26 красавiка 2024, Пятніца, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80-гадовы паэт, які ўцёк з аўтазака: Я пайду на ўсе нашыя акцыі разам з дочкамі

24
80-гадовы паэт, які ўцёк з аўтазака: Я пайду на ўсе нашыя акцыі разам з дочкамі
ЯН ГРЫБ

Нягледзячы на ўзрост і на перанесены інфаркт, Ян Грыб абяцае зноў выходзіць на акцыі.

Ян Грыб, 80-гадовы беларускі паэт разам з дачкой пайшоў на акцыю 25 сакавіка ў Менску. А замест шэсця і свята ўбачыў жорсткі разгон мірных грамадзян.

Не вытрымаўшы відовішча беспадстаўнага гвалту над беларусамі, Ян Грыб звярнуўся да афіцэра, які стаяў побач. У адказ апынуўся ў аўтазаку побач з іншымі затрыманымі. Калі іх пачалі пераводзіць з аўтазака, паэт скарыстаўся момантам збянтэжанасці і шчасна ўцёк.

Ян Грыб распавядае belsat.eu пра момант свайго затрымання:

«Знайшоўся малады жвавы хлопец, які рвануў у адкрытыя дзверы, уключыў усю сваю хуткасць і за ім амапаўцы кінуліся наўздагон. І паміж амапаўцамі ўтварылася такая дзірка вялікая і мітусня. А я ж паляўнічы, я хітры. Я ў гэтую дзірку ціхенька прабраўся... адышоў і думаю, каб за мной не пагналіся, я буду моцна кульгаць. І пачаў кульгаць, а сам азіраюся — не, не пабеглі», — распавядае Ян Грыб.

Дачку паэта абышла бокам забава пакатацца ў аўтазаку.

Дзеці паэта з дзяцінства ходзяць разам з ім на вулічныя акцыі і носяць бел-чырвона-белыя сцягі. Аднойчы дзяўчаткі нават выратавалі яго ад гвалту. На адной з акцый у 90-я гады міліцыянт збіраўся ўдарыць паэта дубінкай па галаве.

Ян Грыб аб сваім досведзе ўдзелу ў вулічных акцыях:

«У маёй Танюшкі была сетка з малаком, і яна гэтай сеткай міліцыянта выцяла і кажа: Гэта мой бацька! Што ты робіш! І ён сцяўся, бо гэта ж дзеці, а ён усё ж чалавек, нягледзячы на шалом і нашыўкі».

Не палохаюць паэта ні міліцыянты ў масках і са шчытамі, ні перспектыва быць закінутым у аўтазак. Нягледзячы на ўзрост і на перанесены інфаркт, ён абяцае зноў выходзіць на акцыі.

«Я хоць напаўмёртвы буду, але пайду. Мяне не запалохаць, хіба што забіць. Я пайду на ўсе нашыя акцыі, і дачушкам скажу, каб хадзілі».

Ян Грыб нарадзіўся ў 1936 годзе, друкаваўся ў перыёдыцы, выдаў зборнік вершаў «На сваёй зямлі». Паляўнічы і паэт, ён таксама з'яўляецца арганізатарам фэстаў беларускай культуры.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках