26 красавiка 2024, Пятніца, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Рамашэўская-Гузы: Народ Беларусі кажа Лукашэнку «Баста!»

18
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Народ Беларусі кажа Лукашэнку «Баста!»
АГНЕШКА РАМАШЭЎСКАЯ-ГУЗЫ

У Беларусі склалася абсалютна новая сітуацыя.

Пра гэта ў інтэрв'ю польскаму парталу «wPolityce» (пераклад - Charter97.org) заявіла дырэктака тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

- У Беларусі цяпер праходзяць шматлікія акцыі пратэсту. Што з'яўляецца прычынай незадаволенасці?

- Непасрэдная прычына ў дэкрэце №3, згодна з якім абкладаюцца падаткам усе беспрацоўныя. Важным з'яўляецца тое, што ў Беларусі вырасла беспрацоўе, асабліва ў правінцыі. Людзі не могуць знайсці працу, а цяпер яшчэ павінны за гэта заплаціць падатак. Такая сітуацыя была б ў Валбжыху, у 90-х гадах, калі б хацелі абкласці падаткам усіх беспрацоўных.

Галоўнай прычынай пратэстаў з'яўляецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Краіну за апошнія два-тры гады накрыла рэцэсія. Гэта могуць пацвердзіць нашы калегі з «Белсату», асабліва тыя, хто родам з невялікіх правінцыйных гарадоў, дзе сапраўды драматычная сітуацыя.

Вы таксама павінны звярнуць увагу на той факт, што цяперашнія пратэсты распаўсюджаныя ва ўсёй краіне. Былі пратэсты ў Менску, Гародні, Магілёве ды іншых гарадах, але асабліва інтэнсіўныя ў правінцыі. Людзі там сапраўды даведзеныя да адчаю. Гэтыя пратэсты абсалютна новая з'явай, не падобная да папярэдніх акцыі.

- Што гэта азначае?

- Дагэтуль на вуліцы выходзілі людзі, якія былі апазіцыйна настроеныя ў дачыненні да Лукашэнкі. Можна сказаць, што гэта былі адны і тыя ж асобы. Цяпер стала відавочным тое, што выходзяць абсалютна розныя пласты насельніцтва. Ад самых маладых - да пенсіянераў, рабочых ды інтэлігенцыі. Гэта звязана з пачуццём безнадзейнасці і адчаю.

Я прызнаюся, што я першы раз бачу такога кшталту дэманстрацыі ў Беларусі. Удзельнікі акцый шчыра камунікуюць з журналістамі. Вы можаце пачуць лозунгі: «Годзе!», «Баста!», «Мы не рабы!». Чутныя таксама лозунгі, якія тычацца непасрэдна Лукашэнкі. Людзі кажуць, што ён даняў, годзе, хай сыходзіць - «Лукашэнка, сыходзь!».

Гэта стала справай гонару. Людзі падумалі, што да іх ставяцца як да рабоў, што ўсё, што адбываецца, пераходзіць усе рамкі дазволенага. Ніхто да іх не прыслухоўваецца, чыноўнікі часцяком паводзяць сябе беспрынцыпова. Кошты ў Беларусі вельмі блізкія да польскіх, але ў той жа час заробкі знаходзяцца на ўзроўні 100$ - 200$ - 300$за месяц. Сітуацыя вельмі цяжкая.

- У нас вельмі мала інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Беларуская тэлевізія кажа аб затрыманні анархістаў. Як гэта выглядае напраўду?

- Сярод затрыманых абсалютна розныя людзі. Агулам былі затрыманыя амаль 160 чалавек. Пасля акцыі 15 сакавіка – яшчэ 50. Гэта былі вельмі актуальныя кадры. Наш рэпарцёр быў падчас акцыі ў Магілёве. Нейкія людзі ў цывільным пачалі хапаць людзей, якія разыходзіліся. Усё гэта выглядала так, быццам гэта былі звычайныя мінакі. Там разыгрываліся сапраўдныя жыццёвыя драмы! Мінакі баранілі затрыманых, але тыя, усё адно, былі арыштаваныя. Невядома, куды іх вывезлі.

У Гародні маладзён запісваў на відэа падзеі, якія разгортваліся ў аўтобусе. Пасля дэманстрацыі ў Гародні некалькі «быкоў» ў цывільным пачалі затрымліваць хлопца, людзі спрабавалі іх спыніць, праз хвіліну я ўбачыла, што хлопец, які здымаў усё гэта, напісаў у «Фэйсбуку», што яго таксама затрымліваюць. Такіх прыкладаў хоць адбаўляй. Сапраўды, шматлікая група маладых людзей, якія былі затрыманыя пасля дэманстрацыі ў Менску - анархісты. Анархісты ў Беларусі шмат у чым з'яўляюцца проста моладзевай субкультурай. Хтосьці правільна напісаў у Твітэры: «На захадзе анархісты б'юць шкло і б'юцца з міліцыяй, у Беларусі ж міліцыя б'е анархістаў». У гэтым і ёсць адрозненне. Асноўнай адзнакай іх анархізму было тое, што яны надзелі на твары маскі і білі ў барабаны. Калі дэманстрацыя разыходзілася - яны былі жорстка затрыманыя. Іх цягнулі па зямлі, дзяўчыну цягнулі за валасы. Затрыманні праходзілі ў Менску і Берасці.

- Пратэст у Менску праходзіў з дазволу ўладаў, і ўсё адно былі затрыманні. Чаго ж дамагаліся ўлады?

- Прызнаюся, што гэта вышэй за маё разуменне. З аднаго боку гэтыя пратэсты законныя, але з іншага боку — затрымліваюць людзей. З аднаго боку журналісты могуць бесперашкодна выконваць сваю працу, з другога — улады вядуць сапраўднае паляванне на іх. У Магілёве да пратэстоўцаў выйшаў дэпутат «парламента», які даваў каментар журналісту «Белсату». Хлопец, які браў інтэрв'ю, выкліканы ў суд паводле нейкага абвінавачвання. Я думаю, што праз «парушэнні правілаў дарожнага руху». Наша карэспандэнтка, якая вяла онлайн-трансляцыю ў Оршы, правяла ноч у турме, а ў пасля была аштрафаваная. Іншы блогер атрымаў 15 дзён арышту. Такім чынам, з аднаго боку ўлады дазваляюць праводзіць гэтыя дэманстрацыі — з другога затрымліваюць журналістаў.

У краіне дзеецца сапраўдны хаос. Правільна кажуць: калі Бог хоча каго пакараць, ён забірае розум. Каб у галаву прыйшла ідэя стварэння падатку на «дармаедства» ў той момант, калі беспрацоўе расце — трэба цалкам страціць сувязь з рэальнасцю. Яны думаюць, што ў краіне адны акулы ценявога рынку, якія не плацяць падаткі. Напраўду там сотні тысяч бедных людзей у роспачы. Гэта людзі, якія бяруць крэдыты, каб купіць абутак. Дзіўна, што не толькі беларускія ўлады цалкам адарваныя ад рэальнасці. Нашы веды на гэтую тэму таксама практычна нулявыя. У Беларусі не так добра, як у нас паказваюць. Кепска, а цяпер робіцца яшчэ горш.

- У якім становішчы знаходзіцца Лукашэнка?

- На мой погляд, сітуацыя ў якой ён апынуўся ў апошнія гады - жудасная. Ягоны ўласны народ у вельмі цяжкай сітуацыі кажа яму: «Баста!». Я не да канца разумею, што адбываецца. Але тое, што адбываецца, кардынальна адрозніваецца ад таго, што было раней. Звычайныя людзі, часам электарат Лукашэнкі, кажуць, што ён іх даняў. Цікава, ці быў бы ў яго хоць найменшы шанец перамагчы ў справядлівых выбарах? Я перакананая, што не. Людзі кажуць яму: «Сыходзь», а за спінай стаіць Пуцін. Ён не ведае як сябе паводзіць з Пуціным. Грошай няма, эканоміка абсалютна раскіданая.

Стаўка на Лукашэнку ў Польшчы абсалютна не апраўданая. Што ён можа нам даць? Цяпер урад у крызісе, спробы дыялогу з такой уладай пазбаўленыя ўсялякай логікі, прагматычнай і палітычнай.

- Вы ўстурбаваныя тым, што на Захадзе нічога не гаворыцца аб тым, што адбываецца ў Беларусі?

- Гэта выклікае трывогу. Тым не менш, вядома, што ідэі аб «перазагрузцы» зыходзілі не толькі ад Польшчы. Гэта ў тым ліку і ідэі Захаду. Гэта не выпадкова, што ў Беларусі аб'яўлены саміт АБСЕ, у той час як у Беларусі ўжо доўгі час праходзяць акцыі пратэсту, нават у тых гарадах, у якіх іх ніколі не было. Разуменне таго, што цяпер адбываецца за нашай усходняй мяжой — вельмі слабое. Менавіта Польшча ў гэтай сітуацыі павінна была несці «агонь асветы», але, да на вялікі жаль, гэтага не адбываецца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках