26 красавiка 2024, Пятніца, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Самсонаў чацвёртым разам выйграў Belarus Open

3
Уладзімір Самсонаў чацвёртым разам выйграў Belarus Open
УЛАДЗІМІР САМСОНАЎ
ФОТА: BTTF.BY

У фінальным паядынку беларус падолеў прадстаўніка Польшчы.

Легенда беларускага настольнага тэніса Уладзімір Самсонаў выйграў адкрыты чэмпіянат Беларусі, які завяршыўся 19 сакавіка ў менскім Палацы тэніса, паведамляе tut.by.

У фінальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду спаборнікам Уладзіміра Самсонава, якому 17 красавіка споўніцца 41 год, быў 33-гадовы прадстаўнік Польшчы Ван Цзэн І. Беларус выйграў з лікам 4:2 (11-8, 11-5, 8-11, 9-11, 11-5, 11-5).

Пасля чатырох партый лік у фінальным паядынку быў роўным (2:2), аднак затым Самсонаў эфектыўна скарыстаўся вялікай колькасцю нявымушаных памылак з боку спаборніка і давёў матч да перамогі.

Уладзімір Самсонаў і Ван Цзэн І ўжо сустракаліся ў фінале Belarus Open у 2014 годзе, і тады перамогу таксама здабыў беларус.

Уладзімір Самсонаў стаў ужо 4-кратным пераможцам адзіночнага разраду на адкрытым чэмпіянаце Беларусі.

— Вельмі задаволены, што выйграў гэты турнір. Дзякую ўсім гледачам, сапраўды, падтрымка трыбун мне вельмі дапамагала. Матч атрымаўся цяжкім, усе сэты прайшлі на роўных. У фінале заўсёды гуляць няпроста. Планую цяпер заняцца здароўем, праз частыя матчы і пераезды няма часу на аднаўленне, — прыводзіць словы Уладзіміра Самсонава афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі настольнага тэніса.

У адзіночным разрадзе ў жанчын выйграла званне чэмпіёнкі японка Хітом Сато. У фінальным паядынку яна перамагла сваю суайчынніцу Хоноку Хашымота з лікам 4:1.

У мужчынскім парным фінале сустракаліся Ван Цзэн І/Горак (Польшча) і японцы Кізукуры/Такамі. Упэўненую перамогу з лікам 3:0 атрымалі польскія тэнісісты.

У парным разрадзе ў жанчын золата здабылі японкі Місакі Марызана і Міу Като. У фінале яны падолелі прадстаўніц Тайбэя Лін/Лін з лікам 3:1.

Адкрыты чэмпіянат Беларусі па настольным тэнісе праводзіцца ў Менску з 2008 года. Практычна з першага года яго правядзення Міжнародная федэрацыя настольнага тэніса ўключыла яго ў міжнародны каляндар — у серыю прафесійных турніраў пад агульнай назвай Пра Тур (Pro Tour).

Пачынаючы з 2013 года гэтыя турніры перайменавалі ў World Tour (сусветны тур). Яны, у сваю чаргу, дзяліліся на тры катэгорыі па змяншэнні: Premium, Major, Challenge. Беларускі турнір належыць да трэцяй катэгорыі Challenge. Залежала гэта ад сумы прызавога фонду (у Менску яна складае 35 тысяч даляраў ЗША), а таксама ад многіх іншых фактараў. З 2017 года турнір Belarus Open перайшоў у новы клас турніраў ITTF Challenge (не ўваходзіць у серыю сусветнага тура). Прызавы фонд у гэтым годзе павялічаны да 40 тысяч даляраў, акрамя таго, турнір здабыў тытульнага спонсара — страхавую кампанію «Белдзяржстрах».

Спаборніцтвы доўжыліся пяць дзён (15-19 сакавіка) і праводзіліся ў юніёрскай (U21) і дарослай узроставых катэгорыях.

10-ы, юбілейны, турнір Belarus Open прыняў блізу 200 удзельнікаў з 29 краін (рэкордная колькасць для адкрытага чэмпіянату Беларусі). Менск наведалі 8 гульцоў з першай сотні мужчынскага сусветнага рэйтынгу і 16 прадстаўніц з найлепшай жаночай сотні планеты.

Трэнерскі штаб каманды Беларусі разглядаў турнір як адзін з асноўных этапаў падрыхтоўкі перад асабістым чэмпіянатам свету, які пройдзе з 29 траўня да 5 чэрвеня ў Дзюсельдорфе (Нямеччына).

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках