25 красавiка 2024, Чацвер, 3:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча адмаўляецца набываць электраэнэргію з БелАЭС

46
Польшча адмаўляецца набываць электраэнэргію з БелАЭС
Источник: biznesalert.pl

Польшча падтрымлівае пратэст Літвы ў дачыненні да будаўніцтва БелАЭС.

Пра гэта заявіў журналістам упаўнаважаны польскага ўрада ў пытаннях стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі, піша выданне BiznesAlert.pl (пераклад – tut.by).

– Не будзем набываць электраэнэргію ў Астраўцы. Кропка. Кампанія PSE (Польскія электрасеткі) прыступіць да разборкі лініі электраперадачы Беласток – Рось, – сказаў ён.

Адна з прычынаў – «дэсінхранізацыя энэргетычных сістэмаў» краінаў Балтыі, Беларусі і Расеі.

Наімскі таксама сказаў, што Польшча падтрымлівае пратэст Літвы ў дачыненні да будаўніцтва БелАЭС. «Калі электрастанцыя будзе пабудаваная, то яна павінна адпавядаць усім стандартам бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя», – падкрэсліў ён.

Восенню 2016 года прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў прапаноўваў Польшчы супрацоўніцтва ў пытаннях паставак электраэнэргіі з будучай АЭС. «Польскі бок мог бы скарыстацца гэтай электраэнэргіяй або транзітаваць яе далей, у Еўрапейскі Звяз, – сказаў кіраўнік беларускага ўрада. – Ва ўсякім выпадку, гэтая тэма актыўна ў свой час вывучалася, і я думаю, яна мае перспектыву».

Нагадаем, Літва, якая выступае праціўнікам будаўніцтва БелАЭС, заклікала суседнія дзяржавы не набываць электраэнэргію ў Астраўцы. Літоўскі міністр энэргетыкі Рокас Масюліс звярнуўся да міністраў Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі з прапановай абмеркаваць пытанне набыцця электраэнэргіі ў трэціх краінаў, якія будуюць небяспечныя АЭС.

У лютым сёлета намеснік міністра энэргетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі заявіў, што ў Еўразвязе «ёсць палітычны складнік, блакіроўка пакуль прысутнічае». «Яны, вядома, баяцца, што хлыне туды танная расейская электраэнэргія», – сказаў ён (цытата паводле РІА «Навіны»).

Чыноўнік мяркуе, што тэхнічныя магчымасці экспарту электраэнэргіі ў Польшчу ёсць у астраўным рэжыме, «але, па-добраму, трэба рабіць устаўку пастаяннага току і вызначаць нейкі аб'ём, але ён павінен быць эканамічна абгрунтаваны, гэта значыць той бок павінен разумець, што трэба заключаць нейкі доўгатэрміновы кантракт, каб мы маглі ўстаўку акупіць». «Але ў нас задача пабудаваць устаўку пастаяннага току на тэрыторыі Польшчы, не на нашым, каб у нас ажыццяўляўся экспарт электраэнэргіі ў Еўропу», – сказаў Закрэўскі.

ЛЭП «Рось – Беласток» напругай 220 кв была пабудаваная ў 1962 годзе і працавала да 1994 года. У 2000 – 2005 гадах яе задзейнічала для транзіту расейскае РАТ «ЕЭС Расеі». У сярэдзіне 2000-х гадоў «Белэнэрга» вяло перамовы з PSE на пастаўку электраэнэргіі з Бярозаўскай ГРЭС «Белэнэрга». Тады ж Беларусь афіцыйна накіроўвала ў Еўракамісію прапанову ў стварэнні электраэнэргетычнага транспартнага кальца з ЕЗ, але паводле розных прычынаў яму не быў дадзены ход.

Беларуская АЭС узводзіцца побач з Астраўцом за 50 кіламетраў ад Вільні. Крэдыт для будаўніцтва вылучыла Расея. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на 2019 г., другога – да 2020.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках