аднойчы вывелі на вуліцы 30 тысяч. Пачатак калоны дайшоў да Дома прафзвязаў, а хвост знаходзіўся на плошчы Перамогі. Мы занялі цэлую паласу праезнай часткі, а тагачасны маёр міліцыі Мікалай Дрозд ўсё прасіў: сыдзеце на ходнік, сыдзеце на ходнік.

А ў 1998 годзе паступіў жорсткі загад: Фядыніча не пускаць на прадпрыемствы...

Як раней паведамляў сайт Charter97.org, 1 сакавіка грамадскі рух імя Юрыя Захаранкі "Абаронцы Айчыны" назваў Генадзя Фядыніча лаўрэатам штогадовай прэміі "Рыцар года: з узнятым забралам".

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках