26 красавiка 2024, Пятніца, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча салідарная са змагарнай Беларуссю

12
Польшча салідарная са змагарнай Беларуссю

У Сейме Польшчы адбылося экстраннае пасяджэнне Камісіі замежных спраў у сувязі з крызіснай сітуацыяй у Беларусі.

Пасяджэнне камісіі вялі лідар партыі «Грамадзянская платформа», былы міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына і намеснікі старшыні камісіі Роберт Тышкевіч («Грамадзянская платформа» і Пшэмыслаў Чарнецкі («Права і справядлівасць»).

Многія лідары беларускай апазіцыі не змаглі прыехаць на пасяджэнне, бо знаходзяцца пад арыштам. У Сейме Польшчы выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Стральцоў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, намеснік старшыні руху «За свабоду» Галіна Скараход, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Бастунец, дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы і іншыя.

На пасяджэнні прысутнічалі дэпутаты ўсіх партый Сейма.

Адкрываючы пасяджэнне камісіі, Гжэгаж Схетына адзначыў, што ў сувязі з масавымі арыштамі грамадзянскіх і палітычных актывістаў сёння неабходна ўсім у свеце гучна казаць аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і праве беларусаў на свабоду слова і свабоду сходаў. «Палякі вельмі добра разумеюць імкненне беларусаў да свабоды і незалежнасці», - сказаў лідар партыі «Грамадзянская платформа».

Роберт Тышкевіч выказаў салідарнасць з арыштаванымі кіраўнікамі апазіцыйных партый у Беларусі Анатолем Лябедзькам, Віталём Рымашэўскім, Паўлам Севярынцам і Юрыем Губарэвічам, а таксама сотнямі іншых людзей.

Адзін з лідараў БНК Уладзімір Някляеў заявіў, што сёння Польшча павінна быць салідарнай з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, інакш ёсць пагроза, што сітуацыя ў краіне можа вярнуцца ў 2010 год, калі беларускі рэжым «адкінуў Беларусь ад еўрапейскага шляху мінімум на 7 гадоў».

Някляеў заклікаў Польшчу «не разменьваць дэмакратычную будучыню Беларусі на гандаль з беларускім рэжымам». Пры гэтым палітык прадэманстраваў польскі яблык, які ён купіў у менскай краме, і сказаў: «Нельга моўчкі закрываць вочы на тое, што сёння робіць у Беларусі Лукашэнка, праз яблыкі». Лідар БНК заклікаў Польшчу прадаўжаць падтрымку «Белсату», сайта Charter97.org, «Радыё Рацыя» і іншых медыяў.

Алесь Бяляцкі заявіў, што сёння ў Беларусі склалася «новая ранейшая сітуацыя». З лютага ў краіне праходзяць масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя эканамічнымі прычынамі, але ўдзельнікі якіх вылучаюць і палітычныя патрабаванні – адстаўка Лукашэнкі і правядзенне ў краіне свабодных выбараў. Праваабаронца заклікаў Польшчу звярнуць увагу, што сотні чалавек сёння знаходзяцца пад арыштам, а частка людзей знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ паводле крымінальных артыкулаў. «Новая сітуацыя патрабуе новых адказаў. Неабходна хутка рэагаваць на тое, што адбываецца. Таксама цяпер нельга скарачаць падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. Наадварот, сёння трэба яе павялічваць», - сказаў Бяляцкі.

Ірына Вештард заклікала Еўропу «дапамагчы беларусам, якія знайшлі ў сабе сілы і выйшлі на адкрыты пратэст на вуліцы» і таксама падтрымаць незалежную прэсу.

Зміцер Бандарэнка заявіў, што ў Беларусі цяпер склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Паводле яго слоў, нягледзячы на спробы ўладаў вярнуцца ў 2010 год, сітуацыя іншая, бо эканамічнае становішча ў краіне крытычнае і ў Лукашэнкі сёння няма грошай.

«У рэвалюцыйнай сітуацыі лідарам апазіцыі стаў Мікалай Статкевіч, мужны чалавек, які правёў у зняволенні агулам блізу 8 гадоў. Калі яго і Уладзіміра Някляева ў найбліжэйшы час затрымаюць, неабходны жорсткі адказ Захаду. Польшча павінна супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі толькі ў адным пытанні – арганізацыі ўнутрыбеларускага дыялогу і «круглага стала» ўлады і апазіцыі», - сказаў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Дзяніс Садоўскі заявіў, што «беларускі народ, які даведзены да адчаю, выйшаў на вуліцы і яму патрэбная падтрымка». Палітык параўнаў тое, што адбываецца ў Беларусі, з 1937 годам. «Нельга маўчаць, нельга заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў нашай краіне», - сказаў сустаршыня БХД.

Наталля Радзіна адзначыла, што яшчэ ў снежні 2016 года, таксама на пасяджэнні Камісіі ў замежных справах Сейма Польшчы, папярэджвала, што ў Беларусі пачнуцца масавыя акцыі пратэсту праз значнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Аднак замест падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі толькі ўзмацніліся сувязі афіцыйных Менска і Варшавы і пайшлі размовы аб закрыцці тэлеканала «Белсат».

Галоўная рэдактарка Charter97.org заклікала неадкладна адказаць санкцыямі на арышты людзей у Беларусі, сказаўшы, што сама ў 2010 годзе была ў турме КДБ і ведае на сваім досведзе, што там людзей катуюць. «Дыялог з афіцыйным Менскам у Еўропы можа быць толькі ў адным пытанні – у пытанні прымусу беларускіх уладаў да «круглага стала» з апазіцыяй», - сказала Радзіна.

Андрэй Бастунец распавёў аб затрыманні ў Беларусі незалежных журналістаў і заклікаў Польшчу прадаўжаць падтрымку беларускіх незалежных медыяў.

Дырэктар польскага Фонду міжнароднай салідарнасці, былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі таксама заявіў аб неабходнасці ўзмацнення падтрымкі незалежных медыяў і праваабарончых арганізацый, адзначыўшы, што ён сам сядзеў у турме падчас камуністычнай акупацыі Польшчы і разумее, наколькі важная салідарнасць з рэпрэсаванымі ды іх сем'ямі.

Дэпутат Сейма Польшчы Анджэй Халіцкі спадзяецца, што Беларусь стане хутка свабоднай і адзначыў, што абавязак Польшчы – дапамагчы беларусам хутчэй дасягнуць гэтай мэты. Ён запэўніў, што будзе рабіць усё, каб прадоўжылася падтрымка тэлеканала «Белсат», сайта Charter97.org і «Радыё Рацыя», у тым ліку дэпутаты Сойма будуць апеляваць да ўраду Польшчы ўзмацніць падтрымку беларускага дэмакратычнага грамадства.

Алесь Зарэмбюк зачытаў зварот беларусаў да Сейма і Сената Польшчы, які быў падпісаны ўсімі беларускімі ўдзельнікамі слуханняў:

«Сёння Беларусь перажывае цяжкую сітуацыю. Няўдалая эканамічная палітыка беларускіх уладаў за апошнія 22 гады прывяла да вострага эканамічнага крызісу. Гэты крызіс выклікаў хвалю сацыяльных пратэстаў, якія прадаўжаюцца ў Беларусі ўжо другі месяц. Узмацніліся таксам рэпрэсіі супраць польскай дыяспары. У той жа час сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш цяжкай. Разам з эканамічнай катастрофай і пагрозай з боку Расеі ў краіне спее сур'ёзны маральны, культурны і духоўны крызіс.

Менавіта ў гэтую цяжкую хвіліну незалежная Беларусь мае патрэбу ў дапамозе з боку самага блізкага суседа Польшчы і ўсяго Еўрапейскага Звязу. Мы павінны выпрацаваць спосабы, каб схіліць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і кампрамісу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.

Толькі кампраміс і перамовы ўладаў з апазіцыяй могуць сёння выратаваць незалежнасць Беларусі і спыніць падзенне краіны ў глыбіні сацыяльнага хаосу і рэгіянальнай нестабільнасці. Самі беларускія ўлады не ў стане гэтаму перашкодзіць.

У імя адказнасці за будучыню Беларусі, беларускае грамадства павінна стаць часткай палітычнага працэсу і мірных перамен унутры краіны. Мяркуем, што для будучыні Беларусі і ўнутранага кансэнсусу ў найбліжэйшай будучыні павінны быць арганізаваныя дэмакратычныя выбары, згодна з дэмакратычнымі нормамі, згодна з прадпісаннямі, якіх прытрымліваюцца ва ўсім вольным свеце – свабодная палітычная канкурэнцыя, галоснасць і сумленны падлік галасоў.

Звяртаемся да ўладаў Рэспублікі Польшча – найбліжэйшага гістарычнага і этнічнага суседу – з просьбай аб падтрымцы нашых дзеянняў, накіраваных на правядзенне дыялогу паміж уладамі і беларускім грамадствам. Нададзенае раней нашаму народу сяброўства, дабрыня, а таксама досвед Польшчы, сёння нам асабліва патрэбныя для захавання незалежнасці Беларусі. Незалежнасць Беларусі з'яўляецца таксама глыбінным інтарэсам Польшчы».

Паводле вынікаў пасяджэння Камісія замежных спраў прыняла пастанову:

«Пазіцыя Камісіі замежных спраў Сейма Рэспублікі Польшча, прынятая на пасяджэнні 23 сакавіка 2017 года, аб пытанні крызісу ў Беларусі

Камісія замежных спраў Сейму Рэспублікі Польшча выказвае глыбокую занепакоенасць хваляй рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, незалежных журналістаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі. Настойліва патрабуем ад менскіх уладаў неадкладнага спынення пераследу і вызвалення ўсіх арыштаваных і асуджаных. Камісія выказвае сваю салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій, іх сем'ямі і блізкімі.

Асабліва мы выступаем за вызваленне Анатоля Лябедзькі, Юрыя Губарэвіча, Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага – арыштаваных лідараў беларускай апазіцыі, якіх сёння мы спадзяваліся прымаць у гасцях на пасяджэнні нашай камісіі.

Камісія замежных спраў звяртаецца да Ураду Рэспублікі Польшча аб неадкладным умяшанні і абароне рэпрэсаваных у Беларусі. Таксама мы чакаем таго, што рэагуючы на парушэнне грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабодаў, Урад Рэспублікі Польшча будзе прадаўжаць падтрымку і створыць новыя ініцыятывы для падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, асабліва для незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый.

Камісія замежных спраў выказвае ўпэўненасць, што адзіным спосабам пераадолення сацыяльнага і эканамічнага крызісу, які сёння закрануў Беларусь, з'яўляецца распачынанне ўладамі дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй. Дзеянні на сустрэчу дыялогу і дэмакратызацыі, спыненне рэпрэсій, павінны быць адзінай умовай для нармалізацыі палітычных стасункаў паміж Беларуссю і Польшчай, Беларуссю і Еўрапейскім Звязам».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках