26 красавiка 2024, Пятніца, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны не ведае, колькі вайскоўцаў на расейскіх базах у Беларусі

18
Мінабароны не ведае, колькі вайскоўцаў на расейскіх базах у Беларусі
ФОТА: MK.RU

Вайскоўцы, якія прыедуць на вучэнні «Захад-2017», далучацца да тых , якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі краіны.

Кіраўніцтва Расеі не адмовілася ад ідэі размясціць у Беларусі дадатковы вайсковы кантынгент. Не выключана, што Масква скарыстаецца супольнымі беларуска-расейскімі вайсковымі вучэннямі «Захад-2017». Такое меркаванне выказаў расейскі палітолаг Аляксандр Сыцін, паведамляе «Еўрарадыё».

“Скажуць, да прыкладу, што пагроза NATO расце, што вы самі не справіцеся, калі нападзе NATO, што трэба ахоўваць радыёлакацыйную станцыю, ці яшчэ нешта такое. Прынамсі, паспрабуюць гэта зрабіць і паглядзяць, як Беларусь на гэта адрэагуе”, ― разважае Сыцін.

Сёння на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць дзве расейскія базы: у Ганцавічах размешчаная радыёлакацыйная станцыя «Волга», а ў Вілейцы ― станцыя радыёсувязі 43-га вузла ВМФ РФ. Першая база ― гэта сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, другая ― забяспечвае сувязь з атамнымі падводнымі лодкамі і адначасова працуе на ваенна-паветраныя сілы, касмічныя войскі ды праводзіць радыётэхнічную выведку і радыёэлектронную барацьбу. Важныя аб’екты. Але на якой падставе дадатковыя расейскія ваенныя могуць “далучыцца” да тых, якія там ужо знаходзяцца? Дарэчы, колькі на базах у Ганцавічах і Вілейцы сёння расейскіх ваенных? Звяртаюся ў Міністэрства абароны Беларусі з гэтым пытаннем. Але, як высвятляецца, там гэтага… не ведаюць.

«У мяне такой інфармацыі няма. Гэта, як кажуць, не наша кампетэнтнасць. Тым больш, што гэта не ваенныя базы ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Таму я папрашу вас звярнуцца непасрэдна да іх і там задаць сваё пытанне», ― нечакана адказвае кіраўнік прэс-службы Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў.

Са слоў беларускага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, колькасць расейскіх ваенных на базах у Беларусі і ўсе нюансы працы гэтых баз прапісаныя адпаведнымі дакументамі. Вось толькі дакументы тыя ― “сакрэтныя”, па словах Алесіна, яму не далі з імі азнаёміцца.

«Там сур’ёзныя аб’екты з развітай інфраструктурай, колькасць ваенных я магу назваць прыблізна: дзесьці больш, дзесьці менш, але на кожным ― у межах 400 чалавек. Але ў выпадку, калі колькасць ваенных на гэтай базе будзе павялічаная на колькасць, большую ўзгодненай, то гэта падлягае новаму ўзгадненню. Бо гэты аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы», ― кажа Алесін.

Аляксандр Сыцін сумняваецца, што Расея, калі ёй гэта будзе патрэбна, стане прытрымлівацца раней падпісаных дамоўленасцяў.

Як раней паведамляў сайт Charter97.org, многія экспэрты выказваюць устурбаванасць вучэннямі «Захад-2017», бо яны нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках