26 красавiка 2024, Пятніца, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзены пераклад на беларускую мову «Яўгенія Анегіна»

14
Знойдзены пераклад на беларускую мову «Яўгенія Анегіна»

Пераклад знакамітага рамана ў вершах разглядаўся як згублены 80 гадоў.

Як паведаміла tut.by даследчыца літаратуры і выкладчыца Ганна Севярынец, першы поўны пераклад знакамітага рамана ў вершах належыць паэту Алесю Дудару, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.


АЛЕСЬ ДУДАР. ФОТА З АРХІВА ЛЯВОНА ЮРЭВІЧА

Як распавяла Севярынец, у сярэдзіне 1930-х гадоў пачалася падрыхтоўка да 100-гадовага юбілею з дня смерці Пушкіна, які ладзіліся шырока адзначаць у 1937 годзе. Камісію перакладаў узначаліў Янка Купала. Менавіта ён размеркаваў паміж беларускімі пісьменнікамі творы, якія тыя мелі перакласці. Напрыклад, Тодару Кляшторному дастаўся «Каменны госць», сам Янка Купала ўзяў сабе «Меднага конніка», а вось Алесю Дудару выпаў гонар перакласці «Яўгенія Анегіна». Паводле слоў Севярынец, у газэтах таго часу пісалі, што беларускія пісьменнікі сабатуюць імпрэзы і не здаюць пераклады. Дудар і Кляшторны былі адзінымі, хто здаў рукапісы ў тэрмін.

Тэкст «Яўгенія Анегіна» паспелі агучыць па-беларуску — паэт чытаў яго на творчым вечары, а праз рэпрадуктары ягоны выступ пачуў увесь Менск.

Неўзабаве Алесь Дудар быў арыштаваны і ўночы з 29-га на 30 кастрычніка 1937 года расстраляны ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКВД. Тады былі забітыя больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратары, дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы. Гэтая трагічная дата ўвайшла ў гісторыю пад назвай «ноч забітых паэтаў».

ГАННА СЕВЯРЫНЕЦ. ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY

«Яўгеній Анегін» у перакладзе Дудара так і не быў выдадзены. Са слоў даследчыцы, пераклад доўгі час уважаўся за згублены, былі вядомыя толькі некалькі фрагментаў рамана. Першая частка рамана была апублікаваная ў газэце «Літаратура і мастацтва» (у Беларусі захаваўся толькі адзін паасобнік гэтага нумара), трэцяя — у часопісе «Полымя».

Як падкрэслівае Севярынец, найбольшую вядомасць атрымаў пераклад «Яўгенія Анегіна», які пазней зрабіў Аркадзь Куляшоў. Але тэкст Дудара стаў базай, на якую арыентаваўся як аўтар «Алесі», так і іншыя беларускія пісьменнікі.

Севярынец уважае знаходку перакладу за цуд, бо ў беларускіх архівах захаваліся толькі чатыры лісты і пяць фатаграфій Дудара. Астатнія рукапісы зніклі. Наша суразмоўца спадзяецца, што матэрыялы, якія яна выявіла ў сваякоў паэта, далёка не астатнія.

Ганна Севярынец ласкава дала пачатак перакладу, зробленага Алесем Дударом.

І

«Мой дзядзька правіл беззаганных,

Як не на жарты захварэў,

Узяў ён да сябе пашану

І лепш прыдумаць не ўмеў.

Яго пачын — другім навука.

Ды божа мой! Што за дакука

Пры хворым дні і ночы быць

І ні на крок не адступіць!

Якая нізасць і двудушша

Канаючага забаўляць,

З журбою лекі падаваць

І папраўляць яму падушкі

Уздыхаць і думаць пра сябе:

Калі ж ухопіць чорт цябе!

ІІ

Так разважаў юнак свавольны

У дарозе на перакладных

З вышэйшай Зеўсавае волі

Наследнік сваякоў сваіх.

Чытач Людмілы і Руслана!

З героем гэтага рамана

Не трацячы на ўступы час

Дазвольце пазнаёміць вас.

Анегін, друг мой старадаўні,

На свет радзіўся ля Нявы,

Дзе мо радзіліся і вы,

Або жылі ў долі слаўнай.

Было там весела і мне.

Ды шкодна поўнач для мяне.

ІІІ

Служыўшы спраўна, дасканала

Даўгамі бацька яго жыў,

Даваў ён кожны год тры балы

І ўрэшце ўсё дабро спусціў.

Еўгенію жыццё спрыяла:

Madame за ім перш наглядала,

Пасля monsieur яе змяніў.

Хлапчык жывым і мілым быў.

Monsieur L’Abbe, француз убогі,

Каб хлопчык сіл не марнаваў,

Яго скрозь жартам навучаў,

Не хваляваў мараллю строгай,

Крыху за балаўства ўшчуваў

І ў Летнім садзе з ім гуляў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках